Политика
Зміцер Панкавец, Наша Ніва

Статкевіч пра Дзень Волі: Я гатовы на кампраміс, але шэсце абавязкова мусіць быць

Былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч пракаментаваў прапановы ўладаў адносна святкавання Дня Волі ў цэнтры горада, але без шэсця па вуліцах.

— Я гэта пакуль што называю «нібыта прапановы». Афіцыйнага адказу мы не атрымалі, ніхто не выклікаў на размову заяўнікаў акцыі. Гэта ўсё было сказана толькі аднаму з сяброў аргкамітэта. Маўляў, адмоўцеся ад шэсця па цэнтры горада на карысць мітынгу і канцэрта ў парку Янкі Купалы. Мы будзем абмяркоўваць гэтыя «прапановы» сёння ўвечары, — адзначыў Статкевіч у інтэрв’ю «Нашай ніве».

Па словах палітыка, святкуючы Дзень волі, беларусам вельмі важна прадэманстраваць рашучасць і фармат святкавання павінен адпавядаць гэтай мэце.

— Шэсце павінна быць. Калі гэта ўсё ж прапанова, то я вітаю гатовасць уладаў да кампрамісаў. Я гатовы прыняць іх прапанову наконт месца завяршэння акцыі ў парку. Натуральна, што плошча Свабоды больш адпавядае і месцам, і назвай, але, калі ўлады ідуць насустрач, то што ж, мы можам зразумець іх матывы, — адзначыў Статкевіч. — Хай мяне асудзяць калегі, але я гатовы прыняць гэтае месца для завяршэння акцыі. Усё ж жыццё часам патрабуе кампрамісаў. Я б пагадзіўся на Оперны, як месца завяршэння. Мы маглі прайсці шэсцем ад плошчы Якуба Коласа да Опернага — гэта мая пазіцыя.

Ён не разумее кіраўнікоў палітычных партый, якія ўхапіліся за ўкінутае меркаванне, што «давайце святкаваць».

— А давайце пойдзем гарэлку піць па хатах. Калі ласка, ідзіце! У каго ёсць мужасць і годнасць, то давайце разам праявім яе, а пасля пойдзем у кавярні. У каго няма мужнасці і годнасці, то ідзіце адразу піць. І не замінайце тым, хто захаваў у сабе гэтыя якасці, — заключыў палітык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)