Статкевіч: «Канцэртамі свабоду не заваюеш»

Мікалай Статкевіч, які ў Дзень Волі збіраўся правесці з паплечнікамі несанкцыянаванае шэсце ад сталічнай плошчы Якуба Коласа, распавёў «Народнай Волі» пра сваё нечаканае вызваленне вечарам.

Фота svaboda.org

— Ці былі ў вас думкі, што выпусцяць вас у гэты ж дзень, фактычна адразу пасля завряшэння дазволенага ўладамі канцэрта?

— Я абсалютна гэтага не чакаў. Настройваўся на поўныя дзесяць сутак. Мне ж далі на подпіс паперы ў якіх значыўся гэты тэрмін. Гэта адбылося ў Ленінскім РАУСе. Адтуль адразу павезлі на Акрэсціна. На гадзінніку яшчэ не было 12.00, а я ўжо сядзеў у камеры.

Безумоўна, я ведаў, што тут сядзяць мае калегі. Ідучы калідорам, я закрычаў «Жыве Беларусь!». У некаторых камерах адгукнуліся – я пазнаў голас Уладзіміра Някляева. Праз восем гадзін да мяне ў камеру прыйшлі і сказалі выходзіць з рэчамі. Я падумаў, што гэта звязана з завозам новых зняволенных пасля Дня Волі. Але ў калідоры я ўбачыў іншых актывістаў – Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова, Уладзіміра Някляева.

Безумоўна, мы ўсе былі абураныя такімі нахабнымі паводзінамі сілавікоў: ні за што саджаюць, а потым выганяюць, не даючы адбыць тэрмін. Чаму я абураны? Таму што ведаю – гэтыя судовыя рашэнні нікуды не знікнуць. Атрымліваецца, што я павінен адседзець 240 гадзін, а адседзеў толькі восем, значыць засталося яшчэ 232… Гэта ноу-хау. Прысуд разбіваецца на часткі і ў наступны раз мяне забяруць, калі некаму «прыспічыць…»

Да Уладзіміра Пракопавіча Эдуард Пальчыс заязджаў разам са Змітром Дашкевічам… Ні Пальчыс, ні Дашкевіч да «канцэртнай» апазіцыі не адносяцца. Трэба разумець, у краіне ёсць палітычная апазіцыя, а ёсць грамадскі сектар, які займаецца арганізацыяй канцэртаў, мовай, сімволікай. Гэта шлях малых спраў, і гэта нармальна.

Палітычная апазіцыя павінна працаваць на тое, каб зламаць уладную сістэму ў несвабоднай краіне, а грамадскі сектар павінен працаваць, каб палепшыць сістэму. Такі падзел законны і нармальны, і я ніколі прэтэнзій грамадскім актывістам і грамадскім арганізацыям не прад’яўляў.

— Магчыма вы бачылі фотарэпартажы з Дня Волі ля Опернага тэатра. Як вам?

— У мяне не было часу разглядаць фотарэпартажы, але я, шчыра кажучы, сканцэнтраваўся зараз на іншым – на рэпрэсіях у дачыненні да маіх сяброў і калегаў. Бо дагэтуль выпусцілі не ўсіх. Адзінае, што я ведаю – людзей затрымлівалі нават пасля дазволенага шэсця. Гэта сведчыць пра тое, пра што я ўжо казаў: Беларусь застаецца несвабоднай краінай.

— Напярэдадні запланаванай вамі акцыі і пасля таго, як яна фактычна не адбылася, гучаць меркаванні, што арганізатары шэсця на плошчы Якуба Коласа – правакатары. Маўляў, трэба было пагаджацца на дазволены ўладамі варыянт, і праблем бы не было…

— Я мог бы сказаць, што паважаю меркаванні розных людзей, але скажу шчыра. Тых, хто лічыць, што палітычную дзейнасць у краіне можна весці па законах, напісаных нелегітымнай уладай, я не паважаю. Гэта заўважана даўно і не мной: у несвабоднай краіне кіруючы рэжым напіша такія «законы», якія немагчыма памяняць ніколі.

Канцэртамі свабоды мы не заваюем. Людзі, якія лічаць наадворот, проста прызвычаіліся да сітуацыі. Таму і наракаюць на тых годных і мужных людзей, якія выходзяць, каб паказаць Беларусі і свету, што не ўсе тут рабы…

Празднование юбилея БНР: 7 удивительных моментов

Апошняя спроба зразумець Статкевіча

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)