Стась Карпаў: «Пратэст сам па сабе быў не для вывешвання БЧБ, мітынгі былі не для мітынгаў»

Яны былі для новага народа, лічыць блогер.

— Нядаўна пабіў я каробку з яйкамі ў краме. Не па сваёй, дарэчы, віне. А таму, што іх склалі па-дурацку, — піша Стась Карпаў. — Карацей, паклікаў прыбіральшчыцу, тая прывяла адміністратара і пытае, што рабіць.

Я кажу: ну што рабіць. мянтоў, напэўна трэба выклікаць. Каб адвезлі на Акрэсціна.

Адміністратарка сумна ўсімхнулася і сказала:

— Тут ніякай праблемы няма. Калі ахова спыніць — паклічце мяне, я ўсё уладжу.

І я не проста так пра мянтоў пачаў размову. Я ў прынцыпе з усімі стараюся так ці інакш аб гэтым гаварыць.

Але мне прасцей, я беларускамоўны.

А беларускамоўны нават калі скажа «шкарпэткі», усе пачуюць «рэвалюцыя».

Дык вось.

Я размаўляю з людзьмі.

Раней я сваё разуменне сітуацыі ў краіне звяраў па таксістах.

Куды таксісты, туды і краіна.

У канцы нулявых — пачатку 10-х таксісты мяне упэўнена лячылі: «Еслі вы уж гаварыце па-беларускі, то гаварыце без ашыбак».

Дарэчы, уся соль дырэктывы «гаварэння без ашыбак» у тым, што ёй выносяцца мазгі абсалютна незалежна ад таго, ёсць у тваёй мова памылкі, альбо няма.

Пасля таксісты неяк рэзка заткнуліся і некалькі гадоў маўчалі.

Пасля таксісты час ад часу пачалі мяне заахвочваць не спыняцца і працягваць гаварыць «за нас усех». Заахвочвалі па-руску, натуральна.

Некалькі гадоў таму унутры таксістаў нарадзілася жаданне мець грамадзянскую пазіцыю і недзе пару гадоў таму мы з імі падчас паездак ненавідзелі Лукашэнку.

Апошнім часам таксісты зноў маўчаць. Але калі я пачынаю сам ініцыяваць размову, то высвятлаецца, што «калі усё гэта скончыцца? калі ж мы пераможам, як думаеце? я хадзіў, хаджу і буду хадзіць».

Інакш кажучы, каб зразумець, што мы як бы «беларус беларусу беларус», трэба нармальна так пастарацца.

Таксісты маўчаць і краіна маўчыць.

Таксістам сумна і краіне сумна.

І вось што я хачу сказаць.

Дастаткова хутка стала ясна, што раз на вілах ніхто нікога выносіць не збіраецца, то ўся мэта супраціву у стварэнні грамадства, якое будзе гатовае да рэваншу з новымі сіламі і большай колькасцю людзей і спосабаў.

І для гэтага нам трэба было збірацца, знаёміцца і размаўляць.

Вось для чаго былі ўсе хаджэнні.

Вось за што людзі аддавалі сваё жыццё, здароўе і дабрабыт.

Пратэст сам па сабе быў не для вывешвання БЧБ, мітынгі былі не для мітынгаў.

Яны былі для новага народа.

Мы ўбачылі, што нас юбердафіга. І гэта быў галоўны здабытак нават не 2020. А апошніх 30 гадоў. Калі не апошніх 100.

Але ў мяне такое ўражанне, што ў ябацек атрымліваецца абясцэніць слова большасць. Гэтыя панылыя нафталінныя пупсы ў атачэнні гібонаў у казённых лапцях праўда могуць уплываць на ваша разуменне сябе?

Ну ні халеры сабе.

Калі нешта не павінна быць абясцэнена, то гэта яно.

Таму самае важнае, што трэба рабіць і чаго оркі не могуць забараніць — гэта размаўляць.

І мы павінны размаўляць. Мы павінны рабіць так, каб незнаёмы чалавек ведаў, з кім мае справу, сустрэўшы вас не на мітынгу, а ў краме.

Наша маўчанне запаўняюць віскі некалькіх тысяч ябацек.

Гэта неяк несправядліва як па мне.

Мы — большасць і мы павінны выглядаць як большасць.

Мова — найлепшы маркер. Калі пакуль складана, то хаця бы нумар з арнаментам на машыне. Белы бараслецік на руцэ, арнамент на вопратцы.

Ну і размовы.

Мы навучыліся выходзіць на мітынгі болей за адзін раз на год, і нам трэба навучыцца гаварыць адзін з адным кожны дзень. Я ўпэўнены, што заключная фаза перамогі пачнецца менавіта з гэтага навыка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(34)