Лица

Стартуе праект «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі»

Вядомыя выканаўцы, паэты і пісьменнікі, акторы, артысты і нават адзін дыпламат узялі ўдзел у сумесным праекце Беларускага Радыё Рацыя ды інтэрнэт-парталу Tuzin.FM. «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Праект складаецца з 12 казак аўтарства Сяргея Вітушкі ў выкананні вядомых у Беларусі асобаў і прысвячаецца ўсім тым, хто верыць у свае сілы, незалежна ад узросту і абставінаў.

Ідэя праекту належыць гісторыку Сяргею Харэўскаму, які задумаў зрабіць аўдыёпрацяг выдадзенай нядаўна кнігі Сяргея Вітушкі ў аздабленні Міхала Анемпадыстава.

– Летась здзейснілася мара аўтара, калі пабачыла свет яго кніга, якая стала пераможцай у намінацыі “Дзіцячая літаратура” на Радыё Свабода і заняла пачэсную пазіцыю ў агульным рэйтынгу беларускіх навінак. Але сам аўтар, наш герой, не зможа яе ўбачыць. Так склаўся лёс, што праз хваробу ён страціў зрок. Таму зноў талакой, як і ў колішнія легендарныя часы, мы здзясьняем яшчэ адзін цуд – пераўвасабляем літары ў гукі, стварыўшы гэтую гукавую кнігу казак Вітушкі. Цяпер яе зможа пачуць і сам герой, і тысячы іншых людзей па ўсім свеце.

На думку каардынатара праекту, рэдактара парталу Tuzin.FM Сяргея Будкіна, як казкі, так і само жыццё Сяргея Вітушкі вучыць быць моцным і ніколі не скарацца абставінам. «Аўтар гэтых казак – адкрыты і шчыры чалавек, які нягледзячы на цяжкасці працягвае пісаць жыццясвярджальныя гісторыі і змяняць гэты свет да лепшага. Таму гэтае выданне прызначаецца ўсім тым, хто верыць у свае сілы, незалежна ад узросту і абставінаў».

Праект падтрымала Беларускае Радыё Рацыя, на хвалях якога і адбудзецца прэм’ера «Дзінь-дзілінь». Дзякуючы Радыё Рацыя пабачыць свет і аўдыёвыданне гэтых казак. «Ведаю аўтара казак з другой паловы 80-х і магу сказаць, што столькі веры, надзеі і любові да роднага, беларускага ў адным чалавеку сустракаецца зрэдку. Гэты праект – яшчэ адзін доказ таго, што словам і марам з маладосці можна быць верным усё жыццё», – кажа кіраўнік радыё Яўген Вапа.

Казкі Сяргея Вітушкі ў выкананні вядомых асобаў можна будзе пачуць штотыдня пачынаючы ад 4 лютага ў 10.30 па беларускім часе на хвалях FM 98,1 у Беластоку і Гродна і 99,2 FM у Брэсце і ў інтэрнэце па ўсім свеце.

Прэзентацыя аўдыёдыску «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» з казкамі ды спевамі ад удзельнікаў праекту пройдзе 19 лютага (нядзеля) у 14.00 у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр.Незалежнасці, 37а).

Трэк-ліст праекту «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі»:

Алег Хаменка – Залатое яечка

Ганна Хітрык – Вадзіца жывая-мёртвая

Лявон Вольскі – Як Дзед-Мароз новае свята прыдумаў

Адам Глёбус – Казка на Дзень горада

Зміцер Вайцюшкевіч – Казачка на вербную нядзельку

Тамара Лісіцкая – Казачка на Дзень Святога Валянціна

Андрэй Хадановіч – Вільнюсь

Алесь Камоцкі – Казачка пра Цмока Базылішка

Стэфан Эрыксан – На Купалле

Уладзімер Арлоў – Казка пра Герб

Зінаіда Бандарэнка – Казка пра Гімн

Сяргей Сокалаў-Воюш – Казка пра Сцяг

Даведка:

Сяргей Вітушка – пісьменнік, гісторык, актор, журналіст, адзін з лідараў нефармальнага моладзевага руху ў 80-х гадах. Кіраваў суполкай «Талака», якая займалася аховай помнікаў гісторыі і архітэктуры, адраджэннем народных святаў, ладзіла экалагічныя акцыі і культурныя мерапрыемствы, змагалася за стварэнне беларускіх класаў і школ. З 1991 году жыве ў Вільні, браў удзел у стварэнні беларускай гімназіі, дзе працаваў настаўнікам. Працаваў на віленскім тэлебачанні і на радыё «Балтыйскія хвалі». Вымушаны быў спыніць актыўную дзейнасць праз праблемы са здароўем. У 2011 годзе была выдадзена кніга казак яго аўтарства «Дзінь-дзілінь: Пара гуляць у казкі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)