Общество

Старшыня Слонімскага райвыканкаму не пайшоў на «міравую» з Калінкінай

Асноўнае пасяджэньне па разглядзе пазову старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўладальніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай прызначанае на 30 кастрычніка, паведамляе Радыё Свабода.

Пазоўнік у суд не зьявіўся, яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Адказчыкі не прызналі пазоў у поўным аб’ёме.

Сьвятлана Калінкіна прызнала, што загаловак артыкула магчыма некарэктны. Але, паводле яе, артыкул трэба разглядаць у поўным абʼёме і «далей тое, што апублікавана ў поўным абʼёме на „Беларускім партызане“ адпавядае сапраўднасьці». У першым жа абзацы напісана, што ў райвыканкаме інфармацыю не пацьвердзілі.

— То бок адназначнага сьцьвярджэньня, што здарэньне насамрэч мела месца, няма. Ёсьць канстатацыя факта, што блогер такую інфармацыю распаўсюдзіў, але ў райвыканкаме яе не пацьвярджаюць. У юрыспрудэнцыі можа атрымацца прэцэдэнтная справа, калі аднаго журналіста просяць абвергнуць тое, што напісаў іншы журналіст. Бо ў гэтым выпадку мы маем проста скан, фотаздымак чужога паста. Таму як мінімум датуль, пакуль ня будзе разгледжаны пазоў да Сьцяпана Пуцілы, гэтую справу разглядаць ня варта, — сказала Сьвятлана Калінкіна.

Яе прадстаўнік у судзе намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў назваў матэрыяльныя патрабаваньні пазоўніка завышанымі.

Алег Агееў і Сьвятлана Калінкіна

Суд не задаволіў хадайніцтвы Сьвятланы Калінкінай прыпыніць разгляд справы да разгляду пазова Хоміча да Сьцяпана Пуцілы ў судзе Менскага раёна. Разгляд пазову пачнецца там 18 кастрычніка. Таксама суд адхіліў хадайніцтва аб прыцягненьні ў якасьці суадказчыка Сьцяпана Пуцілы як аўтара распаўсюджанай інфармацыі пра старшыню Слонімскага райвыканкаму. Гэтае хадайніцтва не падтрымаў таксама пазоўнік.

Паводле суду, у рамках разглядаемай справы «патрабаваньні да Пуцілы не прадʼяўляюцца, прадметам спрэчкі зьяўляецца артыкул пэўнага зьместу, разьмешчаны на сайце belaruspartisan.by».

Сьвятлана Калінкіна прапанавала міравое пагадненьне з пазоўнікам старшынёй Слонімскага райвыканкаму Хомічам. Пазоўнік паведаміў праз адваката, што пакідае гэта пытаньне «на рашэньне суду».

Адвакатка Хоміча сказала, што раней пазоўнік пайшоў на міравую з сайтам 21.by, які павінен заплаціць 1500 рублёў (рашэньне пакуль не ўступіла ў законную сілу). Да 16 кастрычніка яны павінны апублікаваць абвяржэньне, узгодненае з Хомічам.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна паведаміла, што ў справе ёсьць даведка УУС Горадзенскага аблвыканкаму, што Хоміч і ягоная жонка не пазбаўляліся права кіраваньня транспартнымі сродкамі. Таксама 12 жніўня «Гродзенская праўда» апублікавала артыкул, у якім прадстаўнікі абласнога ДАІ пацьвердзілі, што Хоміч і яго жонка не затрымліваліся і не прыцягваліся да адказнасьці. Адвакатка заявіла, што прад’яўленыя даведкі пацьвярджаюць, што распаўсюджаная на сайце «Беларускага партызана» інфармацыя не адпавядае сапраўднасьці. Таксама яна сказала, што Хомічу некалькі чалавек казалі пра публікацыю інфармацыі не на тэлеграм-канале, а на «Беларускім партызане».

Адвакатка Хоміча спытала ў адказчыка, ці былі спробы атрымаць матэрыялы ў Сьцяпана Пуцілы, якія пацьвярджаюць распаўсюджаную ім інфармацыю. Алег Агееў сказаў, што размаўляў са Сьцяпанам Пуцілай і «размова была няпростай».

— Натуральна, мы да яго зьвярнуліся, каб ён прадставіў інфармацыю, якая пацьвярджае зьвесткі, якія ён распаўсюдзіў. Пакуль ён нічога не даў. Ён знаходзіцца ў Польшчы. А польскае заканадаўства абараняе крыніцы СМІ мацней, чым беларускае заканадаўства. Я не выключаю, што ён кансультуецца з польскімі юрыстамі, а цяпер яго юрысдыкцыя Рэспубліка Польшча, — сказаў у судзе Алег Агееў.

Вынікі сёньняшняга папярэдняга пасяджэньня суду Сьвятлана Калінкіна падвяла ў інтэрвію Свабодзе:

— Я не разумею лёгіку як можа выносіцца рашэньне па гэтай справе, калі ня вырашана сытуацыя з першакрыніцай інфармацыі, блогерам Пуцiла. І не зразумела чаму, бо тая самая інфармацыя была на партале 21.by, там міравое пагадненьне дасягнутае, а з намі не. Я думаю, што тут такі дыфэрэнцыяваны падыход да розных сайтаў, розных СМІ і розных журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)