Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Старшыня Саюзу журналістаў Літвы: "У нас дэзінфармацыя забароненая, як і ў любой нармальнай дзяржаве..."

Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч лічыць, што літоўскі бок "баіцца аб'ектыўнай інфармацыі пра становішча ў Беларусі і ўласных характарыстык". Так у інтэрв'ю "Інтэрфаксу" ён пракаментаваў рашэнне літоўскай Камісіі па радыё і тэлебачанні (КРТВ) забараніць нацыянальным аператарам кабельнага тэлебачання рэтрансляваць БТ. З іншага боку, старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайніс Радзевічус лічыць гэтае рашэнне адэкватна й рэакцыяй на дэзінфармацыю, якую распаўсюджвала беларускае тэлебачанне.

"Я думаю, што гэтая забарона мае больш сімвалічнае значэнне: тыя, хто хоча атрымаць інфармацыю пра Беларусь, маюць альтэрнатыўныя магчымасці зрабіць гэта. Але сам факт забароны дэманструе наша стаўленне да таго, што тэлебачанне ў Беларусі выкарыстоўваецца ў якасці інструмента прапаганды, і мы заяўляем, што так быць не павінна. У Камісіі ёсць і прадстаўнік Саюзу журналістаў Літвы, і рашэнне адлюстроўвае нашу пазіцыю таксама", — заявіў Д. Радзевічус у гутарцы з прэс-службай ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Ён нагадаў, што адной з матывацый забароны было тое, што гэты тэлеканал распаўсюджваў дэзінфармацыю, частка якой была скіраваная і на Літву. "У нас дэзінфармацыя забароненая, як і ў любой іншай нармальнай дзяржаве", — зазначыў Д. Радзевічус.

Нагадаем, што 29 сакавіка ў Вільні на паседжанні КРТВ была прынята рашэнне забараніць трансляваць па кабельных сетках праграмы БТ. Кіраўнік адміністрацыі КРТВ Нэрыюс Малюкявічус сказаў, што беларускае тэлебачанне ў апошні час "распаўсюджвала нямала дэзінфармацыі", прычым частка яе была скіраваная супраць Літвы, што "супярэчыць рэзалюцыі і закону аб грамадскім інфармаванні", — перадаў "Інтэрфакс".

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)