Общество
Таццяна Гусева

Старшыня Першамайскага суду адмовілася перарабіць дазвол на спатканне Бяляцкага з бацькам

Старшыня суда Першамайскага раёна Мінска Тамара Высоцкая, да якой у другі раз звярнулася жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля адмовілася перарабляць дазвол на спатканне асуджанага з родным бацькам.

Апошняя надзея на Дэпартамент выканання пакаранняў, куды разам з адвакатам Наталля аднесла заяву. Паперы прынялі і прапанавалі за адказам прыйсьці 20 снежня, паведамляе spring96.org.

Як раней паведаміў interfax.by праваабаронца Валянцін Стэфановіч, суд выпісаў дазвол, дакумент накіраваны на адрас жодзінскай турмы.

— Аднак праблема ў тым, што яны не ажыццяўляюць функцыі канваіравання асуджаных. Верагодна, спатрэбіцца яшчэ адзін дакумент з суда, — адзначыў Стэфановіч .

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук у панядзелак паехала ў жодзінскую турму, каб узгадніць з яе кіраўніцтвам магчымасць адпусціць зняволенага да паміраючага бацькі.

— Бацька Алеся Бяляцкага ў вельмі цяжкім стане. У панядзелак родныя выклікалі «хуткую». Дактары сказалі рыхтавацца да горшага, — паведаміла Наталля Пінчук у размове з карэспандэнтам «Cалідарнасці».

Пра стан здароўя бацькі – рак чацвертай ступені – Алесь Бяляцкі даведаўся ад жонкі на спатканні ўжо пасля прысуду.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны да чатырох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд выклікаў абурэнне ў кіраўніцтва ЗША, ЕС і дзесяткаў краін свету. Праваабаронцы і палітыкі лічаць, што справа Алеся Бяляцкага мае выразную палітычную афарбоўку, і ягоная віна не была даказаная ў судзе.

Раней палітзняволеным прадастаўлялі кароткатэрміновыя спатканні дзеля таго, каб яны маглі развітацца з памерлымі сваякамі. У 2008-ым экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна адпусцілі на пахаванне жонкі Ірыны. Каб дамогчыся гэтага, палітыку і ягоным дачкам прыйшлося абвясціць галадоўку.

У красавіку 2011-га памерла маці кіраўніка «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, асуджанага да двух гадоў калоніі. З турмы у морг Змітра прывезлі пад канвоем. На развітанне з матуляй палітвязню далі ўсяго паўгадзіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)