Сталічны Палац фізкультурнікаў будзе знесены?

Як даведалася Еўрарадыё, разглядаецца пытанне аб зносе мінскага Палаца фізкультурнікаў «да нулявога парогу». Абмеркаванне гэтага пытання стала магчымым у сувязі з планамі па ўзнаўленні мінскага замчышча: уязной брамы і дома рамесніка, кажуць археолагі.

Сталічны Палац фізкультурнікаў будзе знесены?

Нагадаем, якраз каля палаца, што месціцца недалёка ад станцыі метро «Няміга», праводзіліся археалагічныя раскопкі. На дадзены момант за палацам удалося знайсці драўляную маставую XIX стагоддзя. Наколькі вядома археолагам, гэта была забалочаная частка татарскага прадмесця, а таму, верагодна, з-за нетрываласці грунту мураваная царква XI стагоддзя так і не была скончаная.

Таксама стала вядома, што раскопкі на аб’екце за Палацам фізкультурнікаў маюць быць прыпыненыя ў сувязі з дрэнным надвор’ем. Паводле слоў археолагаў, у выніку моцных летніх дажджоў была пашкоджаная значная частка адкапанай драўлянай маставой. А таму прынятае рашэнне яе умацаваць і засыпаць да наступнага году, калі, верагодна, архітэктары дазволяць знесці Палац фізкультурнікаў і ўзнавіць абрысы Ніжняга горада.

Паводле археолагаў, кансервацыя ж драўлянай маставой немагчымая, бо выявілася, што хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваліся раней пры працы з такімі археалагічнымі знаходкамі, небяспечныя для здароўя людзей.

Якое б рашэнне не было прынятае, яно стане вядомае толькі ў сярэдзіне наступнага года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)