Политика
Павел Міхайлаў

Спынены крымінальныя справы ў дачынні да моладзевых актывістаў

Беларускія ўлады ўсё больш актыўна дэманструюць Еўрапейскаму саюзу сваю лаяльнасць да палітычных апанентаў. Чарговым доказам гэтага стала спыненне адразу некалькіх крымінальных спраў у дачыненні да моладзевых актывістаў — Дзяніса Дзянісава, Аляксандра Урыўскага, Аляксандры Ясюк, Наталлі Старасцінай.

Справа супраць Дзяніса Дзянісава была заведзена ў лютым гэтага года паводле артыкула 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе). За правядзенне шэрагу акцый пратэсту ў Віцебску Дзянісаву пагражала турэмнае зняволенне тэрмінам да трох год. Пасля двух месяцаў у следчым ізалятары 11 красавіка актывіста выпусцілі пад грашовы заклад. Зараз жа стала вядома, што крымілальная справа прыпынена, праўда, па словах адваката Пятра Каваленкі, афіцыйных дакументаў на гэты конт пакуль не было.

Cпыненыя таксама і справы супраць актывістаў Аляксандра Урыўскага, Аляксандры Ясюк, Наталлі Старасцінай, заведзеныя напярэдадні Дня Волі. Два месяцы спатрэбілася следчым, каб высветліць, што маладыя людзі не маглі арганізоўваць і ўдзельнічаць у «групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» хаця б таму, што такіх дзеянняў падчас святкавання Дня волі не было.

Вядома, што яшчэ раней у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства ў часе правядзення Дня Волі, была спыненая крымінальная справа ў дачыненні да палітыка Вячаслава Сіўчыка.

Праўда, наўрад ці спыненне некалькіх спраў істотна паўплывае на стаўленне Еўропы да палітыкі вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Прынамсі, пакуль за кратамі будуць заставацца Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч і іншыя палітзняволеныя.

Дыялог з Еўропай магчымы пасля дэмакратычных рэформаў, гаворыцца ў заяве Германіі, якая старшынствуе цяпер у ЕС. Разам з тым, перадае БелаПАН, ЕС вітае вызваленне двух прадстаўнікоў беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Магчымасьць пачатку супрацоўніцтва залежыць ад беларускага ўраду, які мусіць паважаць дэмакратычныя каштоўнасці, правы чалавека і вяршэнства закону.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)