Спынены крымінальны перасьлед актывіста штабу Саньнікава Ўладзімера Кобеца

На хатні адрас Уладзімера Кобеца прыйшлі дзьве афіцыйныя паперы зь міліцыі. «У першым лісьце знаходзіцца паведамленьне аб спыненьні крымінальнага перасьледу. У другім — што зьнятае часовае абмежаваньне на права грамадзяніна выяжджаць за межы Беларусі», — паведаміў Уладзімер Кобец.

Уладзімер Кобец быў кіраўніком выбарчага штабу экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Пасьля выбараў Уладзімера Кобеца арыштавалі і больш за месяц трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ паводле падазрэньняў ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня.

Раней сілавыя структуры спынілі крымінальныя справы супраць:

кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі;

рэдактаркі сайту «Хартыя-97» Натальлі Радзінай;

грамадзкага актывіста Алега Корбана;

былога кандыдата на прэзыдэнта Рыгора Кастусёва;

актывіста перадвыбарчага штабу Міколы Статкевіча Алеся Арыстовіча.