В мире
Мікалай Дзядок, Новы час

Спяваў і быў забіты

Слова — гэта зброя. Слова паэта і музыкі — тым больш. У любога народа ў крытычныя для яго моманты заўсёды быў адзін ці шмат песняроў, якія гераічнымі радкамі натхнялі тысячы сваіх суродзічаў на подзвігі. І замацоўвалі гэтае натхненне ўласнай крывёю.

Імам Алімсултанаў нарадзіўся ў 1957 гаду ў Кіргізіі, дзе пасля гвалтоўнай сталінскай высылкі знаходзілася яго сям'я. Калі ім далі дазвол вярнуцца на радзіму, Імаму быў усяго адзін год.

Біяграфія яго да пачатку актыўнай творчасці не ўтрымлівае надта значных дэталяў. Скончыў школу, вучыўся ў Растове на інжынера-меліяратара. Праўда, як гэта часта бывае, схільнасць да музыкі дала аб сябе ведаць ужо ў раннім узросце. Як узгадвае жонка старэйшага брата спевака, ужо ў шостым класе ён «...любіў музыку і ўвесь час вазіўся з гітарай». Грошай на нармальны інструмент у сям'і, вядома, не было. Але — «галыцьба на выдумкі хітрая» — Імам раздабыў недзе дзве зламаныя гітары, усю ноч збіраў і разбіраў іх, а зранку ўжо пеў на самаствораным гібрыдзе нейкія песні.

Самастойна Імам пачаў займацца з сярэдзіны 1980-х, але на прафесійны шлях змог стаць даволі позна.

У 1988-м годзе ён, на свой страх і рызыку, прыйшоў у Чачэнскую дзяржаўную філармонію. Узгадвае Муса Гешаеў — творчы настаўнік і аўтар песняў Імама:

«Размаўляў па-чачэнску, але з акцэнтам, уласцівым для чачэнцаў-акінцаў [...] Артысты пасмейваліся, ніхто не хацеў слухаць яго спевы. Усе разумелі: калі ён размаўляе з такім акцэнтам, то з ім прыйдзецца шмат вазіцца, а філармонія — гэта не кансерваторыя і не музыкальнае вучылішча, тут патрэбныя прафесіяналы. Але юнак быў настойлівы. Ведаючы свае недахопы, ён чырванеў і ад хвалявання трошкі заікаўся. Я запрасіў яго ў вольную залю, дзе нікога не было, і, каб супакоіць і скіраваць да сябе, пачаў распытваць, хто ён і адкуль. Малады чалавек сказаў, што скончыў растоўскі інстытут меліярацыі і воднай гаспадаркі. Там навучыўся граць на гітары і пачаў пець. Сям'я ягоная пражывала ў Хасавюрце, бацька быў інвалідам без рук, але энергічным горцам. Мы паразмаўлялі яшчэ трошкі, потым прайшлі ў сад і я сказаў: «Зараз пой усё што хочаш». Ён узяў гітару і запеў аб сваім аднасяльчаніне, Герое Савецкага саюза Ханпаше Нурадзілаве. Потым іншыя песні. Па праўдзе кажучы, творы, якія ён выконваў, калі іх можна так назваць, былі слабыя. [...] Вядома, ён стараўся пераканаць мяне, што таленавіты. Ягоныя спевы больш былі падобныя на рэчытатыў. Юнак спрабаваў скрыць свае недахопы гучным голасам і эмацыйным выкананнем.

Перада мной быў абсалютна «сыры матэрыял». Але ён не быў заштампаваны. І самае каштоўнае — ягоны голас.

Людзі, якія адпачывалі ў садзе і былі выпадковымі гледачамі, мімаволі заслухаліся».

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)