Политика

“Сьпісваць усё на рэжым — гэта ўжо ўсім надакучыла”

У панядзелак у Менску адбылося пашыранае паседжаньне Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў — удзельнічалі прадстаўнікі Рады беларускай інтэлігенцыі і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Абмяркоўвалі дачыненьні з грамадзкімі арганізацыямі й прапанову “Кампраміс дзеля адзінства”. Вынікі паседжаньня пракаментавалі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас і паэт Генадзь Бураўкін у інтэрвію Радыё Свабода..

На палітрадзе абмеркавалі прапанову старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі “Кампраміс дзеля адзінства”. Нагадаем, Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў сакавіцкім Кангрэсе дэмсілаў. Мілінкевіч мяркуе, што такі Кангрэс прывядзе да разьяднаньня апазыцыі.

Пасьля гэтага старшыня Партыі БНФ спадар Вячорка заклікаў Аляксандра Мілінкевіча і лідэраў дэмакратычных партыяў падпісаць да 25 лютага дамову пад назвай “Кампраміс дзеля адзінства”. Паводле спадара Вячоркі, гэта дазволіць захаваць адзінства і эфэктыўна выкарыстаць патэнцыял Аляксандра Мілінкевіча.

Лідэр Партыі БНФ прапануе правесьці чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў сёлета ў траўні й абраць старшынём Палітычнай рады Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Вячорка гэтак падсумаў вынікі дыскусіі:

Вячорка: “Для мяне гэта якраз выніковае паседжаньне. Ніхто не адкінуў нашых прапановаў, нашага праекту “Кампраміс дзеля адзінства”. Прычым гэта тычыцца як сяброў палітрады, лідэраў партыяў, Мілінкевіча, так і сёньняшніх гасьцей паседжаньня, прадстаўнікоў грамадзкага сэктару й інтэлігенцыі, многія зь якіх выказваліся ў тым жа самым ключы. Я спадзяюся, што ў чацьвер на паседжаньні сапраўды ўдасца дайсьці да нейкага кампрамісу — калі, зразумела, на тое будзе згода іншых удзельнікаў. Ну, і важна тое, што сёньняшняе паседжаньне адбывалася пад пільным вокам буйных грамадзкіх арганізацыяў і аўтарытэтных для любога беларуса людзей”.

Старшыня палітрады Аляксандар Мілінкевіч заявіў:

Мілінкевіч: “Сябры палітрады на сваіх пазыцыях — ніхто не зьмяняе. Але я лічу, што вельмі важна, што адбыліся грамадзкія чытаньні. Прыйшла грамадзкасьць, паважаныя людзі, і нам вельмі важна пачуць іх думку. Думаю, што выхад з крызысу цалкам магчымы, калі большасьць будзе канструктыўна падыходзіць да крызысу. Ну пабачым — я думаю, што ў чацьвер паседжаньне магчымае. Але на такі кангрэс, які сёньня падрыхтаваны, на якім ня будзе абірацца адзіны лідэр, на якім ня вызначаныя мэты й вельмі вялікі недавер адных да другіх пасьля збору подпісаў, я лічу, проста ня варта ісьці. Мы пасварымся яшчэ больш. Кангрэс патрэбны для кансалідацыі. Сёньня такой кансалідацыі не адбудзецца. Нават на нашай нарадзе няма адзінства. А мы павінны прыйсьці туды з адзінай думкай і пазыцыяй”.

Карэспандэнт: “Як вы ставіцеся да прапановы спадара Вячоркі? Ці можа гэта быць асновай для кампрамісу?”

Мілінкевіч: “Добрая прапанова, канструктыўная, і я таксама канструктыўны чалавек. І я лічу, што многае, што там прапануецца, прымальна. Гэта трэба дыскутаваць, і вельмі важна, каб быў кансэнсус у палітрадзе. Я ня думаю, што кангрэс павінен кагосьці ламаць праз калена”.

Старшыня рады беларускай інтэлішенцыі Ўладзімер Колас сказаў, што неабходна правесьці аналіз зробленых у дзейнасьці аб’яднаных дэмсілаў памылак

Колас: “Я спадзяюся, што і Аляксандар Мілінкевіч, які ініцыяваў гэтую сытуацыю, нешта зразумеў. І з аднаго боку, дрэнна тое, што здарылася. А з другога боку, можа, і трэба было нейкія захады надта рэзкія зрабіць. Дзеля таго, каб узьняць гэтыя пытаньні з той вастрынёй, якую яны заслугоўваюць. Самае галоўнае, каб усе гэтыя думкі матэрыялізаваліся ў канкрэтныя рашэньні дзеля падрыхтоўкі на новым якасным узроўні гэтага кангрэсу...

Няма мэханізму прыняцьця рашэньняў і няма мэханізму адказнасьці за гэтыя рашэньні. Павінна быць нейкая больш якасная экспэртная рада для падрыхтоўкі гэтых рашэньняў, тут не павінна быць самадзейнасьці. І калі ўсе, у тым ліку лідэры, будуць несьці сапраўдную адказнасьць за вынікі тых рашэньняў, якія прымаюцца, тады на новым якасным узроўні і пойдзе праца. Бо сьпісваць усё на рэжым — гэта ўжо ўсім надакучыла, гэта ўжо не працуе”.

Паэт Генадзь Бураўкін выказаў сваё стаўленьне да сёньняшняга пашыранага паседжаньня палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў.

Бураўкін: “Я вельмі хачу верыць у тое, што прыслухаліся да нас, да тых хто прыйшоў на гэтае паседжаньне. Вельмі хачу верыць, бо заклік у нас быў адзін — у гэтай сытуацыі, якая ёсьць у Беларусі, якая ёсьць у дэмакратычным руху трэба адкінуць нейкую драбязу, нейкія асабістыя матывы і ўсё скіраваць на тое, каб разам, колькі ў нас ёсьць сіл, змагацца за перамогу дэмакратычных прынцыпаў. Для мяне гэта відавочна, гэта зноў я ўбачыў тут, на паседжаньні. Але, на жаль, такое ў мяне адчуваньне, што ідуць нейкія не надта для мяне прыемныя і не надта разумныя працэсы ў працы рады. Нешта яны не дагаворваюць, бо як жа не разумець, што толькі разам мы можам на нешта разьлічваць. Калі мы не будзем разам, калі не аб’яднаем нашы высілкі, то няма на што спадзявацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)