Политика
Вера ПАРХІМОВІЧ

Спецслужбы праводзяць зачыстку

Нечуваная актыўнасць праваахоўчых органаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пацвярджае чуткі пра тое, што загадзя складзеныя спісы небяспечных асобаў, якіх трэба на нейкі час нейтралізаваць. 20 лютага лідэру “Маладога фронту” Паўлу Севярынцу, які пакараны абмежаваннем свабоды за арганізацыю акцый пратэсту, адмовілі ў трохдзённым планавым адпачынку "да заканчэння палітычных падзей". 21 лютага супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі і пракуратуры правялі вобыск у кватэры Цімафея Дранчука — актывіста Руху Андрэя Клімава. Пасля хлопца забралі на допыт у КДБ.

Раніцай Цімафей выйшаў з дому, каб купіць кветкі для жонкі, якая сёння святкуе свой дзень нараджэння. На ўласным аўтамабілі Дранчук пад'язджаў да Акадэміі навук, калі яго «перахапілі» супрацоўнікі КДБ. Дадому актывіст апазіцыі вярнуўся без кветак, у кайданках і ў суправаджэнні канвою: чатырох чалавек у цывільным і двух у масках і форме. Цяжарнай жонцы Цімафея яны паведамілі, што вобыск у кватэры будзе праведзены ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па арт.367 ч.1 (Паклёп у адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваецца ў публічным выказванні, альбо ў творы, што надрукаваны ці публічна дэманструецца, ці ў сродках масавай інфармацыі — Рэд.). І больш нічога не ўдакладнілі.

Па словах жонкі, «госці» вялі сябе досыць карэктна. Нават пацікавіліся, ці збіраецца яна адпраўляцца ў радзільную залу разам з мужам, як гэта цяпер модна. 

Вопіс таго, што было знойдзена і канфіскавана ў кватэры Цімафея Дранчука, утрымлівае 65 пунктаў. Сярод іншых рэчаў там пазначаныя нагрудны значок «Зубр», брашура «Як правесці парламенцкія выбары 2004 года» і стос іншых папер і газет, якія даўно ўжо ляжалі на антрэсолях, бо не было часу здаць іх у макулатуру. Канфіскаваны таксама і камп'ютэр.

Ні ў Пракуратуры Беларусі, ні ў Камітэце дзяржбяспекі пакуль афіцыйна не пацвярджаюць ні факт затрымання Цімафея Дранчука, ні факт узбуджэння супраць яго крымінальнай справы. “Пачакайце да заўтра”, — раяць журналістам.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)