Политика
Аркадзь Шанскі, "Наша ніва"

Спэцназ зьбіў вязьня нацызму (абноўлена)

65-гадовы Ўладзімер Шадзенка 25 сакавіка прыехаў зь Віцебшчыны ў сталіцу сьвяткаваць Дзень Волі. «На сам мітынг я прыпазьніўся, таму з сквэру Янкі Купалы пайшоў з калёнай. Побач са мной ішла жанчына, зь якой мы размаўлялі ўсю дарогу. Дайшлі да віядука праз праспэкт Дзяржынскага, а там стаяць гэтыя — са шчытамі, у камуфляжы. Грукаюць палкамі, сунуцца ў наш бок. Я бліжэй пайшоў, каб паглядзець, бо баяцца — гэта не для мяне».

Сп.Уладзімер кажа, што адзін з спэцназаўцаў яго пхнуў шчытом: «Я пхнуў яго ў адказ — па-мужчынску. Тады да мяне падскочыў другі, стаў біць. Нехта стукнуў ззаду па галаве — я асеў у сьнег. Памятаю, што кінуліся лупцаваць: у мяне на руках і нагах засталіся сінякі. Жанчыны загаласілі, што забіваюць. Здаецца, потым я пачуў каманду «Адставіць!». Больш нічога ня памятаю».

Ачомаўся сп.Уладзімер толькі на ганку 4-й больніцы. Мэдсёстры паведамілі, што яго прывезьлі АМАПаўцы. «Думаю, яны агледзелі дакумэнты, якія былі ў мяне. Я пашпарт спэцыяльна ня браў, а ўзяў пасьведчаньне малалетняга вязьня нацызму: я быў у Асьвенціме, маці мая там засталася... Таму, відаць, мяне не арыштавалі й нідзе дагэтуль не называюць маё прозьвішча. Маўляў, быў вязень нацызму — а цяпер вязень гэтага рэжыму», — разважае сп.Шадзенка.

У 4-й больніцы Шадзенку наклалі швы, выдалі два накіраваньні на абсьледаваньне (адно зь іх на рэнтген). Пры гэтым у адным з накіраваньняў напісалі... «алькагольнае ап’яненьне». Што праўда, даведкі пасьля абсьледаваньня пра «ап’яненьне» ўжо ня згадвалі. «Якое ап’яненьне, калі я на машыне?.. Выштурхнулі мяне з больніцы — куртка, шапка ў крыві, куды ехаць — ня ведаю, бо з горадам не знаёмы». Дабраўся да знаёмых, пераначаваў у іх і толькі наступнага дня выправіўся дадому.

Уладзімер Шадзенка лічыць, што справядлівасьць павінна быць узноўленая: «Павінны быць названыя ўсе імёны: і тых, хто пацярпеў, і тых, хто біў. Калі Паўлічэнка кажа, што пагаварыў з Казуліным па-мужчынску, дык чаго ж ягоныя падначаленыя б’юць з-за сьпіны?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)