Политика
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

«Спадзяемся на прафэсійнасьць экспэртаў АБСЭ»

26 кастрычніка ў пракуратуры Беларусі з матэрыяламі праверкі сьмерці заснавальніка сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна першы дзень працавалі экспэрты АБСЭ. У пракуратуры схіляюцца да думкі, што гэта было самагубства. Між тым шмат хто ў Беларусі кажа пра магчымае забойства вядомага журналіста.

Паводле правілаў АБСЭ, экспэрты ў такіх выпадках працуюць ва ўмовах канфідэнцыйнасьці. Мэдыям не паведамляюць нават іх імёнаў, а вынікі працы экспэртаў зьявяцца пазьней у адмысловай справаздачы ад імя АБСЭ.

Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў распавёў пра першы дзень працы экспэртаў.

«Прыбылі, працуюць. Мяркую, што сёньня яны вывучаюць матэрыялы, якія для іх пераклалі. Што да пляну іх працы, дык ня ведаю, яны нам ня робяць справаздачаў. Адразу дамаўляліся, што як яны захочуць, гэтак і будуць працаваць».

Пётар Кісялёў паўтарыў тое, што казаў раней як прэсавы сакратар: што кіраўнікі пракуратуры абяцалі ўсялякую падтрымку экспэртам. Намесьнік генпракурора Андрэй Швед не выключае, што па запыце экспэртаў АБСЭ можна будзе нават зрабіць эксгумацыю цела загінулага журналіста, каб правесьці шэраг неабходных экспэртызаў.

Таксама экспэртам дадзеная магчымасьць сустракацца з усімі, хто іх зацікавіць паводле матэрыялаў справы.

Рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна кажа, што ёй невядома пра запрашэньні яе калегаў на сустрэчы з экспэртамі АБСЭ. Яе на такую сустрэчу таксама не запрашалі. Натальля Радзіна сумняваецца ў праўдзівасьці вэрсіі пра самагубства Алега Бябеніна, пра якую як пра найбольш верагодную кажуць улады.

«Найперш я спадзяюся на іх прафэсійнасьць. Згадаю, што супрацоўнікі міліцыі, якія праехалі на месца здарэньня, адразу не ўзялі адбіткі пальцаў, не апячаталі будынак, дзе быў знойдзены Алег. Таму я ня ведаю, пра што экспэрты АБСЭ могуць даведацца з папераў, якія ім дадуць у пракуратуры. Мяркую, што там нічога ня можа быць, бо, наколькі вядома, ніякіх першасных дзеяньняў не было зроблена».

Журналістка згадала, што экспэрты, якія прыехалі са Швэцыі і Нарвэгіі, маюць 30 гадовы досьвед у расьсьледаваньнях і крыміналістыцы. Гэта мусіць дапамагчы ім разабрацца ў справе, мяркуе Радзіна. Журналісты сайту «Хартыя-97» разьлічваюць на сустрэчы з экспэртамі АБСЭ і кажуць, што калі экспэрты сустрэнуцца толькі з прадстаўнікамі міліцыі і пракуратуры, то пра аб’ектыўны разгляд справы ня будзе і гаворкі.

Цела заснавальніка сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна было знойдзенае ў пятлі 3 верасьня на ягоным загарадным лецішчы. Пасьля настойлівых патрабаваньняў грамадзкасьці аб аб’ектыўнай праверцы здарэньня ўлады Беларусі запрасілі ў Менск экспэртаў АБСЭ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)