Скандалы
Яўген Валошын, Еўрарадые

Спачатку свінні здохлі ва ўрача, потым у суседняй хаце

Сігналы пра афрыканскую чуму ў Стаўбцоўскім раене выглядалі чуткамі. Але на выхадных у весцы Налібакі затрымалі журналіста, які спрабаваў нешта разнюхаць. А чыноўнікі з сельсаветаў рэагуюць на любое пытанне пра свіней падазрона нервова.

Таму выпраўляемся ў Стаўбцоўскім раен рана ў аўторак. У весцы Цеснавая бачым кампанію мясцовых жыхароў. Аказваецца, збіраюцца закалоць кабана.

“Чуткі пра афрыканскую чуму пайшлі месяц таму. Сваякі з Налібакаў паспелі закалоць свае чатыры свінні, ― апавядае Аляксандр. ― А ў некаторых людзей свінні захварэлі. Іх павывозілі, абшыўку ў хлявах паразбіралі, спалілі, каб чума гэта не распаўсюджвалася. Зараза пайшла канкрэтная. У Налібаках есць свінарнік, там працуе тры дзясяткі чалавек. Чума туды не прабралася, але свіней нібыта пусцілі на забой. Людзям, у якіх паздыхалі свінні, нібыта абяцаюць кампенсацыю ў 19 тысяч за кілаграм”.

Чалавек, які мусіў закалоць аляксандравага кабана ў Цеснавым, так і не з’явіўся. Магчыма, таму што выгадных замоваў на такую працу цяпер дзясяткі, хоць і не сезон.

Выпраўляемся ў веску Ніўнае. Менавіта адтуль нам паведамілі пра мор свіней. Між іншым казалі, што на дварах, куды прабраўся вірус, спальвалі і свіней, і хлявы. Такога мы ў Ніўным не пабачылі. Але на ўласныя вочы назіралі, як на мінімум сямі гаспадарках мясцовыя жыхары а шостай раніцы разбіраюць свінячыя тушы.

Людзі, пабачыўшы чужака, адмаўляюцца размаўляць: “У нас растуць дзеці”. Кажуць, што некаторым у Ніўным давалі падпісваць паперу аб неразгалошванні інфармацыі.

Урэшце адна з жанчын паказвае на вуліцу Стараніўнянскую, дзе здарыліся першыя выпадкі свінячага мору.

“Спачатку свінні здохлі ва ўрача. Потым у сям’і, чыя хата адразу за яго хатай. Потым у начальніка спіртзавода, які жыве за поштай, ― пералічвае яшчэ адна жанчына, якая аказалася смялейшай. ― Усе баяцца пра гэта размаўляць. Сказалі ўсім калоць свіней. Хто да панядзелка не заколе, у таго ўсіх свіней будуць убіраць, усыпляць і вывозіць. Цэлы год нельга будзе разводзіць. Так сказалі. Таму па раніцах людзі колюць. Потым прыязджае праверка, бяруць аналізы. У аднаго чалавека ― тут во, у Шанхаі (раенчык у Ніўным. ― заўв. Еўрарадые) ― закалолі, і аказалася, што адна нырка ― большая, другая ― меншая. Усю тушу забралі, з лядоўніка павымалі фарш і іншае”.

Заязджаем на вуліцу Стараніўнянскую. І тут бачым, як дзве сям’і разбіраюць тушы.

“Мы свінню б’ем, бо так трэба, ― выходзіць да журналіста пенсіянерка.― Пра спаленыя хлявы ― гэта чуткі. Хворыя свінні былі толькі у пачатку вуліцы ў дзвюх хатах. А па ўсім Ніўным яшчэ ― толькі каля крамы здохлі і ў яшчэ адной хаце. Людзі паднялі шум, і тады прыехаў ветурач і сказаў: “Не бойцеся, разбяромся”. І нібыта нармалізавалася”.

Еўрарадые: Ці праўда, што прымусілі да панядзелка закалоць свіней?

“Не, не верце. Людзі гэтак раздзьмулі! Але з-за чутак і мы б’ем свінню. Яна нібыта здаровая, але хто яго ведае!”

Афіцыйная інфармацыя: “Праблемы няма, свінні сканалі з-за атручэння”

Афрыканская чума свіней ― віруснае захворванне, якое вельмі легка распаўсюджваецца і не лечыцца. Праўда, для людзей небяспекі няма. А свіння можа памерці за два дні. Найчасцей сімптомы такія: тэмпература ў парсюка падскоквае да 40-42 градусаў, назіраецца кашаль, задышка, параліч канечнасцяў.

Калі ўсплывае афрыканская чума, то свіней знішчаюць у радыусе 10 км. Вірус можа распаўсюджвацца маланкава і прыносіць страты ў дзясяткі мільенаў долараў.

У траўні з’явілася неправераная інфармацыя пра эпідэмію афрыканскай чумы на камбінаце “Усходні” пад Баранавічамі. Супрацоўнікі на ананімных умовах паведамлялі пра тое, што праз гэта патаемна знішчылі каля 20 тысяч галоў.

Пазней дзяржаўныя СМІ паведамілі, што свінні гінулі з-за рэпрадуктыўна-рэсператорнага сіндрому (гэта захворванне хутчэй не забівае парсюкоў, а прыводзіць да свінячых абортаў).

Але тыдзень таму ва Украіне Валынская абласная адміністрацыя правяла пасяджэння наконт недапушчэння заносу афрыканскай чумы з Беларусі. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Віталь Карпюк прама заявіў пра тое, што трэба прадукаваць свае мяса і не купляць яго за мяжой, а канкрэтна ― у Беларусі.

Вось чаму любая інфармацыя пр вірус так востра ўспрымаецца: яна можа нашкодзіць нашаму экспарту.

У Стаўбцоўскай раеннай ветэрынарнай станцыі пытанню Еўрарадые аб афрыканскай чуме раззлаваліся і выклікаць на гутарку свайго кіраўніка адмовіліся. У Мінскім абласным упраўленні па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што на пульт дзяжурнага сігналаў наконт смерцяў свіней не паступала.

Цікавімся праблемай у намесніка кіраўніка Стаўбцоўскага райвыканкама Івана Загдая (чыноўнік курыруе сельскую гаспадарку).

“Не, няма такой праблемы”, ― кажа Іван Міхайлавіч.

Еўрарадые: “Есць такія звесткі, што ва ўрача, які жыве ў Ніўным, памерлі свінні...”

Іван Загдай: “Атручэнне”.

Еўрарадые: “І ў дырэктара спіртзавода ў Ніўным. Нават у такога чалавека здарылася”.

Іван Загдай: “Атручэнне”.

Еўрарадые: “І там, і там атруціліся?”

Іван Загдай: “Ну, камбікорм жа бяруць у адным месцы, напэўна”.

Еўрарадые: “А чаму людзі масава коляць свіней? Гэта паніка ці есць нейкія прычыны?”

Іван Загдай: “Бог яго ведае. Праблемы ніякай няма”.

Парсюк з вескі Цеснавая, якога плануюць закалоць з-за сігналаў аб афррыканскай чуме

Вуліца Стараніўнянская (веска Ніўнае), дзе, па словах жыхароў, здарыліся першыя два выпадкі свінячага мору

Свінакомплекс у Налібаках, адкуль, па словах мясцовых жыхароў, распрадаюць свіней і адпраўляюць іх на забой з-за пагрозы распаўсюджвання вірусу. Гэту інфармацыю афіцыйна не пацвярджаюць.