Общество

«Спачатку ім плацілі штодня, але ўжо няма грошай». Былы баец «Алмаза» – аб працы сілавікоў

Старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз». У інтэрв’ю Свабодзе ён даў ацэнку дзеяньням сілавікоў.

Байцы спэцназу МУС «Алмаз». Ілюстрацыйнае фота

Ігар Макар нарадзіўся ў Горадні ў 1977 годзе. Пасьля службы ў войску, у 1997-м, паступіў на службу ў Горадзенскі АМАП. З 1998 году пачаў працаваць у «Алмазе». Пакінуў службу і ўзначаліў ахову колішняга экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, з 2006 году — у палітычнай эміграцыі.

Вось што распавёў Ігар Макар (сьцісла):

– Супрацоўнікі АМАПу вельмі стомленыя, таму яны робяць усё, каб пратэставыя акцыі проста скончыліся. Чым менш народу выходзіць, тым будзе больш затрыманьняў.

«Яны ўсе азлобленыя. Некаторыя зь іх гэта апраўдваюць тым, што працуюць суткамі, казарменны рэжым, бо кожную нядзелю, суботу акцыі, а ім гэтага ня трэба. Яны атрымліваюць малыя заробкі. Першыя дні ім даплачвалі за кожны дзень. Цяпер ніхто нічога ня плаціць, бо грошай няма. І не заплацяць, таму яны азлобленыя, прымяняюць сілу».

– «Тое, што зрабіў супрацоўнік «Алмазу», які стрэліў у Тарайкоўскага, — гэта злачынства, за якое можна даць найвышэйшую меру пакараньня. Гэта было помпавае ружжо, якое прымяняецца толькі ад 50 мэтраў. Пра гэта павінен ведаць кожны супрацоўнік. Не разумею, чаму алмазавец страляў. Да Тарайкоўскага было 20–25 мэтраў, што і прывяло да сьмяротнага выніку».

– Мікалай Карпянкоў — вельмі адданы чалавек, асабліва Лукашэнку. Ён яму ніколі ня здрадзіць.

«Мікалай Карпянкоў на той час кіраваў аддзелам у службе бясьпекі прэзыдэнта… Гэта вельмі адданы чалавек, асабліва Лукашэнку. Ён яму ніколі ня здрадзіць, ён будзе рабіць усё. Як мне бачыцца, ягоная мара — стаць міністрам. Ён робіць усё, каб атрымаць гэтую пасаду. Дарэчы, Навумаў стаў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта менавіта з падачы Карпянкова».

– Лукашэнка ўцягнуў падразьдзяленьні ў агрэсію. Галоўная прычына, чаму людзі на гэта ідуць, — абсалютная, татальная беспакаранасьць. Гэта працягваецца 26 гадоў.

– У адной з размоваў супрацоўнік АМАПу сказаў, што яны ўсё разумеюць, але не рабіць гэтага яны ня будуць, бо яны ўжо зрабілі столькі, што назад дарогі няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(42)