«Сорамна перад беларусамі». У Польшчы абураныя тым, як TVP паказала ўрачыстасьці ў Вільні
Галоўная інфармацыйная перадача на грамадзкім канале TVP цалкам праігнаравала масавую прысутнасьць беларусаў у Вільні 22 лістапада, а ў адным з кадраў беларускі сьцяг выдалі за польскі, піша Радыё Свабода.
Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году
Урачыстасьць перапахаваньня лідэраў і ўдзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў асьвятлялася ў польскіх СМІ сьціпла. Цырымонію трансьлявалі тэлеканал «Белсат», які зьяўляецца часткай грамадзкай польскай тэлевізіі TVP, а таксама каналы для палякаў замежжа — Polonia і TVP Wilno. Іншыя СМІ перадавалі паведамленьні ад інфармагенцтваў.
Як Беларусь шануе сваіх герояў
«Беларусаў прадставілі «палякамі зь Літвы»»
Прысутных у Вільні польскіх журналістаў, актывістаў і проста ўдзельнікаў цырымоніі зьдзівіў і абурыў вечаровы эфір галоўнай інфармацыйнай перадачы TVP1 «Wiadomości».
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Твітэры, што беларусаў там прадставілі «палякамі зь Літвы».
«Бываюць хвіліны, калі чалавека перапаўняе. Кім былі гэтыя людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якіх быў такі натоўп у Вільні, пытаецца ў мяне праз мэсэнджэр калега з Гданьску. А я не разумею, чаму ён пытаецца. Сёньня я паглядзела „Wiadomości“ і ўжо ведаю. Мне было сорамна глядзець учорашнія навіны. Празь мяжу ў працоўны і халодны дзень прыехала маса беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А пра гэта не было ані слова.
Было сорамна перад літоўцамі, якія арганізавалі ўрачыстасьці, перад тысячамі беларусаў, якія прабіваліся празь мяжу і стаялі гадзінамі на моцным холадзе і якіх прадставілі «палякамі зь Літвы». Пасыл «Wiadomości» з учорашніх урачыстасьцяў у Вільні мала таго, што ня ўтрымліваў асноўных фактаў, якія былі бачныя няўзброеным вокам, дык выглядаў так, нібыта ў Польшчы кіруе «Канфэдэрацыя» (нацыяналістычная кааліцыя ў Сэйме Польшчы. — РС)».
Чаго не было ў сюжэце «Wiadomości»?
Сваімі ўражаньнямі ад прысутнасьці ў Вільні і ад прагляду навінаў на канале TVP1 падзяліўся са Свабодай аналітык Інстытуту Цэнтральнай Эўропы Дамінік Вільчэўскі. Паводле яго, калі б нехта ў Польшчы хацеў даведацца пра ўрачыстасьці ў Вільні і атрымліваў інфармацыю толькі зь перадачы «Wiadomości», то дазнаўся б, што гэта было пахаваньне выключна польскіх герояў, пашану якім аддалі найперш палякі.
«Адзін з рэпартэраў так і сказаў: «Палякі не падвялі». Карцінка ўрачыстасьці ў TVP мела мала супольнага з тым, што я пабачыў на ўласныя вочы каля катэдры і на вуліцах Вільні. Літоўцы нібыта былі толькі статыстамі, а беларусаў польская грамадзкая тэлевізія не заўважыла».
У агульных плянах глядач мог пабачыць бел-чырвона-белыя сьцягі, але рэпартэры за кадрам падкрэсьлівалі масавы ўдзел палякаў. На некалькіх кадрах можна было пабачыць абрэзаны беларускі сьцяг, які ператварылі ў польскі, абрэзаўшы ніжнюю белую стужку.
Паводле Вільчэўскага, на практыцы глядач не зразумеў, якое значэньне маюць студзеньскія паўстанцы для літоўцаў і беларусаў, і мог зразумець, што літоўцы і беларусы шануюць польскіх герояў.
— Я не хацеў бы падазраваць рэдактараў «Wiadomości» ў кепскім намеры. Магчыма, гэта проста адсутнасьць ведаў і палёнацэнтрызм. На жаль, на ўроках гісторыі працягваюць вучыць, што Рэч Паспалітая — гэта Польшча, а яе жыхары — палякі ў сёньняшнім значэньні.
Не гаворыцца пра шматкультурнасьць і шматэтнічнасьць той дзяржавы, якую хацелі адрадзіць паўстанцы. Я разумею, што ўспрыняцьце паўстанцаў можа ў кожнага быць розным, але ў гістарычным дыялёгу, ці нават трыялёгу, гаворка ідзе не пра тое, каб знайсьці агульную пазыцыю.
Сэнс у тым, каб выслухаць і спрабаваць зразумець другі бок. Гэтага ў матэрыялах «Wiadomości» не было, і таму словы пра тое, што «нас яднае гісторыя» і што «польска-літоўскія адносіны яшчэ ніколі не былі такімі добрымі, як цяпер» (пра што казалі рэпартэры), гучаць на гэтым фоне трошкі непраўдзіва, — кажа Дамінік Вільчэўскі.
«Ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі»
Прысутны на віленскай цырымоніі гарадзкі актывіст зь Беластоку, сябра Інстытуту гарадзкой актыўнасьці Радослаў Пусько ў інтэрвію Свабодзе назваў сюжэт польскай грамадзкай тэлевізіі прапагандай, якая «часам ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі».
— Матэрыял, які быў паказаны ў галоўным выпуску «Wiadomości» 22 лістапада, на жаль, ёсьць працягам кепскай тэлевізійнай прапаганды, якой ужо даволі даўно займаецца польская грамадзкая тэлевізія. На ўрачыстасьці ў Вільні прыбыла вялікая колькасьць грамадзян Беларусі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, і іх прысутнасьць была відавочная. Шкада, што відавочнае для іншых не відавочнае для прапагандыстаў (якіх часам называюць журналістамі) у TVP. Матэрыял ад 22 лістапада пра пахаваньне герояў шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай сьведчыць пра тое, што польская грамадзкая тэлевізія часам ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі.
«Людзей трэба вучыць, што мы можам ганарыцца нашай супольнай спадчынай»
У інтэрвію Свабодзе дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы кажа, што польскія каналы не высылалі ў Літву сваіх карэспандэнтаў і амаль не асьвятлялі перапахаваньне ані да, ані падчас урачыстасьці ў Вільні. І менавіта адсутнасьць зацікаўленасьці польскіх СМІ яна называе прычынай малой колькасьці ўдзельнікаў цырымоніі з Польшчы.
— У Польшчы перакананыя, што ўсе героі — палякі. Шмат хто ня мае нават паняцьця пра гісторыю Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і што гэта была шматнацыянальная дзяржава. Я кажу не пра гісторыкаў, бо яны ўсё цудоўна ведаюць. Я маю на ўвазе папулярную гісторыю.
Як гэта ні дзіўна, пра шматнацыянальную гісторыю ведаюць ураджэнцы «Крэсаў», людзі, якія адтуль паходзяць, і яны — хаўрусьнікі беларусаў. Ім ня варта нічога даказваць. Гэта не яны крычаць пра польскія Крэсы. Але гістарычна так сталася, што Рэч Паспалітую як дзяржаву шмат хто называў Польшчай. Так было стагодзьдзямі, і па-за межамі дзяржавы. І сам Каліноўскі так казаў.
Але паняцьці зьмяніліся. Бяда ў тым, што палякі, як людзі зь вельмі моцнай ідэнтыфікацыяй, атаясамліваюць старое паняцьце са сваёй сучаснай дзяржавай. Гістарычна было інакш. Але людзі ня маюць гістарычных ведаў. Людзі ў нас вельмі зьдзіўляюцца, калі чуюць, што першы пераклад Бібліі ў Рэчы Паспалітай быў не на польскую, а на «рускую» мову. Людзі проста гэтага ня ведаюць. І ўрачыстасьць у Вільні пацьвердзіла кепскія веды гісторыі.
Палякі — вялікія патрыёты. Але ня ўсе яшчэ разумеюць, што калі нейкія героі прызнаюцца супольнымі, то мы іх ня страчваем. Ніхто ня можа забраць у палякаў Касьцюшку, бо гэта была б гістарычная няпраўда. Людзей трэба вучыць, што мы можам ганарыцца нашай супольнай спадчынай.
22 лістапада на сайце польскай грамадзкай тэлевізіі зьявіўся артыкул «Пахаваньне Арла і Пагоні. Як Літва і Беларусь забралі ў Польшчы герояў».
«... былым малодшым братам спатрэбілася крокі з Серакаўскасам і культам Каліноўскага, каб яны не адчувалі пагрозы сваёй ідэнтычнасьці, - піша аўтар Кшыштаф Зваліньскі, называючы Каліноўскага пераробленым у беларуса палякам. — Малады нацыяналізм непісьменных да нядаўняга часу народаў мусіў змагацца з памяцьцю аб элітах, бо яны былі польскімі. Насуперак усяму, што было польскім, фарміравалася нацыянальная сьвядомасьць ў Літве, Беларусі і Ўкраіне».
Польская грамадзкая тэлевізія TVP пакуль не адказала на запыт Свабоды з просьбай пракамэнтаваць форму і зьмест сюжэту пра ўрачыстасьці ў Вільні.
Читайте еще
Избранное