Комментарии
Уладзімір Някляеў, naviny.by

«СОМ-57» і «СУ-27-М»

З усяго, што нагаварыў Лукашэнка на нядаўняй нарадзе па пытаннях выбарчага заканадаўства, як галоўнае вынікае адно: ніякіх «паслабленняў» (што азначае: зменаў да дэмакратызацыі выбарчага працэсу) у законе аб выбарах дапускаць ён не збіраецца.

Значыць, ён збіраецца яшчэ раз «выбраць» самога сябе прэзідэнтам Беларусі, у якой выбары праводзяцца, як ён заявіў, «дзеля беларускага народа і ў імя гэтага народа».

Ёсць па меншай меры тузін прычын, па якіх Лукашэнка (дзеля беларускага народа) болей не можа быць кіраўніком краіны, але ў звязку з апошнімі падзеямі спынюся на адной прычыне.

Пад расповяды і вясёлыя каментары пра злоўленага Лукашэнкам 57-кілаграмовага сама, на тэрыторыю краіны, у Канстытуцыі якой запісана, што яна імкнецца да нейтрэлітэту, пачалі прызямляцца іншаземныя ваенныя самалёты. Познім вечарам 1 ліпеня яны ляцелі і ляцелі з усходу на захад над Наваградчынай, перасякалі Нёман і сядалі пад Лідай. Стоячы на высокім нёманскім беразе каля Бярозаўкі, я спачатку лічыў, колькі іх, але потым збіўся з ліку... У нябёсах грымела, у вёсках на другім беразе запальваліся агні, людзі выскоквалі з хат, не разумееючы, што адбываецца. Няўжо вайна?..

Падобна на тое, што стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі ідзе аперажальнымі тэмпамі. Столькі ваенных самалётаў у беларускім небе я не помню з часоў СССР, калі ляталі аж да берагоў Баранцава мора і вярталіся ў Мачулішчы і Быхаў цяжкія бамбардзіроўшчыкі, страсалі паветра над Баранавічамі і Лідай знішчальнікі, кружылі ў небе над Віцебскам і Гродна транспартна-дэсантныя самалёты. І што цяпер? Усё гэта вернецца?..

Так. Пачало вяртацца. І знішчальнікі “СУ-27-М” пад Лідай — толькі пачатак.

Як вядома з гісторыі, ваеншчыне, а тым больш ваеншчыне з імперскімі памкненнямі, заўсёды ўсяго мала. Таму вернуцца і бамбардзіроўшчыкі, і ракеты, нацэленыя на сталіцы еўрапейскіх дзяржаў, што змусіць іх нацэліць свае ракеты на нас. І ў гэтым, як сцвярджае кіраўнік краіны, які (у чарговы раз парушыўшы Канстытуцыю!) прыняў рашэнне пра размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі, наш нацыянальны інтарэс?..

Ён сам разумее, што не. Таму і прамармытаў спачатку, што база — гэта як бы і не база. “Што за базар? — здзівіліся ў Крамлі. — Вы не жадаеце выконваць вамі ж падпісаныя пагадненні? Тады і мы ад выканання некаторых дамоўленасцяў будзем лічыць сябе вольнымі...”

І “базар” пра базу адразу скончыўся. Расійскія вайскоўцы прыехалі ў Беларусь, самі выбралі найбліжэйшы да межаў Еўразвязу (30 вёрст да Літвы і 120 да Польшчы) аэрадром, самі прызначылі тэрмін, калі прыляцяць іхнія самалёты.

Чаму так хутка ўсё вырашылася?

Яшчэ ў самым пачатку свайго прэзідэнтства Лукашэнка, які мог утрымацца пры ўладзе толькі з дапамогай Расіі, падпісаў з ёй процьму усялікіх пагадненняў — у тым ліку дамову пра стварэнне аб’яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны СНД. Гэта было зроблена ў лютым 1995 года. Разумеючы небяспеку, якая можа вынікнуць з такой дамовы, некаторыя яе падпісанты паставілі абавязковыя ўмовы, пры якіх яны згодныя дамову па агульнай супрацьпаветранай абароне выконваць. Украіна, напрыклад, запісала ў дамове: пры несупярэчанні нацыянальнаму заканадаўству. А што запісала як абавязковую ўмову Рэспубліка Беларусь? А вось што: "Применение войск ПВО должно осуществляться... при координирующей роли Председателя Координационного Комитета (ЦКП Войск ПВО РФ)".)

Як кажуць: адчуйце розніцу.

“Координирующая роль” у дадзеным выпадку азначае камандная. І такая ўвогуле роля Расіі ў дачыненнях з Беларуссю. Вось і прыехалі расійскія камандзіры, і зрабілі тое, што хацелі, пад чым кіраўнік Беларусі даўным-даўно падпісаўся. Хоць гэта супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству.

Грамадзянская кампанія “Гавары праўду!” разам з рухам “За свабоду”, Партыяй БНФ і сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) фармуюць зараз блок пытанняў на народны рэферэндум. Дык вось той народ, які пад рэактыўны гром выбягае ўночы з хат, мае права спытаць: дзе дамова па расійскай авіябазе? На які тэрмін яна заключаная? На якіх умовах?.. Ратыфікаваная яна Палатай прадстаўнікоў, Саветам рэспублікі?.. Ці грамадзянам Беларусі, у якой дыктатура, ведаць пра гэта не трэба? Чаму тады грамадзяне Таджыкістана, дзе таксама далёка не дэмакратыя, ведаюць, што дамова пра расійскую вайсковую базу на іх тэрыторыі падпісаная на 49 гадоў пры ўмове “обеспечения Таджикистана совместимым вооружением”. Мала хто з іх, праўда, уяўляе, што такое “совместимое вооружение” (яшчэ савецкіх часоў вайсковы хлам), але гэта ўжо іншая рэч.

Дарэчы, калі размяшчэнне расійскай вайсковай базы ў Таджыкістане (на мяжы з выбухова небяспечным Аўганістанам) неяк апраўданае, дык мэтазгоднасць размяшчэння базы ў Беларусі больш чым сумнеўная. Як з гледзішча ваеннага (ніхто з Захаду ні на Беларусь, ні на Расію нападаць не збіраецца, з 2000 года Захад вядзе з Расіяй перамова па стварэнні адзінай еўрапейскай сістэмы супрацьракетнай абароны), гэтак і з гледзішча палітычнага.

Тады чаму раптам расійскія вайскоўцы з гэтакім імпэтам узяліся за стварэнне базы ў Беларусі? Чаму так націснулі на Лукашэнку: давай нам базу! Ці не таму, што абаронны бюджэт Расіі з кожным годам павялічваецца (за апошнія 10 гадоў ён вырас у дзесяць разоў) і трэба паспяваць яго “пілаваць”? Бо хто не паспеў, той спазніўся: прыдуць і “распілуюць” іншыя. Менавіта праз гэтае “пілаванне” вялізарныя фінансавыя ўліванні ў абарону (толькі на пераўзбраенне расійскага войска да 2020 года будзе выдаткавана 730 мільярдаў долараў, так што можна “пілаваць” прыблізна 20 мільёнаў долараў у дзень) не даюць пакуль практычна ніякіх вынікаў.

Зрэшты, гэта праблема Расіі. Канешне, з “распілам” я перабольшваю, ёсць і больш істотныя прычыны расійскага вайсковага кідка на захад (Украіна паціху пачынае сплываць з прасторы імперыі, Казахстан дрэйфуе ўбок ад яе, дык трэба паспрабаваць захаваць на гэтай прасторы хоць Беларусь), але ў любым выпадку гэта праблема Расіі, яе адносін (якія ўжо гэтай восенню будуць высвятляцца на саміце “вялікай дваццаткі” ў Маскве) з Еўразвязам і ЗША.

А наша праблема ў тым, што Лукашэнка, паступаючыся дзеля асабістых інтарэсаў інтарэсамі нацыянальнымі, стварыў надзвычай небяспечную сітуацыю. Амаль за 20 гадоў ён з ног да галавы аблытаўся ўсялякімі сумнеўнымі, неабачлівымі пагадненнямі, дамовамі, і цяпер яны — як пятля на горле Беларусі: могуць зудушыць.

Сам развязаць, парваць пятлю Лукашэнка не здольны, з кожным годам яна сцягваецца ўсё мацней — і ўжо па адной гэтай прычыне, не кажучы пра тузін прычын астатніх, яму час сыходзіць. “Дзеля беларускага народа і ў імя гэтага народа”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)