Общество
Eolonir

Сочынская сустрэча не зацікавіла

Прынамсі блёгераў. Нягледзячы на тое, што паводле лёгікі спатканьне двух прэзыдэнтаў і двух прэм’ераў павінна было разьвеяць туман ад сьнежаньскага візыту Пуціна ў Менск, нічога падобнага не адбылося. Ну што мы ведаем? Што спартовы аб’ект у Сочы беларускі бок наўрад ці будзе будаваць: хутчэй за ўсё, чарговыя спартовыя амбіцыі спадара Пуціна не цікавілі. Але самае дзіўнае, што ў параўнаньні з плоймай допісаў, якія з’явіліся ў Інтэрнэце напярэдадні сьнежанскага візыту, гэтым разам у Сеціве не было амаль нічога.

Так, былі перадрукоўкі афвіцыйных навінаў з сайтаў незалежных газэтаў; з’явіліся нейкія камэнтары наконт магчымых вынікаў ад аднаго — двух блёгераў. Напрыклад, oohoo выказвае меркаваньне, што спатканьне 2 на 2 мела мэтай акрэсьліць ролю Лукашэнкі ва ўзаемных стасунках пасьля таго, як Пуцін дэ-юрэ аддасьць уладу спадару Мядзьведзеву. Спадабаліся кадры ўзаемнага гарбатапіцьця, што з’явіліся на незалежным беларускім відэа-партале belarus-live. Як заўжды, выказаўся і спадар guralyuk. Але гэтым разам гарбата беларусаў не зацікавіла.

Ці варта гэта сьпісаць на адносную палітычную адлігу (як яе празвалі асобныя блёгеры)? Наўрад ці: пажадай рэжым крыху памякчыцца, усё Інтэрнэт-насельніцтва прыліпне да экранаў ды будзе сачыць за такім нябачным 10 год цудам. Масавыя вакацыі самае актыўнае аўдыторыі беларускае палітычнае блёгасфэры — студэнтаў? Можа быць, але не настолькі: вялікую частку блёгераў складаюць людзі, якія пішуць з працы, ня маючы дасягу да Сеціва з дому. Расчараваньне па адсутнасьці навінаў са сьнежаньскае сустрэчы? Таксама ня думаю: неверагодна, што інтэрнаўты “заб’юць” на апошнюю сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным, апошнюю, які той праводзіць у якасьці прэзыдэнта.

Адказ выглядае значна прасьцейшым: абыякавасьць. Як паказала апошняе апытаньне, за прывілеяванасьць стасункаў з Расеяй (прывілеяванасьць як аднавектарнасьць) выказалася меньшасьць, а па пытаньні агульнага грамадзянства ды валюты дык і ўвогуле абсалютная. Нашых суайчыньнікаў цікавіць зараз Захад, а не неперадказальны Ўсход. Таму, калі размова ня дойдзе да здачы незалежнасьці, чарговым перамовам пра лаяльнасьць ды дадатковыя крэдыты наўрад ці варта чакаць увагі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)