Слюнькін: «Лукашэнку проста застаецца чакаць і маліцца»

Эксперт Еўрапейскай рады ў міжнародных адносінах, былы дыпламат — пра тое, чаму санкцыі ў адносінах да Беларусі расчаравалі Захад.

— Большая частка заходніх дыпламатаў расчараваныя тым, што санкцыі ў адносінах да Беларусі не прывялі да жаданага палітычнага эфекту, — адзначыў Павел Слюнькін у эфіры С*абода Premium. — Але ў той жа час ёсць разуменне, што нейкім альтэрнатыўным спосабам дзейнічаць было немагчыма, бо гэта проста стымулявала бы беларускія ўлады рабіць яшчэ горшыя рэчы і не несці абсалютна ніякай адказнасці.

Я думаю, да санкцый ставяцца як да непазбежнай рэакцыі, як да таго, што іх трэба было ўводзіць, каб паказаць, што Еўрапейскі саюз, як і іншыя заходнія краіны, не падтрымлівае дзеянні беларускіх уладаў.

Але заходнія дыпламаты прызнаюць, што палітычнага эфекту санкцыі не прыносяць. Прынамсі пакуль.

Эксперт кажа, што і санкцыі ў адносінах да Расіі не спрацавалі, як чакалася.

— Ёсць пэўнае расчараванне не толькі па пытанні беларускіх санкцый. Прыкладна такія ж думкі пераважваюць і наконт санкцый, уведзеных у адносінах да Расіі. Бо шмат якія краіны чакалі, што калі абмежаваць рынак нафты і газу, расійская эканоміка таксама пацерпіць вельмі моцна.

Але Расіі ўдалося прайсці гэты перыяд, як мінімум паўтары гады пасля вайны, больш ці менш спакойна і без нейкіх моцных крызісных з’яваў у эканоміцы.

Ці будзе гэта далей, невідавочна. Але дакладна, што ў Бруселі і Вашынгтоне чакалі, што эфект будзе мацнейшым. Тое самае і з Беларуссю.

Але гэта не значыць, што зараз еўрапейскія краіны зразумеюць, што яны не мелі рацыі, і вырашаць гэтыя санкцыі адмяняць, і будуць зноў прыязджаць у Мінск і абдымацца з Лукашэнкам.

Не, бо сітуацыя моцна змянілася і пазіцыя ў заходніх сталіцах застаецца такой самай, — кажа Слюнькін.

Між тым, ён упэўнены, што беларускія ўлады добра ведаюць, што трэба рабіць, каб санкцыі адмянілі.

— У Мінску ведаюць, што трэба зрабіць, каб санкцыі былі знятыя. Гэта было сфармулявана яшчэ некалькі гадоў таму. Калі Мінск захоча прадэманстраваць сур’ёзнасць сваіх намераў для таго, каб з ім пачалі зноў абмяркоўваць нейкія сур’ёзныя пытанні, трэба прадэманстраваць сваё жаданне і сур’ёзнасць сваіх настрояў на тое, каб палепшыць сітуацыю ў краіне.

Відавочна, што беларускія ўлады зараз гэтага рабіць не збіраюцца. Таму, думаю, што абодва з гэтых бакоў лічаць, што мяч знаходзіцца на чужой палове поля, і чакаюць, пакуль там будуць прыняты дзеі.

Насамрэч, я думаю, што адсутнасць фокусу на Беларусі зараз, з аднаго боку, дрэнна, бо пра Беларусь мала думаюць і не асабліва ёю займаюцца. З іншага пункту гледжання, усе разумеюць, што адна з крыніц, адкуль беларускі крызіс будзе вырашаны — гэта Ўкраіна. І таму займаюцца першакрыніцай.

У гэтым сэнсе Лукашэнку проста застаецца чакаць і маліцца, каб не адбылося тое, чаго ён вельмі баіцца, — заключыў эксперт Еўрапейскай рады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(22)