Филин

Міхаіл Мішкін

Слюнькін: «Для краіны, якая вядзе вайну і абараняе сваю незалежнасць, фактар нацыянальнай бяспекі будзе ў прыярытэце»

Аналітык — пра магчымыя візы для беларусаў ва Украіне і чаму ў гэтым ёсць не толькі негатыў.

Уладзімір Зяленскі даручыў ураду Украіны разгледзець пытанне аб адмене бязвізавага рэжыму з Беларуссю, які дзейнічаў са снежня 1992 года.

Адпаведная петыцыя, аўтары якой мяркуюць, што свабодны ўезд грамадзян Беларусі нясе пагрозы нацыянальнай бяспецы, набрала звыш 25 тысяч галасоў (па стане на 18.50 13 кастрычніка – «Ф»). Прэзідэнт Украіны адказаў, што зараз на ўкраінска-беларускай мяжы зачыненыя амаль усе пункты пропуску —дзейнічае толькі адзін, у Валынскай вобласці, дый той у абмежаваным рэжыме: праз яго ўкраінцы могуць вярнуцца з Беларусі на радзіму.

Зяленскі таксама дадаў, што сочыць за мерамі, скіраванымі на ўзмацненне кантролю за перасячэннем беларускімі грамадзянамі мяжы з Украінай.

Што будзе значыць адмена бязвізу для Беларусі і беларусаў, і як такое рашэнне, калі яно будзе прынятае, адаб'ецца на стасунках Кіева з афіцыйным Менскам, Филин абмеркаваў з аналітыкам Еўрапейскай рады па міжнародных стасунках(ECFR), экс-дыпламатам Паўлам Слюнькіным.

Павел Слюнькін

—Толькі ўчора дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч выступіў з падтрымкай беларусаў, а сёння на павестцы дня крокі ў супрацьлеглым кірунку. Ці трэба так разумець, што пазіцыя Арастовіча, якой бы прыемнай для нас ні была, але гэта ягонае прыватнае меркаванне, а магчымае рашэнне ўраду Украіны па скасаванні бязвізу — афіцыйная пазіцыя Кіева, кім украінскі бок лічыць Беларусь і грамадзян нашай краіны?

— Калі мы гаворым пра Аляксея Арастовіча, трэба памятаць, што ён займаецца ў першую чаргу інфармацыйным суправаджэннем падзеяў вакол Украіны, а не фармуляваннем дзяржаўнай пазіцыі. Далёка не заўсёды тое, што ён кажа, трэба ўспрымаць дакладна.

Яго выказаванні — гэта не афіцыйная пазіцыя дзяржавы, бо гэта дзве розныя задачы: выбудоўваць афіцыйную палітыку альбо насычаць інфармацыйную прастору неабходнымі тэзамі, фарміруючы стаўленне да нейкіх падзеяў ці правяраючы рэакцыю на іх.

Таму, хоць яго нядаўныя заявы і гучалі прыемна для беларусаў, і магчыма, шмат каму хацелася б, каб менавіта такое стаўленне да нашай краіны было ва ўкраінскай дзяржавы, але я не ўпэўнены, што яно будзе змяняцца ў гэты бок.

Тое, што робіць Уладзімір Зяленскі, на думку аналітыка, «зусім іншы кейс» — палітыка не толькі двухбаковых адносінаў з беларусамі, але яшчэ і пытанне нацыянальнай бяспекі.

— Зараз Беларусь з’яўляецца крыніцай агрэсіі для Украіны і безумоўна, яны павінны ацэньваць існуючыя рызыкі.

Разам з тым, нагадвае Павел Слюнькін, пытанне аб адмене бязвізу — не прапанова ўраду ці асабіста прэзідэнта Украіны, а рэакцыя на зварот групы грамадзян, адлюстраванне таго, як працуе прававая дзяржава.

— Гэта не значыць, што ініцыятыву абавязкова ўхваляць, бо на гэты конт ва ўрадзе могуць быць розныя меркаванні, і ўсе іх будуць прымаць да ўвагі падчас разгляду. Чамусьці ж дасюль не ўвялі візавы рэжым — хоць справа даволі відавочная, але да гэтага не дайшло.

Таму я не ўспрымаў бы гэта як тое, што такое рашэнне будзе адназначна ўхвалена. Не, гэта проста петыцыя, на падставе якой быў запушчаны працэс абмеркавання кампетэнтнымі ўкраінскімі органамі. Рашэнне ў любым выпадку будзе абапірацца ў першую чаргу на інтарэсы краіны ў сучасных ўмовах.

З іншага боку, я бачу тут не толькі негатыўныя наступствы. На доўгатэрміновую перспектыву — так, мінусаў будзе непараўнальна больш. Але калі рашэнне будзе часовым, яно дазволіць прынесці больш прадказальнасці наконт магчымасцяў беларусаў наведваць Украіну.

Бо цяпер у гэтым пытанні ніякага парадку няма: людзі, у якіх ёсць часовы від на жыхарства ці сталы — яны і так нібыта маглі прыязджаць, але былі выпадкі, што ім адмаўлялі, нават тым, хто гадамі жыў ва Украіне раней.

І калі будзе знойдзена рашэнне часовага варыянту візавага рэжыму, напрыклад, які будзе дзейнічаць да канца вайны, то гэта дадасць прадказальнасці ў планаванні. Візы тэарэтычна маглі б стаць большай гарантыяй таго, што пэўны чалавек не нясе пагрозы нацыянальнай бяспецы Украіны.

Хоць у цэлым, безумоўна, такое рашэнне для беларусаў і Беларусі дрэннае. А што датычыць украінцаў — яны сёння жывуць іншай логікай, ім ніякія турысты ці бізнэсоўцы з Беларусі зараз непатрэбныя.

— Калі рашэнне аб скасаванні бязвізу ўсё ж будзе прынятае, гэта стане адказам не толькі афіцыйнаму Менску, ае і дэмсілам, таму ж Офісу Святланы Ціханоўскай, які прапанаваў супрацоўніцтва ўкраінскаму боку?

— Не думаю, што Офіс Святланы Ціханоўскай разглядаецца як важны фактар пры прыняцці гэтага рашэння. Перадусім яно базуецца на нацыянальных інтарэсах. Для краіны, якая вядзе вайну і абараняе сваю незалежнасць, фактар нацыянальнай бяспекі будзе ў прыярытэце.

Я не казаў бы нават, што гэта рэакцыя на дзеянні рэжыму Лукашэнкі.

Гэта не тое самае, калі Еўрапейскі Саюз уводзіць шэнгенскія абмежаванні для расійскіх грамадзян. Там размова вядзецца па санкцыйным трэку, а ў дадзеным выпадку ключавое — нацыянальная бяспека краіны.

Гаворка пра грамадзян краіны, з якой ідзе агрэсія, і ў дачыненні да якіх пакуль так і не з’явіліся прадказальныя фарматы і працэдуры допуску ці недопуску ва Украіну.

Мяркую, пытанне адмены бязвізу і рашэнне па ім, пазітыўнае ці адмоўнае, ва Украіне будуць разглядаць выключна як сваё ўнутранае, не асабліва звязанае з нейкімі адказамі для знешнепалітычных актараў, у тым ліку Святланы Ціханоўскай, з якой і так адносіны знаходзяцца не на вельмі высокім працоўным узроўні.

— З пачатку вайны стасункі не толькі паміж нашымі дзяржавамі, але і паміж шараговымі ўкраінцамі і беларусамі ўскладніліся шматкроць. Быць можа, ёсць ва ўвядзенні візавага рэжыму той плюс, што мы пазбавімся ад крамлёўскага наратыву «братэрскасці» і пачнем успрымаць адзін аднаго як суседзяў, пры жаданні — сяброў, але не братоў?

— У еўрапейскіх краін таксама ёсць шэнгенская зона, але яны ад гэтага не сталі жыць у парадыгме «братскіх народаў». То бок, крамлёўскі наратыў, канешне, у гэтым сэнсе шкодны для украінцаў і беларусаў, але важна, ці мы самі ўспрымаем бязвізавы рэжым як праяву «братэрскасці» краін.

Я гэта так ніколі не ўспрымаў — бязвіз проста дае магчымасць свабодна перасоўвацца і прыязджаць у краіну, якая шчыльна звязаная з нашай у многіх сферах, ад эканомікі да міжкультурнай камунікацыі.

Але вайна перакрэслівае ўсю гэтую логіку. Эканоміка, культурныя, гуманітарныя сувязі, міжчалавечыя стасункі — гэта ўсё адыходзіць на другі план. Вайна і ёсць тая прычына, чаму гэтае пытанне ўздымаецца, разглядаецца і можа быць прынятае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(6)