Общество

Таццяна Гусева

Слуцкi збройны чын: «Прыйдзе час, калі Дзень Герояў будуць адзначаць на дзяржаўным узроўні»

Як варта ўшаноўваць памяць слуцкіх паўстанцаў, і чаму мітынгі , прысвечаныя ўгодкам гістарычнай падзеі ў Слуцку збіраюць мала мясцовых жыхароў?

Iлюстрацыя Еўрарадыё

Кіраўнік Слуцкай арганізацыі Партыі БНФ, Мінскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч шмат гадоў арганізоўваў акцыі да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. У інтэрв'ю «Салідарнасці» ён распавёў пра Дзень Герояў сваёй мары.

Віталь Амяльковіч, здымак з асабістага архіву

Дарэчы, сёлета буйнога мерапрыемства з мітынгам і шэсцем БНФ, Рух «За Свабоду», Рух салідарнасці «Разам» і Малады Фронт не плануюць праводзіць.

— Па-першае, на гэта няма грошай. Пасля таго, як былі ўнесеныя змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за тое, каб правесці мітынг і шэсце, трэба плаціць немалыя грошы. Па-другое, шмат хто не хоча плаціць прынцыпова, бо свабода выказвання сваёй думкі і правядзення мірных сходаў гарантаваныя нам Канстытуцыяй.

У коле арганізатараў, якое звычайна праводзіла мерапрыемствы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, прынятае рашэнне, што лепш падрыхтавацца да стагоддзя паўстання ў наступным годзе і распрацаваць пад гэта вялікую праграму ўрачыстасцяў.

Так адзначалі ўгодкі Слуцкага паўстання ў 2015 годзе

Віталь Амяльковіч успамінае, як напрыканцы 90-х, калі ён вучыўся ў школе, у падручніку па гісторыі Беларусі быў адзін абзац пра слуцкае паўстанне.

— Мой настаўнік, якога я вельмі паважаў, сказаў, што мы не ведаем дакладна, як гэта ўсё адбывалася, і не можам даць адэкватную ацэнку гэтым падзеям. Таму на гэтым не будзем засяроджваць увагу… Што сёння ў падручніках, я не ведаю, але перакананы: Слуцкаму паўстанню мусіць быць прысвечаная асобная тэма, а мо і не адна.

Віталь прызнаецца: ён жыве з надзеяй, што прыйдзе час, калі на дзяржаўным узроўні будуць адзначаць угодкі Слуцкага збройнага чыну.

— Зменіцца рэжым, і да падзеі будзе іншае стаўленне. Не гатовы зараз адказаць, ці варта 27 лістапада рабіць выходным днём у межах краіны, як варта, на мой погляд, напрыклад, зрабіць 8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы.

Шэсце, прысвечанае гадавіне Слуцкага збройнага чыну, 2018 год

Сурамоўца «Салідарнасці» распавядае пра тое, як трэба, на яго думку, ушанаваць памяць паўстанцаў, і пра Дзень Герояў сваёй мары:

— У Слуцкім краязнаўчым музеі даўно трэба стварыць сталую экспазіцыю, прысвечаную падзеям Слуцкага збройнага чыну.

На Случчыне з'явяцца вуліцы, названыя ў гонар слуцкіх паўстанцаў. Хацелася б, каб гэта была не адна вуліца, а некалькі. Напрыклад, вуліцы Паўла Жаўрыда, Антона Сокал-Кутылоўскага, Уладзіміра Пракулевіча, Васіля Русака, Юркі Лістапада і іншых актыўных удзельнікаў збройнага чыну.

На вуліцы Слуцкіх паўстанцаў будзе ўсталяваны помнік героям. 

У Дзень Герояў у Слуцк будуць з'язджацца беларусы не толькі з усёй краіны, але і свету, каб ушанаваць іх памяць.

На дзяржаўным узроўні будуць арганізаваныя мерапрыемствы: выставы, імпрэзы, канцэрты. Можа быць рэканструкцыя падзеяў. Вайсковы складнік, лічу, таксама абавязкова павінен быць — напрыклад, вайсковы парад.

Віталь Амяльковіч упэўнены: большасць жыхароў Слуцка ведае пра тое, што значыць дата 27 лістапада ў нашай гісторыі. Але меншасць з іх усведамляе гэта як важную гістарычную падзею.

«О Слуцком восстании не слышала. Мало ли что тут происходило в прошлые века!»

Чаму на мітынг, прысвечаны ўгодкам паўстання, выходзіць мала мясцовых жыхароў? На думку Віталя, справа не толькі ў гістарычнай памяці:

— Паглядзіце, колькі людзей выходзіла 20 год таму на мітынгі апазіцыі ў Мінску, і колькі цяпер прыйшло, напрыклад, на мітынг да 101-годдзе БНР. Гады дыктатуры зрабілі сваё, вітае пэўнае расчараванне, абыякавасць і, натуральна, страх.

Мітынг да ўгодкаў Слуцкага паўстання, 2018 год

Сёння людзі баяцца выйсці на мітынг. Мерапрыемствы адсочваюцца, на іх прысутнічаюць міліцыянты і ідэолагі. Ведаю выпадкі, калі ідэолагі бачылі незнаёмыя твары на мерапрыемствах і спрабавалі высветліць, хто гэтыя людзі, дзе яны працуюць. Нават на мясцовым узроўні рабіліся спробы запалохаць.

На жаль, у галовах некаторых ідэолагаў гісторыя Беларусі пачынаецца выключна з кастрычніцкай рэвалюцыі, а тое, што не звязана з савецкай гісторыяй, звычайна ставіцца пад сумнеў. Бо гэта не адпавядае існуючай палітыцы дзяржаўнай прапаганды і не ўпісваецца ў ідэалогію кіруючага рэжыму.

Чаму школьнікі не ведаюць пра слуцкае паўстанне

Даведка «Салідарнасці»

Штогод 27 лістапада адзначаецца Беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў розных краінах свету як Дзень Герояў, дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 году або як Дзень Узброеных Сіл Беларускай Народнай Рэспублікі. Упершыню ў навейшай гісторыі Беларусі гэты дзень адзначаўся ў 1992 годзе.

Слуцкі збройны чын ці Слуцкае паўстанне — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка ў лістападзе і снежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфарміраваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам. Адступалі яны на тэрыторыю, якую кантралявалі польскія войскі. Там афіцэры і жаўнеры былі раззброены (да афіцыйнага заканчэння савецка-польскай вайны) і інтэрніраваны ў лагер.

Тых, хто вярнуўся на Случчыну ГПУ-НКУС спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, дзе яны і памерлі.