«Словы Лукашэнкі пра яўрэяў могуць выліцца ў непрыемныя наступствы для Беларусі і беларусаў у цэлым»

Гісторык Яўген Красулін — пра агульныя антысеміцкія наратывы Мінска і Масквы і наступствы такіх варожых выказванняў.

З-за антысеміцкіх выказванняў Аляксандра Лукашэнкі ў Ізраілі адмянілі канферэнцыю «Трагедыя і гераізм на беларускай зямлі», якая мелася прайсці да 80-годдзя вызвалення Беларусі.

Раней словы Лукашэнкі, які расказваў пра гучную карупцыйную справу і заявіў, што больш за палову яе фігурантаў — яўрэі, назваў «непрымальнымі і абуральнымі» міністр замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац. Абвінавачанні пра датычнасць яўрэяў да карупцыі, адзначылі ў ведамстве, гучаць «як відавочна антысеміцкія».

Але рэч у тым, што гэта далёка не першы антысеміцкі скандал з удзелам беларускага правіцеля — ягоныя рэзкія выказванні не раз даводзілася згладжваць дыпламатам. І нават колішняму рэдактару прапагандысцкага рупару «Советской Белоруссии» Паўлу Якубовічу спатрэбілася лётаць у Ізраіль, выбачацца за выказванні пра Бабруйск.

Што стаіць за перыядычнымі антысеміцкімі рэплікамі Лукашэнкі — ягоная асабістая непрыязнасць, савецкі бэкграўнд, альбо гэта ўжо частка новай дзяржаўнай палітыкі беларускага рэжыму – як курс на збліжэнне з Палестынай, замоўчванне Халакосту дзеля прасоўвання «генацыду беларускага народу», і г.д.? Прычыны такіх нападак на яўрэяў і магчымыя іх наступствы Филин абмеркаваў з гісторыкам Яўгенам Красуліным.

— Пытанне вельмі складанае, бо дзейнічае шмат фактараў адначасова, — мяркуе гісторык. — Калі прааналізаваць выказванні Лукашэнкі, не толькі апошняга часу (мы памятаем, як у канцы мінулага году ён выказаўся пра адсутнасць яўрэяў у Арменіі — схлусіў, канешне), і разважаць, чым ёсць ягоны антысемітызм – праявай нейкіх саўковых каранёў, ці новай дзяржаўнай палітыкай, то, хутчэй, першы варыянт будзе больш слушным.

То бок, гэта старое савецкае выхаванне, дзе антысемітызм, прарываючыся раз-пораз на дзяржаўным узроўні, заўжды прысутнічаў на ўзроўні бытавым — і больш за тое, на гэтым бытавым узроўні ён ухваляўся.

Не думаю, што гэта той антысемітызм, які прывядзе да новых рэпрэсій, хаця выключаць гэтага таксама нельга. Мы бачым, як за апошнія гады пад рэпрэсіі ў Беларусі трапляюць самыя розныя групы — чаму б тут рабіць выключэнне для яўрэяў?

З іншага боку, варта зірнуць на рэакцыю дзяржавы Ізраіль. Яна безумоўна нервовая і безумоўна адмоўная. Ёсць выказванне прадстаўнікоў МЗС краіны, даволі шмат публікацый на гэты конт — практычна ніводнае выданне ў Ізраілю не прапусціла гэтыя заявы Лукашэнкі.

Аднак, што датычыцца канкрэтных дзеянняў, акрамя згаданай адмены канферэнцыі наўрад ці цяпер варта чагосьці такога чакаць.

Цяперашні беларускі рэжым не робіць нічога, што ішло б насуперак праявам расійскага рэжыму. А ў тым вельмі добра заўважная прысутнасць усё таго ж антысемітызму. Зноўку, пакуль ён побытавы, гэта тое, што грунтуецца і арыентуецца на стэрэатыпы, якія выхаваныя ў савецкага чалавека, а да таго — чалавека Расійскай імперыі, у дачыненні да яўрэяў. Прыгадаем, колькі разоў той жа Пуцін указваў на нацыянальную прыналежнасць Зяленскага.

Насамрэч, дадае Яўген Красулін, «яўрэй-фашыст»— гэта не вынаходніцтва сучаснай прапаганды, а вельмі старое спалучэнне, якое прысутнічала ў расійскай нацыяналістычнай і нацысцкай прэсе яшчэ ў 1990-х гадах, толькі замест слова «яўрэй» выкарыстоўвалі грубейшае рускамоўнае азначэнне, фактычна — лаянку.

Зараз фармулёўку ўзяў на ўзбраенне Пуцін і крамлёўскія інфармацыйныя рупары — аднак у звязку з гэтым Ізраіль не пайшоў на радыкальныя меры, нават на тыя крокі, што зрабілі ЗША і іншыя дэмакратычныя дзяржавы свету.

— Ізраіль заўжды падтрымліваў роўныя і нават, я сказаў бы, не сяброўскія, а дружаскія стасункі з Расіяй, — канстатуе гісторык. — Згадайма: калі атруцілі Скрыпалёў, Ізраіль жа адмовіўся прызнаваць адказнасць РФ за гэтую акцыю. Таксама, спасылаючыся на свае законы, ён не ўвёў санкцыі супраць Расіі з нагоды ўварвання ва Украіну.

Якія наступствы будуць у дадзеным выпадку, пасля выказванняў Лукашэнкі — гэта залежыць шмат ад якіх фактараў. У тым ліку ад палітычнай волі Ізраілю, ад таго, як будзе ісці вайна ва Украіне, ад таго, якія пазіцыі будуць дэманстравацца рознымі сіламі на міжнароднай арэне.

Пры гэтым, дадае суразмоўца, варта разумець, што «лічыльнік цікае». І ўсе выказванні што з расійскага, што з беларускага боку не забываюцца, а фіксуюцца. І ў гэтым для беларусаў хаваецца рызыка — у сэнсе атаясамлення рэжыму з народам Беларусі.

— Не магу казаць пра масавую з’яву — у сацсетках ізраільцян і на іх старонках асабліва гэтая тэма не абмяркоўвалася, прынамсі, мне не трапляліся выказванні на гэты конт. Але ж у абмеркаваннях на навінавых сайтах Ізраілю сустракаюцца каментарыі, у якіх гэты антысемітызм пераносіцца на ўсю беларускую нацыю. І гэта, безумоўна, нельга назваць прыемнай і карыснай для нас справай.

Таму, калі цяперашнія словы Лукашэнкі пройдуць без асаблівай рэакцыі з боку дзяржавы Ізраіль — у далейшым гэта можа выліцца ў вельмі непрыемныя наступствы для Беларусі і беларусаў у цэлым.

Хаця пасля падзей 7 кастрычніка, заўважу, беларускае грамадства прадэманстравала надзіва моцную аднадушнасць у плане падтрымкі менавіта Ізраілю, нягледзячы на прапалестынскія пратэсты ў розных краінах. Апытанкі нельга назваць цалкам акадэмічнымі і навуковымі, але тады яны паказалі проста шалёны ўзровень падтрымкі ізраільцян беларусамі.

Я спадзяюся, Ізраіль усё ж не вырашыць павярнуць абвінавачанні ў бок Беларусі — больш шырока, чым у бок беларускага рэжыму. Тым больш, відавочна, гэтая дзяржава не праяўляе дэманстрацыйнай аддаленасці ад дэмакратычных сіл Беларусі.

У інфармацыйных крыніцах Ізраілю Лукашэнка завецца прэзідэнтам — але ж трапляюцца выпадкі, калі прыгадваецца Святлана Ціханоўская (а яна таксама адрэагавала на антысеміцкія словы Лукашэнкі), і там яна завецца прэзідэнт-элект. Гэта паказвае, што шлях да далейшых кантактаў з дэмсіламі Беларусі не зачынены, такая магчымасць захоўваецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(11)