Слова «музэй» было напісана праз «э»: Бяляцкі ўзгадаў, як 30 гадоў таму адкрывалі экспазіцыю да юбілею Максіма Багдановіча

Мінкульт Беларусі прапусціў гэта моўнае свавольства.

130 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч – адзін з класікаў і сталпоў беларускай літаратуры, паэт, публіцыст і перакладчык. За 25 год жыцця ён паспеў зрабіць вельмі шмат для роднай мовы, культуры і Беларусі наогул. Ягонае імя ўнесенае ў каляндарны спіс ЮНЕСКО «Гадавіны выбітных асоб і падзей».

«Пагоня» і «Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі» і «Вераніка» – гэтыя і многія іншыя вершы паэта, якія сталі песнямі, кожны беларус ведае яшчэ са школы…

Якой была экспазіцыя літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча, прымеркаваная да 100-годдзя паэта, узгадвае Алесь Бяляцкі – старшыня не прызнагага ўладамі праваабарончага цэнтру і літаратуразнаўца, які некалі амаль дзесяць год узначальваў гэтую ўстанову, а ў цяперашняй Беларусі ад ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па палітычна матываванай справе.

«Салідарнасць» выбрала некаторыя цікавыя фрагменты з гэтых успамінаў.

Адкрыццё Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Мінск, 8 снежня 1991 год

– Пры рэстаўрацыі ад старога, аўтэнтычнага будынку ХІХ стагоддзя засталася толькі задняя сценка. Рэстаўрацыю рабілі на савецкі капыл: усё разбурылі, і склалі будынак па-новаму. Як для музея, можа гэта і някепска. Прынамсі будынак сухі, толькі старая сцяна была вечна вільготная – кепска зрабілі ізаляцыю. Гэтую вільготную сцяну мы падмазвалі і падфарбоўвалі кожны год. І штогод фарба злятала з яе.

Праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі атрымаўся занадта радыкальным. Мастакі прапанавалі закрыць фасад вялізнай інсталяцыяй са шкла і храміраваных трубаў. Мы адмовіліся ад яго. Нам бы і не дазволілі паставіць такую гаргару. Самі паставілі чатыры бетонныя клумбы: дзве ля ўваходу і дзве збоку, бліжэй да Дома прыроды, у якім раней месцілася сінагога.

…Скульптар Валерыян Янушкевіч адгукнуўся на ідэю ўпрыгожыць музей барэльефам. Той уяўляў даволі вялікае кола з выявай паэта ў сярэдзіне. Амаль адразу замовіў і барэльеф над аркай па вуліцы Максіма Горкага ў двор, дзе стаяў будынак музея. Валерыян зрабіў яшчэ адзін эскіз з музамі-русалкамі, якія трымалі шыльду з надпісам «Музэй Максіма Багдановіча», затым выліў іх з бронзы ў майстэрні мастацкага цэху ў Калядзічах.

Барэльефы і літары пры дапамозе пад'ёмнага крану былі прымацаваныя на фасад і арку музея.

Слова «Музэй» было напісана праз літару «э», дарэформенным правапісам. Таксама тарашкевіцай была зробленая і новая пячатка, і музейны афіцыйны бланк. Я тлумачыў гэта тым, што сам Максім Багдановіч пісаў свае вершы, публіцыстычныя тэксты тагачасным правапісам, які стаў асновай для ўнармаванага ў 1918 годзе беларускага літаратурнага правапісу Браніславам Тарашкевічам. Максім Багдановіч пісаў «Зорка Вэнера», «Менск». Ён пісаў з мяккімі знакамі.

У нас было жаданне адразу пры ўваходзе ў будынак, зацікавіць наведвальніка, заінтрыгаваць яго. Гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння, у якой жыў і чым дыхаў паэт.

Таксама важным быў іншы матыў. Мы, тутэйшаўцы, пісьменнікі, паэты, актыўна прапагандавалі тарашкевіцу, больш мілагучную і навукова абгрунтаваную, у  адрозненне ад савецкай «наркамаўкі», якая скалечыла беларускую мову. У Міністэрстве культуры ў той час наша моўнае свавольства не выклікала ніякіх пярэчанняў.

…На вокны нам зварылі краты ў выглядзе Каляднай зоркі, якую часта можна ўбачыць на беларускіх ткацкіх узорах. Задумка была мая, а намаляваў эскіз Алесь Астраўцоў. Краты атрымаліся выразныя і адметныя. А звонку, з правага боку на схіле мы высадзілі вярбу, каштан і ясень.

Багата што ў той час у музеі мы рабілі сваімі рукамі, мужчынскай часткай калектыву. Мы цягалі цяжкасці, перастаўлялі мэблю, рамантавалі, фарбавалі. Жанчыны ж прыбіралі, чысцілі, упрыгожвалі кабінеты і фае. Апошнія месяцы працавалі без выходных, кожны дзень, прыходзілі ранкам і сыходзілі пасля 22 гадзін. Я не дасыпаў і амаль не быў удома.

Памятаю, як у адзін з вечароў, за пару дзён да юбілею паэта і адкрыцця музея, ужо позна ўвечары мы прыбіралі залы экспазіцыі начыста, праціралі, падмяталі, перакладвалі апошнія цэтлікі. Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Жарты мае падхапілі дзяўчыны, на якіх напаў нейкі істэрычны смех. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)