Следчы, які першым заявіў пра «эскадрон смерці»: Давяраць Гараўскаму не варта
Першымі пра «эскадроны смерці» у Беларусі паведамілі два следчыя пракуратуры Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч у 2001-м годзе. Потым яны ўцяклі з краіны, пасля іх прызнанняў з'явіліся і прызнанні работнікаў КДБ Жарнасека і Угляніцы.
І вось адзін з тых следчых, Петрушкевіч, падзяліўся з «Нашай Нівай» думкамі аб новым прызнанні экс-байца САХРа Юрыя Гараўскага.
Дзмітрый Петрушкевіч, Алег Воўчак і Алег Случак
Былы следчы цяпер жыве ў ЗША і фрылансерам працуе на некалькі кампаній. Называе сябе «сярэднестатыстычным жыхаром ЗША». Петрушкевіч лічыць, што давяраць Гараўскаму не варта. Пры гэтым, маўляў, сумнявацца ў самім факце забойстваў не выпадае.
— У матэрыяле «Дойчэ Вэле» нічога новага няма: базу ў Бягомлі яшчэ ў 2001-м згадвалі Жарнасек і Угляніца, кіраўнік МУС Навумаў выехаў туды адразу ж з сапёрамі і журналістамі, яны там усё даследавалі і нічога не знайшлі. І гэта дапамагло Лукашэнку перад выбарамі, а Паўночныя могілкі як месца пахавання трупаў згадваліся і ў матэрыялах справы.
Паўлічэнка сам прызнаваўся, што яны змагаліся са злачыннасцю сваімі метадамі, яго група здзейсніла не адно выкраданне. А са словаў Гараўскага выходзіць, што яго прыцягнулі толькі для выкраданняў палітыкаў. Я не паверу што на такую справу ўзялі 20-гадовага неправеранага хлопца, калі ўжо не адзін год існавала правераная група.
Журналісты казалі пра нейкія дакументы, арыгіналы якіх ён захоўвае асобна, хоць з рэпартажа наогул не зразумела, аб якіх дакументах ідзе гаворка.
Ён кажа таксама пра «кішэні» на кальцавой у раёне Курапатаў. Я ў той час працаваў у пракуратуры Савецкага раёна і, здаецца, у 90-х там гэтай кішэні не было, там вакол ішлі рамонтныя работы.
Гэта, я думаю, можна лёгка праверыць, як і іншыя дэталі з інтэрв'ю. Пакуль жа гаварыць няма пра што, але з улікам гэтых новых сведчанняў следства мусіць быць адноўлена.
— Ён называе новыя прозвішчы? Новыя дэталі разбівання шкла?
— Ён мог назваць любыя прозвішчы сваіх саслужыўцаў, якіх ведаў. Іх трэба шукаць і гаварыць з імі. А тлумачэнне пра кроў і цэп можна прыдумаць, ведаючы абставіны месца злачынства, якія вядомыя ўсім.
Вось сёлета памёр Уладзімір Чумачэнка, з якім я паўгода працаваў у адным кабінеце, ён дапытваў байцоў САХРА у нашым кабінеце, і там былі прозвішчы, у тым ліку згаданыя Гараўскім, але вось яго прозвішча я не ўспамінаю. Хаця, прайшло 20 год…
— Навошта яму гэта выдумляць?
— Грошы ці легалізацыя ў ЕС. Як многія ўжо казалі, мне таксама бачацца паралелі з гісторыяй з Кучмам і Гангадзэ: Лукашэнку зачыняюць дзверы на Захад.
А Гараўскі прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве. Вытворчасць па справе мусіць быць адноўлена, а яго трэба дапытаць у якасці падазраванага, і ўсе паказанні праверыць.
Волчек: Признания экс-бойца «эскадрона смерти» поставили власти Беларуси в безвыходную ситуацию
Тут вось што цікава — калі Беларусь запатрабуе ягонай экстрадыцыі, ці стануць еўрапейцы трымаць у сябе забойцу? Дамову аб прававой дапамозе між паліцыяй Германіі і МУС Беларусі падпісваў той жа Захаранка, на падставе гэтага дакумента наш МУС можа прасіць немцаў аб судзеянні ў правядзенні следчых дзеянняў.
— Чым вы тлумачыце тое, што цяпер Паўлічэнка мяняе свае словы?
— Я прысутнічаў на допыце Паўлічэнкі ў 2001-м. Ён і тады сябе так паводзіў: казаў, што пойдзе ў суд, змяняў свае паказанні шмат разоў. У яго жалезная пласціна ў галаве, цяжка сказаць, што за ёй адбываецца.
Читайте еще
Избранное