В мире
Любаш Палаты, “Наша ніва”

Славацкі цуд

Дзесяціпрацэнтавы эканамічны рост i сумленная эканамічная палітыка зрабілі Славаччыны з паўдыктатуры цэнтральнаэўрапейскім тыграм.

Славаччына – адзіная краіна, дзе, калі размаўляеш па-чэску, цябе ня толькі зразумеюць, але ў дадатак палічаць за прадстаўніка багатага Захаду, расказваў я для жарту ў праскіх піўных, калі сам жыў у Братыславе. За гэтыя два з паловай гады, з таго часу, як я зноў у Чэхіі, у Славаччыне шмат чаго зьмянілася. Калі ня ўсё.

Славаччына скончыла мінулы год амаль што дзесяціпрацэнтным эканамічным ростам, заробкі напрыканцы года ўпершыню перакрочылі мяжу 20 тыс. кронаў (каля 800 даляраў), a курс славацкай валюты з тыдня ў тыдзень расьце.

Крона кроне роўная

Мінулі таксама часы, калі абавязковым было правіла: «Калі хочаш нечага дасягнуць у Славаччыне, мусіш паехаць на Захад ці хаця б у Прагу».

Шмат у якіх адносінах – зьніжэньня беспрацоўя і інфляцыі, балянсу замежнага гандлю, запазычанасьці краіны, прытоку замежных інвэстыцыяў – Славаччына гіганцкімі крокамі даганяе Чэхію. Чэскія аптэкі, шпіталі, супэрмаркеты, фабрыкі, тэатры i кінастудыі могуць мець у хуткім часе вельмі вялікія праблемы з знаходжаньнем супрацоўнікаў. Там на кожным кроку можна сустрэць славакаў, якія прыехалі працаваць у Чэхію, спакушаныя больш высокімі заробкамі. Дзякуючы двухбаковым дамовам славакам ужо з 1990-х не патрэбныя ніякія дазволы на працу. Паводле найбольш асьцярожных ацэнак, у Чэхіі жывуць і працуюць прынамсі 200 тыс. славакаў.

Але Чэхія, дзе сёньня сярэдні заробак складае таксама каля 20 тыс. кронаў, толькі чэскіх (каля 950 даляраў), перастае быць прывабнай для славакаў краінай. «Зразумела, мы гэта ўсьведамляем. На жаль, так яно насамрэч і ёсьць, – пачуў я ў брноўскай філіі адной вялікай міжнароднай кадравай агенцыі, калі я запытаўся, ці няма ў іх праблемаў з наборам славакаў для працы ў Чэхіі. Можна вызначыць гэта больш катэгарычна – розьніца ў заробках паміж чэхамі і славакамі сёньня ўжо практычна незаўважная. Апроч таго, у Славаччыне ўжо столькі прапановаў працы, што працадаўцы міжсобку спаборнічаюць».

Братыслава – Вена

Пакуль што адзінае выключэньне – гэта мэнэджэры сярэдняга і вышэйшага ўзроўню. – Для іх Прага па-ранейшаму мае больш цікавыя прапановы. Асноўным чынам таму, што філіі вялікіх міжнародных карпарацыяў, як і раней, маюць свае офісы ў сталіцы Чэхіі і не пераяжджаюць у Славаччыну.

Прага, дзе жыве больш за мільён чалавек і якая ў мінулых гадах зрабілася месцазнаходжаньнем некалькіх дзясяткаў рэгіянальных філіяў сусьветных канцэрнаў, гэта фактычна крыху іншая рэч, чым трохі мяшчанская Братыслава, якая сваімі паўмільёнамі жыхароў абавязаная толькі велічэзным раёнам на ускрайках гораду.

Калі б, аднак, – пасьля 15 год пустой балбатні – атрымалася злучыць Братыславу з аддаленай усяго толькі на колькі дзясяткаў кілямэтраў Венай, зьнікла б таксама і гэтая чэская перавага. Праз год будзе нарэшце здадзеная аўтастрада зь Вены да Братыславы (будаўніцтва зацягнулася па віне аўстрыйцаў, славацкі ўчастак быў ужо гатовы пяць год таму), a паміж сталіцамі Славаччыны і Аўстрыі пачне таксама езьдзіць – гэтак жа, як у часе паміж I і II сусьветнымі войнамі – хуткасны трамвай. Ужо сёньня славакі будуюць дамы ў аўстрыйскіх вёсках, разьмешчаных недалёка ад Братыславы, бо там будаўнічыя ўчасткі таньнейшыя.

Калі зь Вены і Братыславы ўзьнікне «двугорад», эканамічная моц аўстрыйскай мэтраполіі будзе азначаць геамэтрычны рост для сталіцы Славаччыны. Некалькі дзясяткаў праектаў закрытых пасёлкаў і небасягі, што растуць як грыбы пасьля дажджу, сьведчаць пра тое, што дэвэлопэры разгледзелі гэты шанец Братыславы.

Славацкія вугорцы таксама скарыстаюцца

Славацкі эканамічны цуд, магчыма, азначае таксама істотную гарантыю тэрытарыяльнай цэласнасьці гэтай найменшай вышаградзкай краіны. Упершыню ў найноўшай гісторыі Славаччына мае шанец абысьці ў разьвіцьці эканомікі ня толькі Чэхію, але і свайго спрадвечнага суперніка – Вугоршчыну.

У паўднёвай Славаччыне да сёньняшняга дня жыве вугорская меньшасьць, а Будапэшт у апошнія гады вельмі намагаўся яе актывізаваць і падрыхтаваць да «нацыянальнай рэінтэграцыі ў найлепшым вугорскім горадзе». Славацкія вугорцы, якія езьдзяць на працу ў аўтамабільныя фірмы Вугоршчыны, пачынаюць заўважаць, што больш высокія заробкі яны маглі б атрымоўваць у падобных фірмах у Славаччыне. А Братыслава, якая ўзбагачаецца і ў якую пачынаюць прыяжджаць вядомыя музычныя гурты, у хуткім часе будзе такой жа прывабнай, як і Будапэшт з сваёй выспай сьв. Маргарыты.

Пра тое, наколькі прынцыповы ўплыў на цэласнасьць дзяржавы можа мець эканамічны посьпех, сьведчыць прыклад паўночнай Італіі. Тамашняя аўстрыйская меншасьць перастала казаць пра аддзяленьне, калі ўзроўнем свайго жыцьця яна наблізілася да аўстрыйцаў, якія жылі на паўночным баку Альпаў.

Каб славацкія вугорцы пачалі сапраўды пачувацца «па-славацку», паўднёвая Славаччына павінна таксама чэрпаць выгаду з эканамічнага цуду апошніх год. Замежныя інвэстыцыі трапляюць перадусім у раён Даліны Вагу i ваколіцы Братыславы. У рэгіёны, якія маюць ня толькі прамысловыя традыцыі, але таксама і сучасную інфраструктуру.

Дзякуючы будаўніцтву заводаў КІА пад Жылінай з паўночнай Славаччыны можна сёньня даехаць аўтастрадай да Братыславы, а праз Чэхію, Аўстрыю і Вугоршчыну трапіць ва ўсю Эўропу. У наступныя гады некалькі дзясяткаў мільярдаў кронаў пойдуць на завяршэньне аўтастрады з Жыліны да Прэшава і Кошыцэ. Невыпадкова гэтая аўтастрада вядзе праз гарыстую, паўночную частку Славаччыны. Аўтастрады праз поўдзень краіны можна было б пабудаваць ня толькі хутчэй, але і таньней. Але поўнач – чыста славацкая (калі не лічыць мясцовых цыганаў), у той час як поўдзень - «вугорскі».

У выніку пераадоленьне стокілямэтровай трасы з Братыславы да Комарны – «сталіцы» славацкіх вугорцаў – трывае даўжэй, чым паездка ў разьмешчаную ў два разы далей Жыліны. A калі вугорац з паўднёвай Славаччыны хоча наведаць сваякоў альбо знаёмых, якія жывуць на поўдзень ад Кошыцэ, найбуйнейшага горада усходняй Славаччыны, то ён зьберажэ час і нэрвы, калі паедзе па вугорскіх аўтастрадах праз Будапэшт. Калі, аднак, будзе працягвацца эканамічны посьпех Славаччыны, якая сёньня дзякуючы тром вялікім аўтамабільным заводам ёсьць найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў на сьвеце ў пераліку на аднаго жыхара – то пры разумным урадзе ў Братыславе з часам таксама і славацкія вугорцы пачнуць чэрпаць выгаду з гэтага посьпеху.

Бясьпечныя рэформы

Натуральна, што фундамэнтам славацкага цуду зьяўляюцца лібэральныя рэформы папярэдняга ўраду Мікулаша Дзурынды (2002-2006). Падаецца, аднак, што і цяперашні ўрад сацыяліста Робэрта Фіца паводзіць сябе больш разумна, чым пра гэта мог бы сьведчыць склад кааліцыі. Урад, які апрача сацыял-дэмакратычнай групоўкі прэм’ера «Smer» (Курс) таксама складаюць «Рух за дэмакратычную Славаччыну» былога славацкага Лукашэнкі Ўладзімера Мэчыяра i Славацкая нацыянальная партыя скандальнага нацыяналіста Яна Слоты, праводзіць прагматычную эканамічную палітыку.

Урад падпарадкаваў свае рашэньні як мага хутчэйшаму прыняцьцю эўра (да 2009 г.), што не дазваляе яму выдаваць болей, чым складаюць даходы з падаткаў. Рэкордны эканамічны рост стаў адначасова прычынай таго, што ўрад пакінуў лінейны падатак у памеры 19 адсоткаў. Урад не адмовіўся нават ад ад лібэральнай пэнсійнай рэформы, аснову якой складаюць індывідуальныя рахункі, а таксама прыватныя пэнсійныя фонды.

Для сваіх левых выбаршчыкаў Фіца увёў толькі некалькі касмэтычных зьменаў – зьнізіў кошты на лекі, адмяніў плату за рэцэпты ў лекара, ліквідуючы ільготы, павысіў падаткі для славакаў з найлепшымі заробкамі, спыніў таксама продаж дзяржаўнай маёмасьці.

Пры росьце 10 адсоткаў Славаччыне па сілам гэтыя зьмены. Гэта зразумелі сусьветныя канцэрны, якія плянуюць тут ужо чарговыя інвэстыцыі ў памеры мільярдаў кронаў. З мала займальнай правінцыі Славаччына становіцца сапраўдным тыграм Цэнтральнай Эўропы.

Палякі, вугорцы і чэхі павінны абудзіцца і ўзяць сябе ў рукі. Інакш славацкі цягнік нашмат далёка заедзе наперад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)