Слава Камісаранка: «Калі б я раней пачаў выступаць на беларускай мове, у мяне б не было праблем з КДБ і Лукашэнкам»

«Усё зразумела» – так называецца новы выступ аднаго з самых вядомых беларускіх стэндапераў, які ўпершыню ў сваёй кар’еры вырашыў жартаваць на сцэне па-беларуску.

Слава Камісаранка, які вымушана жыве ў Польшчы, анансаваў свой тур па гэтай краіне, бо, па словах артыста, ён, як і многія беларусы, зараз сутыкнуўся з праблемай атрымання польскага дазвола на жыхарства.

– У мяне зараз вялікі тур па Польшчы, бо ў мяне няма дакументаў і я не магу адсюль выязджаць. Таму тур і вялікі.

Стэндапер крыху раскрыў асабістую кухню напісання тэкстаў і распавёў дзіўную гісторыю пра тое, што, пісаўшы новыя жарты па-беларуску або перакладаючы старыя, ён тэсціраваў іх на сваіх сябрах не з Беларусі, «каб зразумець, ці будзе гэта смешным наогул». Адсюль і выбар назвы для свайго першага беларускамоўнага стэндапа.

– У мяне нічога не атрымалася, таму што, калі я расказваў ім свае жарты, яны кожны раз казалі: «Слухай, а я ўсё зразумеў, я зразумеў зусім усё».

– Людзей будуць пытаць пасля пра канцэрт, ці было смешна, а яны будуць адказваць: «Не, было крыштальна ясна», – жартуе артыст.

Па яго словах, калі б выступы на беларускай мове пачаліся раней, ён мог бы пазбегнуць праблем з беларускімі ўладамі і працягваў свае выступы ў Беларусі і Расіі:

– Мне вельмі шкада, што толькі зараз я выступаю на беларускай мове. Я лічу, што трэба было зрабіць гэта нашмат раней і больш за тое, калі б я раней пачаў выступаць на беларускай мове, у мяне б не было ніякіх праблем з беларускім КДБ і Лукашэнкам, бо Лукашэнка нічога не разумее на беларускай мове, – ужо на апошніх словах гэтага панчу варшаўская публіка ўзрываецца.

– Нічога непанята, но так непрыятна, – парадзіруе беларускага кіраўніка Слава Камісаранка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)