Общество

Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

Скульптар помніка Гедыміну: «Цяпер чарга Вітаўта»

Сяргей Аганаў расказаў пра свае пачуцці.

Фота Радыё Свабода

У Лідзе на Дзень горада ўрачыста адкрылі помнік Гедыміну. Адметна, што цырымонія прайшла пад рознай сімволікай: і дзяржаўнай, і нацыянальнай. На адкрыццё прыйшлі як актывісты БРСМ, так і дэмакратычная грамада. Людзі вельмі цёпла ўспрынялі выбар асобы Гедыміна, што адсочваецца ў каментарах на буйных інтэрнэт-пляцоўках.

Адзін са скульптараў Гедыміна, Сяргей Аганаў, расказаў «Нашай Ніве» пра свае пачуцці.

Сяргей Аганаў, фота з Фэйсбука

— Я бачыў, што на адкрыццё прыйшлі розныя людзі, з рознай сімволікай нават. І гэта дэмакратычна, бо помнік такі — для ўсіх, а не для некага міжсабойчыку. Герб «Пагоня» не выклікае ніякага дысанансу ў чалавека, які хаця б мінімальна знаёмы з гісторыяй Беларусі, з перыядам ВКЛ. «Пагоня» тут была на дакументах, гербах, пячатках — паўсюль! — разважае Сяргей Аганаў.

— Што датычыць калюмнаў. Тое, што яны з'явіліся на помніку, абгрунтаваў Інстытут гісторыі. Яны называюцца «Слупы Гедыміна».

Ці былі нейкія цікавыя гісторыі ў працэсе вырабу помніка?

— Калі мы працавалі з Вольгай [Вольга Нячай, другі скульптар — «НН»] над вялікім Гедымінам, яна была ўнізе, а я — на рыштаваннях уверсе. І ёсць такі інструмент, стэк, падобны да кінжала. Ён у мяне алюмініевы, тоўсты, востры. І я страшна баяўся, каб ён дзе не ўпаў уніз, бо была б катастрофа. Так здараецца часам, калі ўвечары ты стомлены, і ўніз ляцяць малаткі ці яшчэ нешта. Але ўсё абышлося, толькі рукі параздзіралі аб каркас, — працягвае ён. — Агулам жа помнік вельмі тэхнічна складаны. Падгонка плашча да пастамента — цяжкая рэч, бо калі адліваецца ў бронзе, то яна дае ўсадку, часам сур'ёзную. Мы гэты плашч цэлы дзень па 5 міліметраў адразалі, каб села добра.

А як майстар успрымае сваю работу з эмацыйнага гледзішча? Дажыўшы да моманту, калі замест фігур камуністычнага пантэону пачалі з’яўляцца беларускія гістарычныя дзеячы.

— Калі я быў студэнтам, я любіў ляпіць кампазіцыі на тэму гісторыі Беларусі. Проста выставачныя, быў нават такі момант, калі мне здавалася, што гэта ўвогуле нікому не патрэбна апроч мяне. Я балдзею, такое дзіўнае хобі, укладаю грошы.

А потым удалося паставіць войта каля Ратушы… Тады здавалася: ну ўсё, гэта мяжа, аб чым можна марыць — Магдэбурскае права і войт! Потым была Анастасія Слуцкая, дзяўчына з магнацкага роду, нашая Жанна д’Арк. Потым Давыд Гарадзенскі, цяпер Гедымін. Гэта вялікае шчасце, што гэтая лінія запатрабавана. Цяпер хочацца, каб нарэшце з'явіўся Вітаўт.

Чаму не? Фігура складаная, але ключавая і вельмі важная для нашай гісторыі. Яго значэнне ніхто не аспрэчыць. А з улікам, што налета круглая дата Грунвальдскай бітвы… Гэта ж не ганьба, не сорам, мы гэтым ганарымся — расказваем у школах і ўспамінаем, а сама падзея і архітэктар перамогі не ўшанаваны. Тыя ж мінска-заслаўскія харугвы мусяць быць ушанаваныя хоць памятным знакам, — кажа скульптар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)