Аліна Таранік
Скрыпка з беларусамі патанчыў пад «самыя мілагучныя мовы ў свеце» (фота)

Грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» сумесна з музычным парталам «Тузін Гітоў» зладзілі рэліз праекта «Перазагрузка–2». Вядомыя выканаўцы з розных краінаў запісалі па адной сваёй песні, перакладзенай на беларускую мову.

Лідэр украінскага гурту «Воплі Відаплясава» Алег Скрыпка, які таксама браў удзел у другой «Перазагрузцы», у межах рэлізу плыты «забабахаў» этна-дыскатэку ў адной з мінскіх кавярняў, перад тым адказаўшы на пытанні журналістаў.

Прадзюсар праекту Алесь Зайцаў-Кот, Алег Скрыпка, перакладчык Уладзь Лянкевіч

Пра мову

Лідар «ВВ» распавёў, што пагадзіўся на ўдзел у праекце, бо ўхваляе такія «стыльныя, натхняльныя, сацыяльныя, творчыя музычныя праекты», падабаецца музыка і беларуская мова, якую разам з роднай ён адносіць да самых мілагучных у свеце.

Апроч таго, Скрыпка загадзя пагадзіўся на ўдзел у трэцім праекце. А нядаўна музыка даведаўся, што ён і сам на чвэрць беларус.

Ацэньваючы моўную сітуацыю, Алег Скрыпка заўважыў, што і Украіна, і Беларусь знаходзяцца ў падобных умовах – у чужой культурнай прасторы, у якой украінскамоўным ці беларускамоўным трэба абараняцца. Ва Украіне, па яго словах, сітуацыя крыху лепшая, але ўкраінскім выканаўцам на радзіме ўсё ж «прыходзіцца выжываць».

Па словах Скрыпкі, дома ў яго таксама гучыць родная мова.

– Украінскамоўныя людзі ў Кіеве знаходзяцца ў маргінальнай сітуацыі – мы як быццам дыяспара ў сталіцы Украіны, і па ўсіх прынцыпах дыяспары аб'ядноўваемся з іншымі украінскамоўнымі людзьмі, робім з імі праекты, адпачываем, праводзім вечарыны, каб толькі нашыя дзеці маглі кантактаваць з іншымі дзецьмі, якія размаўляюць на роднай мове. Таксама на нашыя творчыя вечарыны мы апранаем вышыванкі, узімку ходзім адно да аднаго калядаваць, – распавёў ён.

Сумаваць на прэзентацыі другой «Перазагрузкі» не выпадала

Дарэчы, ідэя спяваць па-ўкраінску ў пачатку кар'еры Скрыпкі ўзнікла абсалютна выпадкова.

– Я напісаў некалькі песень па-ўкраінску дзеля прыколу, адной з самых важных сярод якіх была «Танці», а ўсе астатнія спяваліся па-руску. І калі мы на канцэрце заспявалі тыя «Танці», у залі проста адбыўся выбух. Я стаў усе больш пісаць па-ўкраінску, а публіка рэагавала. Яшчэ такі момант: маскоўскае МTV брала кліпы «Осень» і «Весна» менавіта ва ўкраінскай версіі, бо ім было цікава, як гэтыя песні арыгінальна гучаць. Цяпер па-руску ў нашым рэпертуары засталося хіба што дзве-тры песні, – паведаміў музыка.

Алег Скрыпка «забабахаў» этнічную дыскатэку

А вось эміграцыю культурнай эліты музыка не лічыць сапраўднай праблемай. Творчыя людзі могуць рабіць нейкія праекты за мяжой, праслаўляючы радзіму ці ствараючы нешта для яе.

– А тыя, хто застаюцца, – гэта актыўныя і моцныя духам людзі, – пракаментаваў Скрыпка.

Пра Беларусь і беларускае

Па словах лідэра «ВВ», увесь гурт, калі прыязджае выступаць у Беларусь, проста «палюе» на баваўняныя шкарпэткі! Да таго ж з Беларусі прывозяцца банкі згушчонкі, а сам Алег Скрыпка, па яго словах, вельмі любіць нашыя шампуні.

– Мы жывем у сучасным свеце сінтэтыкі, а ў мяне на яе алергія. У Беларусі, калі я набываю нейкую рэч, на этыкетцы якой напісана 100 % бавоўна, я магу быць упэўненым, што гэта сапраўды адпавядае рэчаіснасці, – паведаміў музыка.

Мінск, паводле Скрыпкі, уяўляе сабой цэласны вобраз у архітэктурным плане, падабаюцца Нацыянальная бібліятэка, Палац спорту:

– Гэта сучасная архітэктура, постмадэрн. Французы, напрыклад, вельмі любяць у такім стылі будаваць, яны таксама авангардысты. Прыемна, што сучасны авангард прысутнічае ў мінскай архітэктуры, таму што такіх праектаў ва Украіне няма, а калі нешта мадэрновае будуецца, яно звычайна кепскага густу. Некепския хіба што сучасныя будынкі ў стылі нэакласікі, якія будуюцца ў цэнтры Кіева, – патлумачыў Алег Скрыпка. – Украінцам, відаць, не дадзена нешта рабіць у стылі постмадэрну, не адчуваюць яны яго.

Акрамя таго, беларусы, па назіраннях этна-дыджэя вечарыны, больш працавітыя і сканцэнтраваныя, а таксама ўмеюць рабіць якасныя рэчы. Праўда, падчас выступу з гуртом напярэдадні імпрэзы, ён быў здзіўлены, што хударлявы ахоўнік так проста змог асадзіць двух здаровых хлапцоў, якія хацелі выйсці патанчыць.

– А вось украінцы маюць харызму, якая збераглася разам з казачым, атаманскім духам, і калі абодвум народам аб'яднацца ў творчым плане, то магло б атрымацца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, – лічыць музыка.

Праекты

Дарэчы, Алег Скрыпка задумаўся, ці не рэалізаваць яму падобны да «Перазагрузкі» праект ва Украіне. На дадзены момант музыка ўжо мае буйны праект – міжнародны этнаграфічны фестываль «Краïна Мрій», у якім часам бяруць удзел і беларусы:

– Безумоўна, пачаць нейкі праект лягчэй, чым яго працягваць. Спачатку адчуваеш першы ўсполах, хочацца нешта рабіць, а потым гэта становіцца руцінай, патрабуе многа энэргіі. Калі напачатку ёсць пэўная эйфарыя, то потым яна знікае. На маю думку, нічога ў праекце мяняць не трэба, трэба проста яго працягваць і праз пэўны час праект папросту будзе працаваць сам на сябе, – распавёў пра долю «Краïни Мрій» лідэр «ВВ».

Больш таго, фестываль будзе праходзіць часцей, а акрамя летняй, ужо пачынаючы з гэтага сезону, напачатку студзеня пройдзе «Краïна Мрій Різдвяна» – на холадзе, марозе і ў сьнягах.

На вечарыне можна было набыць складанку «Перазагрузка-2»

Грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» таксама не плануе спыняцца на другой «Перазагрузцы», але фармат наступнай складанкі будзе трымаць у сакрэце да самага выхаду плыты. Па словах каардынатара кампаніі Алены Макоўскай, хацелася б выпусціць болей за 1000 асобнікаў – колькасць плытаў, якую атрымалася запісаць гэтым разам. Акрамя таго будзе весціся праца па прасоўванні беларускамоўных песень у эфіры fm-радыёстанцый, а таксама праца ў рэгіёнах, каб пра праект даведалася як мага болей людзей. Увогуле ж на рэалізацыю «Перазагрузкі-2» пайшло каля двух год.

Музыка Аляксандр Памідораў і прадзюсар Зміцер Бескаравайны таксама завіталі на рэліз

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)