Скандалы
Анастасiя Зелянкова

Скокi на касцях

У мінулую пятніцу, 2 снежня, у Курапатах невядомыя пашкодзілі дзесяткі крыжоў, выразалі свастыку на абразе, сапсавалі мемарыяльную “лаўку Клінтана” і апаганілі пахаванні. За апошнія некалькі месяцаў гэта ўжо трэці акт вандалізму ў дачыненні да мемарыяльнага комплексу.

За дзень да гэтага здарэння паслы краін — членаў ЕС наведалі Курапаты, каб выказаць абурэнне пасля папярэдняга апаганьвання помніка.

— Літаральна на наступны дзень пасля візіту паслоў ва ўрочышча зноў наведаліся вандалы, — кажа гісторык Ігар Кузняцоў. — Тое, што мы ўбачылі ў суботу, гэта жах. Ужо ў падземным пераходзе былі намаляваныя знакі свастыкі. Нацысцкія сімвалы прысутнічалі на многіх помніках. На абразе Маці Божай Курапацкай, што маляваў Аляксей Марачкін, была выразаная свастыка, “лаўка Клінтана” аказалася зноў перавернутая і цяпер ужо аблітая чырвонай фарбай, на некаторых помніках былі антысеміцкія тэксты, сімвалы СС, а таксама надпісы: “За Русь”, “Славянский союз” і “White Power”. Аднак, што здзівіла: памятныя знакі былі апаганеныя выбарча. Прынамсі, пра месцазнаходжанне некаторых з іх маглі ведаць толькі нямногія людзі.

Факт апаганьвання мемарыяльнага комплексу быў зафіксаваны супрацоўнікамі Бараўлянскага аддзела міліцыі Мінскага РАУС. Пакуль злачынцы не знойдзены.

Паказальна, што раней ва ўрочышчы было наладжанае міліцэйскае патруляванне, а з таго часу, як на пачатку верасня з Курапатаў знікла мемарыяльная шыльда, яго ўвогуле знялі. Тады ахоўнікі правапарадку спісалі факт знікнення шыльды на бытавое злачынства з мэтай набыцця каштоўных металаў. Калі ў канцы лістапада ў Курапатах была перавернутая “лаўка Клінтана”, прадстаўнікі правапарадку заявілі, што не выключаюць таго, што лаўка магла ўпасці самастойна “в связи с изменениями погодных условий”, і таксама не палічылі неабходным наладзіць ахову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)