«Складвалася ўражаньне, што Міхайлаў мае праблемы з псыхічным здароўем»

Карэспандэнт Польскага радыё для замежжа Зьміцер Гурневіч сустракаўся з Уладзіславам Міхайлавым у апошнія дні перад ад’ездам апошняга ў Беларусь.

У нядзелю 18 сакавіка Ўладзіслаў Міхайлаў зьвязаўся са Зьмітром праз Skype і паведаміў, што непакоіцца за сваё жыцьцё, нібыта яго хочуць забіць польскія спэцслужбы. Дамовіліся на сустрэчу. Па словах Гурневіча, хлопец вёў сябе неадэкватна: увесь час казаў пра змовы вакол сябе, пра агентаў ЦРУ і польскія спэцслужбы, што наладзілі на яго паляваньне. Потым паведаміў Зьмітру, што напісаў ліст у беларускую амбасаду з просьбай вывезьці яго ў Беларусь. З. Гурневіч прапанаваў яму падумаць і сустрэцца яшчэ раз.

Наступным разам на сустрэчу прыйшлі сябры Міхайлава. У часе гутаркі паўтарылася старая гісторыя: ЦРУ, польскія спэцслужбы, праслухоўваньне, псыхалагічны ціск. З новага дадалося выказваньне пра праграму Каліноўскага — Уладзіслаў распавёў сябрам, што амэрыканскія спэцслужбы рыхтуюць зь беларускіх студэнтаў шпегаў у арабскія краіны, што сябруюць зь Беларусяй. Ва ўсіх прысутных склалася ўражаньне, што Міхайлаў мае праблемы з псыхічным здароўем. Сябры вырашылі адвесьці яго ў шпіталь. Уладзіслаў пагадзіўся, але ўжо стоячы ў чарзе некалькі разоў спрабаваў зьбегчы.

Яго сяброўка трапіла да доктара і распавяла пра яго паводзіны. Доктар даў завочны дыягназ — «востры псыхоз». Паводле польскіх законаў, калі псыхіятар прызнае чалавека хворым, яго могуць ізаляваць. Таму сябры не ўзялі на сябе такую адказнасьць. Разам маладыя людзі адгаварылі Ўладзіслава ад неабдуманых крокаў, і той паабяцаў, што нікуды ня зьедзе. У аўторак у яго была прызначаная сустрэча з кіраўніцтвам праграмы Каліноўскага, дзе мусілі вырашыць пытаньне пра чарговае перасяленьне хлопца ў новы інтэрнат. Аднак на сустрэчу ён не зьявіўся. Апошні раз Зьміцер Гурневіч меў зь ім кантакт у панядзелак у вечары.

Сябры Міхайлава мяркуць, што прычынаў здарэньня некалькі. Пасьля свайго прызнаньня аб супрацоўніцтве з КДБ Міхайлаў страціў большую частку сваіх сяброў. Яны не давалі яму праходу, тэлефанавалі і пісалі ў яго інтэрнэт‑дзёньнік. Пачаліся істотныя праблемы з вучобаю, Міхайлаў паспрабаваў перавесьціся на іншае аддзяленьне і нават паведаміў сябрам, што ўжо вучыцца там і ня мае праблемаў. Аказалася, што не. Магчыма ўсе гэтыя фактары і прывялі да таго, што Ўладзіслаў пачаў трызьніць змовамі вакол сябе.

Рэшта сяброў, што засталіся з хлопцам пасьля гісторыі з КДБ ды спрабавалі дапамагчы адаптавацца яму ў новых варунках, ня могуць даўмецца, ці сапраўды Міхайлаў захварэў псыхічна. Яны мяркуюць, што выступам на БТ той аплаціў свой выезд з Польшчы на дыпляматычным аўто.

Запісаў Сямён Печанко

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)