Скасаваны ўказ, які прымусіў галадаць уладальнікаў маршрутак

У Беларусі адменены рэспубліканскі збор за выкарыстаньне ў прадпрымальніцкай дзейнасьці транспартных сродкаў. Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны указ. Берасьцейскія прадпрымальнікі, якія праз галадоўку патрабавалі адмены рэспубліканскага збору, вітаюць гэтае рашэньне.

У Міністэрстве транспарту і камунікацыяў сёньня паведамілі, што ўказ закранае інтарэсы больш як 700 уладальнікаў ліцэнзіяў на перавозку пасажыраў маршрутнымі таксі. Але перадусім спадзяюцца на лепшае ўладальнікі маршрутак у Берасьці. Тут 15 чалавек галадалі некалькі тыдняў у ліпені й жніўні. Яны дамагаліся скасаваньня рэспубліканскага збору.

Адна з удзельніц акцыі галадоўкі Любоў Разановіч заявіла, што справядлівасьць аднавілася дзякуючы паведамленьням пра галадоўку ў сродках масавай інфармацыі:

(Разановіч: ) “Я хачу падзякаваць Радыё Свабода. Усё ж праўда перамагла. Вельмі вам удзячная. Нізкі вам паклон. Дай вам Бог здароўя”.

Любоў Разановіч называе папярэдні прэзыдэнцкі ўказ №140 ад 22 сакавіка 2004 году абсурдным:

(Разановіч: ) “Паводле эканамічна недарэчнага ўказу я стала правапарушальніцай. Нягледзячы на тое, што кожны месяц плаціла ў бюджэт розных плацяжоў на 1 мільён 300 тысяч рублёў”.

Са словаў Любові Разановіч, раней чыноўнікі налічылі берасьцейскім прадпрымальнікам штраф каля 200 мільёнаў рублёў. У гутарцы з памочнікам намесьніка губэрнатара Вячаслаў Мятліцкім задаю пытаньне: як хутка адменяць фінансавыя санкцыі?

(Мятліцкі: ) “Мне для пачатку трэба прачытаць гэты ўказ, калі ён да нас дойдзе. І зноў-такі трэба чакаць, што ў Менску вырашаць наконт справаў, якія мы накіравалі па адмене санкцыяў. Так што я пакуль не магу сказаць нечага пэўнага”.

А вось што паведаміў адказны супрацоўнік Міністэрства па падатках і зборах Леанід Лемеш:

(Лемеш: ) “Чуў, што там страйкавалі, але канкрэтна нічога не магу растлумачыць. Калі ўказ зарэгістраваны, то ён даходзіць да міністэрства, а пасьля дасылаецца ў вобласьці”.

Бестэрміновая галадоўка пачалася ў Берасьці 5 ліпеня. Уладальнікі маршрутных таксі, члены іхных сем’яў і кіроўцы пратэставалі супраць трактоўкі ўказу прэзыдэнта Беларусі № 140, які пастанавіў браць плату за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. У Берасьці гэты дакумэнт ужылі й да аўтамабіляў, якія ўвезьлі на тэрыторыю краіны да прыняцьця ўказу. На пачатку гэтага году прадпрымальнікі атрымалі рахункі на аплату рэспубліканскага збору, пэняў і штрафаў на 80 мільёнаў рублёў разам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)