В мире
Мікола Бугай, ”Наша нiва”

Скандал у Літве: Пацюнас забіты сваімі? Сакратар МЗС — расейскі шпіён?

У Літве скандал: спэцслужбы затрымалі рэдактара жоўтай газэты "Laisvas Laikrastis" і сканфіскавалі наклад гэтага тыднёвіка. Афіцыйнае абвінавачваньне: разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы. У сканфіскаваным нумары было два скандальныя артыкулы: адзін абвінавачваў у карупцыі экс-прэм'ера Бразаўскаса і экс-шэфа Сойму Паўлаўскаса, а другі ўскладаў віну за сьмерць дыплямата Пацюнаса ў Берасьці на літоўскія спэцслужбы.

Умяшаўся прэзыдэнт Адамкус. Ён палічыў арышт замахам на свабоду слова, і рэдактар Дрыжус выйшаў на свабоду. Праваабаронцы і журналісты віталі такі крок Адамкуса.

Спэцслужбы кажуць: усё гэта расейская правакацыя. Помста за дзеяньні літоўскіх спэцслужбаў супраць Віктара Ўспаскіх, літоўскага бізнэсоўца і палітыка, цесна павязанага з Масквой. За фінансавыя махінацыі ён быў адхілены ад пасады і цяпер хаваецца ў Маскве. А публікацыі "Laisvas Laikrastis" — гэта частка чорнага піяру, які мае пасеяць недавер да дзяржаўных інстытутаў Літвы.

Аднак многія назіральнікі мяркуюць, што акцыя спэцслужбаў была спробаю адцягнуць увагу ад сьмерці Вітаўтаса Пацюнаса, які выпаў з акна гатэлю "Інтурыст" у Берасьці. Паводле некаторых назіральнікаў, вінаватых трэба шукаць не ў беларускім КДБ, як адразу былі маніліся, а ў літоўскай службе ВСД. Маўляў, Пацюнаса выслалі ў Беларусь, бо ён спрабаваць сарваць рэалізацыю некаторых праектаў, зьвязаных гандлем газам з Расеяй і транспартаваньнем тавараў па чыгунцы ў Клайпэдзкі порт.

Як піша газэта "Экстра", найбольшы літоўскі пасярэднік у гандлі газам — гэта Рымантас Стоніс, адначасова блізкі сябар Альбінаса Янушкі, сакратара літоўскага МЗС. Як выдаецца газэце, менавіта Янушка дабіўся пераводу Пацюнаса ў Беларусь. "Экстра", аналізуючы дзейнасьць Янушкі, цьвердзіць, што ён — рэзыдэнт расейскіх спэцслужбаў у Літве.

У абарону Янушкі выступілі ўжо многія палітыкі й кіраўнікі спэцслужбаў. Яны адзначаюць, што Янушка заўжды пасьлядоўна адстойваў празаходні курс Літвы і асаблівую ўвагу надаваў дэмакратызацыі краінаў былога СССР. ВСД дае зразумець, што абвінавачваньні на адрас Янушкі — гэта той самы расейскі чорны піяр.

Варта адзначыць, што Янушка быў частым госьцем на спатканьнях з удзелам актывістаў беларускага дэмакратычнага руху ў Вільні. Пазьней зь ім быў зьвязаны іншы скандал, у якім мэдыі так да канца не разабраліся, калі расейскі тэлеканал перадаў запіс быццам бы тэлефоннай размовы між пэўным “Альбінасам”, высокім чыноўнікам літоўскага МЗС, і ўплывовым грузінскім палітыкам Таргамадзэ, у якім Аляксандар Мілінкевіч крытыкаваўся за памяркоўнасьць і, фактычна, за нежаданьне арганізоўваць рэвалюцыю і гучалі пагрозы на ягоны адрас.

Праўдзівасьць тае размовы літоўскія афіцыйныя асобы абвяргалі, але ў любым разе той эпізод пагаршаў вобраз Вільні як у вачах беларусаў, так і Захаду.

Трэба сказаць, што "Laisvas Laikrastis" — гэта тыднёвік, што спэцыялізуецца на журналісцкіх сьледзтвах, асабліва што датычыць карупцыі ў вышэйшых эшэлёнах уладаў. Ён не ўнікае публікацыі непацьверджанай інфармацыі ды плётак. Падчас Паксасгейту ў 2003 годзе ён выступаў у абарону прэзыдэнта, якога парлямэнт адхіліў ад пасады за сувязі з расейскімі спэцслужбамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)