Общество
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Сілавікоў у чарговы раз пазбавілі льготаў, а яны зноў іх сабе вярнулі

Прэзідэнт вырашыў канчаткова ўраўняць у правах усіх грамадзян і дарэшты пазбавіў ільготаў супрацоўнікаў органаў пракуратуры, міліцыянтаў ды іншых сілавікоў. Але, як высветліла Еўрарадыё, большасць з іх па-ранейшаму будуць карыстацца грамадскім транспартам бясплатна.

3 красавіка прэзідэнт сваім Указам “Аб некаторых сацыяльна-прававых гарантыях для вайскоўцаў, суддзяў і супрацоўнікаў пракуратуры” сярод іншага скасаваў ранейшыя ўказы, датычныя іх льготаў на карыстанне грамадскім транспартам. Нагадаем, што выдадзены летась Указ “Аб ільготах” не адмяняў ранейшых указаў аб праве праезду супрацоўнікаў праваахоўных органаў па спецыяльным знаку. І тыя, скарыстаўшыся юрыдычным непаразуменнем, працягвалі ездзіць у транспарце бясплатна.

Але як стала вядома Еўрарадыё, нават адмена прэзідэнтам Указу аб спецзнаках не пазбавіла магчымасці значнай часткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пракуратуры і іншых былых ільготнікаў у пагонах едзіць у аўтобусах і трамваях бясплатна. Па словах кіраўніка прэс-службы Генпракуратуры Міхаіла Вавулы, наўзамен спецзнакаў арганізацыі за кошт сродкаў з уласнага бюджэту будуць набываць супрацоўнікам праязныя білеты.

Міхаіл Вавула: “Ва ўказе сказана, што кіраўнікі арганізацый, у тым ліку і органаў пракуратуры, маюць права самі вызначаць катэгорыі супрацоўнікаў, якім могуць быць прадастаўленыя праязныя квіткі за кошт арганізацыі”.

Пакуль, па словах кіраўніка прэс-службы, у пракуратурах Беларусі не пачыналі нейкім чынам вырашаць, каму набываць праязныя, а каму — не. Нібыта, апошняе слова будзе за кіраўнікамі на месцах. Але, на думку супрацоўніка Генпракуратуры, перш за ўсё гэта будуць людзі, выкананне службовых абавязкаў якіх звязана са службовымі раз’ездамі.

Міхаіл Вавула: “Па логіцы, гэта будуць супрацоўнікі, у нашым выпадку — супрацоўнікі пракуратуры, у якіх выкананне службовых абавязкаў звязанае з раз’ездамі”.

Колькі такіх людзей, якім пракуратура вымушана будзе набываць за свой кошт квіткі, назваць нават прыблізна кіраўнік прэс-службы не здолеў. Не захацеў ён і адказваць на пытанне пра тое, ці быў сэнс у тым, каб адмяняць бясплатны праезд па спецзнаках і замяняць яго на набыццё арганізацыямі сваім супрацоўнікам праязных.

Міхаіл Вавула: “Такое вось рашэнне прыняў прэзідэнт, і яно не абмяркоўваецца”.

Еўрарадыё звярнулася ў Мінсктранс, каб даведацца, ці пачалі ўжо міліцыянеры ездзіць па квітках. Але, як паведаміла начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення Ганна Міхайлоўская, пра ўказ прэзідэнта і забароны міліцыянерам карыстацца спецзнакамі яна чуе ўпершыню.

Ганна Міхайлоўская: “Не, я яшчэ не бачыла яго. Але зараз мы будзем вывучаць, адшукаем указ гэты і давядзем да ведама сваіх супрацоўнікаў і правяраючых рэвізораў-кантралёраў”.

Супрацоўніца Мінсктрансу ўпэўніла, што баяцца патрабаваць праязны квіток кантралёры ў міліцыянераў не будуць. А калі тыя будуць спрабаваць паказаць спецзнак, то і штрафаваць.

Ганна Міхайлоўская: “Калі ўказ такі ёсць ужо і канкрэтна напісана, што ён павінен прад’явіць праязны дакумент, то чаму кантралёры павінны баяцца гэта патрабаваць?”

І з задавальненнем адзначыла, што прыбытак іх арганізацыі ад павелічэння пасажыраў за кошт пазбаўленых ільгот міліцыянераў павялічыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)