Швейцарац перадумаў пераязджаць у беларускі калгас

Грамадзянін Швейцарыі, які днямі папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, перадумаў жыць у нашай краіне. Як паведамілі Радыё Рацыя ў Брэсцкай памежнай групе, 8 снежня ён пакінуў Цэнтр размяшчэння мігрантаў у Брэсце і вярнуўся на радзіму.

28 лістапада грамадзянін Швейцарыі на аўтамабілі “Жыгулі” перасёк беларуска-польскую дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску “Варшаўскі мост” і папрасіў палітычнага прытулку. Ён паведаміў памежнікам, што Беларусь, Венесуэла і Куба — гэта лепшыя на свеце дзяржавы. У аўто, акрамя асабістых рэчаў, быў таксама збор сачыненняў Леніна. Швейцарскі бежанец гатовы быў працаваць у любым калгасе краіны на любой пасадзе.

Аднак пасля 10-дзённага знаходжання ў Цэнтры размяшчэння мігрантаў у Брэсце грамадзянін Швейцарыі перадумаў жыць і працаваць у беларускім калгасе і з’ехаў дадому.

— Магчыма, яму больш даспадобы Альпы і горная мясцовасць, а ў Беларусі такога няма, — выказаў меркаванне наконт адной з прычынаў ад’езду грамадзяніна Швейцарыі супрацоўнік Брэсцкай памежнай групы. — Дакументы ў яго былі ў парадку, была беларуская віза. Так што ён без праблемаў пакінуў нашую краіну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)