Общество

«Шукае нагоду, каб выслужыцца». Аднагрупнікі пра Аліну Касьянчык, абвінаваўцу на палітычных працэсах

Былому ратавальніку, 26-гадоваму Рыгору Давыдаву, прысудзілі 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараць яго патрабавала памочніца пракурора Аліна Касьянчык, піша Свабода.

Паводле абвінавачваньня, 10 жніўня Рыгор Давыдаў тройчы кінуў неўстаноўлены прадмет у бок праезнай часткі і спэцтранспарту каля ГЦ «Рыга». Як доказ Аліна Касьянчык прад’явіла відэа, на якім немагчыма вызначыць асобу. Пацярпелых у справе няма. Рашэньне прыняла судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Юлія Блізьнюк.

Коратка пра Аліну Касьянчык

Памочніцы пракурора Аліне Касьянчык 22 гады.

Менавіта паводле яе абвінавачаньняў на 2 гады калёніі агульнага рэжыму асудзілі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія вялі стрым з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на «плошчы Пераменаў».

Таксама менавіта Аліна Касьянчык выступіла абвінаваўцам у справе надпісу «Не забудем» непадалёк ад месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Як вынік, 26-гадовага Максіма Паўлюшчыка пакаралі 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму, а 25-гадовай Марыі Бабовіч прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі».

Дадаткова, паводле абвінавачваньня Аліны Касьянчык у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на паўтара года адправілі 19-гадовага Ільлю Тананку — за надпіс «Балаба забойца», нанесены асадкай у доме камандзіра менскага АМАП.

У 2013–2015 гадах Аліна Касьянчык вучылася на філялягічным кірунку Ліцэю БДУ. У элітарную ўстанову дзяўчына паступіла без іспытаў — як прызэр рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Актыўна гуляла ў баскетбол, пазьней ужо як студэнт БДЭУ нават адпрошвалася з гэтай прычыны з суботніх заняткаў.

Паводле ўспамінаў яе аднаклясьніцы зь Ліцэю БДУ (пажадала застацца ананімнай, імя ёсьць у рэдакцыі), Аліна яшчэ ў 10 клясе вырашыла, што будзе юрыстам:

«Гэта было ў яе жаданьне як у чалавека з выражаным вострым пачуцьцём справядлівасьці. Гэта быў яе асноўны матыў паступленьня на юрыдычны факультэт. Мне заўсёды здавалася, што яна хацела стаць адвакатам, што яна хоча быць на іншым баку. Як так атрымалася, што яна стала пракурорам, я, на жаль, не зусім ведаю, бо за справядлівасьць яна была ў добрым пляне з разраду, што бедным трэба дапамагаць, што людзі могуць у чымсьці памыляцца, і ня трэба іх за гэта караць. У прынцыпе, заўсёды ў нас у клясе была такім чалавекам, які любую несправядлівасьць нішчыў у корані. Прытым яна не выбірала нейкія лёгкія мэтады.

Яна магла ўступаць у дыскусіі, спрэчкі. Яна была вельмі запальчывая. То бок заўсёды, калі ёй штосьці не падабаецца, яна гэта выкажа, яна на гэтай глебе магла стварыць нейкі канфлікт. То бок павінна быць так, як яна хоча, як яна адчувае, як яна ведае. Хто зь ёй нязгодны — “гуляйце”, мякка кажучы. Аліна, калі за ёй ня будзе апошняе слова — яна не супакоіцца.

Яна вельмі любіла ня толькі выказваць сваё меркаваньне пастаянна, яна хацела, каб усе перасталі быць нязгоднымі, але яшчэ і прынялі частку яе меркаваньня. Ёй заўсёды было важна, каб яе ня проста паслухалі, а і каб зь ёй яшчэ згаджаліся».

Аліна Касьянчык зьбіралася паступаць на юрыдычны факультэт БДУ, але ў яе не хапіла балаў для бюджэтнага аддзяленьня. Паводле аднаклясьніцы, яна не разглядала магчымасьці платнага навучаньня праз пазыцыю бацькоў. Аліна трымала зь імі шчыльную сувязь, значна часьцей за астатніх іншагародніх ліцэістаў езьдзіла да іх з інтэрнату ў вёску Крукавічы Калінкавіцкага раёну.

Сям'я, паводле ўспамінаў аднаклясьнікаў, у яе была самая звычайная, не зьвязаная зь дзяржаўнай службай. Аліна паступіла ў БДЭУ на спэцыяльнасьць «Гаспадарчае права», а потым скончыла Інстытут перападрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі судзьдзяў, працаўнікоў пракуратуры, судоў і ўстановаў юстыцыі БДУ.

Выпускнік Ліцэю БДУ, які вучыўся з Алінай Касьянчык на паралелі (імя ёсьць у рэдакцыі), зьдзіўляецца, што пасьля адукацыі, завязанай на эканоміку, дзяўчына абрала працу ў пракуратуры:

«Ні для кога не сакрэт, што юрыдычная сфэра — гэта сфэра, дзе можна зарабляць вялікія грошы. Дзяржаўныя пасады такія грошы прадставіць могуць зь цяжкасьцю. Ліцэісты — гэта людзі, якія маюць выбітныя навыкі ў розных галінах. І, у прынцыпе, я быў упэўнены, што ў нас, пры патрэбнай падрыхтоўцы, усе будуць працаваць у прыватных кампаніях, ня будуць зьвязаныя з палітычным крызісам наўпрост. Думаў, што мы не апынёмся па розныя бакі барыкадаў. Не абавязкова было выбіраць дзяржаўную кампанію для разьмеркаваньня. Ня ведаю, якая яе сытуацыя, чаму яна трапіла туды. Шмат адкрытых дарог, чаму трэба было выбіраць менавіта гэтую?»

Выпускнік БДЭУ, які вучыўся з Алінай і таксама пажадаў застацца ананімным, сьцьвярджае, што Аліна Касьянчык ад самага пачатку выказвала жаданьне стаць пракурорам:

«Ёй хацелася займацца крымінальным правам. Яе не адразу разьмеркавалі ў пракуратуру, і яна працавала ў грамадзкай праўладнай арганізацыі „Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў“. І толькі потым яна пераразьмяркоўвалася ў пракуратуру. У цэлым у пракуратуры ня так шмат месцаў, як выпускнікоў ва ўнівэрсытэтах. Да жнівеньскіх падзей гэта лічылася добрай працай, у тым сэнсе, што яна найбольш інтэлектуальная і юрыдычна складаная, калі казаць пра дзяржаўныя органы. Гэта здавалася нармальным. Але ў пракуратуры даволі мала месцаў, дзяўчат туды стараліся ня браць. Бралі хлапцоў, у якіх вырашаныя пытаньні з войскам, у пракуратуру быў строгі конкурс».

Суседку па парце затрымлівалі на акцыі пратэсту

Навіны пра тое, што Аліна займаецца абвінавачваньнямі ў палітычных справах, выклікалі шок сярод яе былых ліцэйскіх сяброў. Паразмаўляць зь ёй яны так і не паспрабавалі, кажа аднаклясьніца:

«Я скажу, што былі абмеркаваньні, што гэта трэба зрабіць. Гэта было ў чаце нашае клясы. Але ніхто нічога так і не зрабіў.

Калі ўпершыню ў чаце зьявілася паведамленьне пра тое, што Аліна — дзяржабвінаваўца, адна з аднаклясьніц спытала: „Што мы будзем з гэтым рабіць? Усе так і будуць маўчаць?“ Хтосьці адказаў накшталт: „А што тут можна сказаць?“ Аднаклясьнікі сказалі, што гэта асэнсаваны выбар, і наўрад ці мы штосьці можам зрабіць (...) Мне падаецца, што калі я зараз ёй напішу, то я не атрымаю ніякага адказу, ня кажучы пра тое, каб вывесьці чалавека на адкрытую шчырую размову. Проста разумею, што нічога не атрымаецца, таму ніхто ня будзе нават спрабаваць».

У лістападзе аднаклясьніцу Аліны, зь якой яна два гады сядзела за адной ліцэйскай партай, на 72 гадзіны затрымалі пасьля акцыі пратэсту.

«Калі яе затрымалі, у нас вельмі моцна аднавілася стасаваньне нашае клясы „ЎКантакце“. Пачалося абмеркаваньне, як мы можам дапамагчы, максымальнае абурэньне. Ад Аліны аніводнае рэплікі. Яна цяпер ніяк не камэнтуе, што адбываецца, хоць яна знаходзіцца ў чаце. Гэта абсурд. Гэта дзіка. Цяжка пра гэта ўсё гаварыць. Я лічыла Аліну добрым чалавекам».

Паводле былой прыяцелькі Аліны, яна закрыла доступ да сваіх старонак у сацсетках. Аднагрупнік з БДЭУ расказаў, што студэнты былі шакаваныя, калі даведаліся, чым займаецца Аліна Касьянчык:

«Ва ўсіх была нэгатыўная рэакцыя. Мяне гэта зьдзівіла, праўда. Усё ж такі Аліна была падобная да чалавека, які мае свой унутраны стандарт маральных прынцыпаў. І, як мне падавалася, гэта ня можа адпавядаць таму, што яна цяпер падтрымлівае».

І аднаклясьніца Аліны зь Ліцэю БДУ, і аднагрупнік з БДЭУ ўзгадваюць, што Аліна часта і шмат спрачалася, але ніколі не выказвала сваіх поглядаў наконт грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

«Ліцэй — гэта такая вялікая сям’я. Адчуваецца, што ў нас прыблізна аднолькавыя погляды на палітычнае жыцьцё, на сацыяльную сфэру. Таму што я ня мог чакаць, што чалавек, які вучыўся са мной на паралелі, будзе пракурорам і будзе абвінаваўцам у такіх гучных справах», — кажа выпускнік Ліцэю БДУ.

Улетку больш за 1200 выпускнікоў гэтай вучэльні падпісалі адкрыты зварот з патрабаваньнем свабодных выбараў. Выпускнікі БДЭУ актыўна абмяркоўвалі між сабой сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары й тэрор дзяржаўных органаў:

«Усе, хто пісаў у чаце — у іх пазыцыя адназначная. Адрозьніваюцца толькі адценьні таго, наколькі гэта ўсё чорнае, усе сыходзяцца, што гэта чорнае. Ці чытала яна? Я амаль упэўнены, што так. Ведаю, што ўсе, хто працуе цяпер у сыстэме, абыходзяць гэтыя тэмы, зь імі немагчыма гаварыць наконт таго, што адбываецца ў краіне».

«Шукае нагоду, каб выслужыцца»

Падчас судоў дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык, на думку экспэртаў, адзначалася жорсткасьцю і імпэтам пакараць нават у нязначных дэталях. Падчас працэсу за надпіс «Не забудзем» абвінавачваньне сьцьвярджала, што Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч нанесьлі шкоду «Гаррэмаўтадору» на суму 7,5 тысячы рублёў, а калі ўстанова адмовілася ад свайго пазову, то Аліна Касьянчык запатрабавала, каб суд пакараў прадпрыемства — за тое, што яно не паведаміла сьледзтву пра зьмену разьлікаў шкоды.

Выпускнік Ліцэю БДУ з паралелі ўпэўнены, што ўсе рашэньні прымае не Аліна:

«У мяне ад душы проста ўпэўненасьць, што гэта не яе рашэньне. Мне падаецца, дзесьці быў аказаны нейкі ціск. Гэта вельмі дзіўна. Чалавек, здаецца, звычайны, спакойны, наўрад ці яна адыгрываецца за нейкія дзіцячыя траўмы. Не, гэта не падобна.

Мне падаецца, гэта нейкі падыход сыстэмы да яе дзейнасьці. Калі б гэта было ейнае рашэньне наўпрост, яна, напэўна, не ігнаравала б людзей і не закрывалася ад іх. Ёй было б усё роўна, бо ў яе свая ўпэўненасьць, што яна ўсё робіць правільна. Я ня ўпэўнены, што яна ўпэўненая. Мне падаецца, яна дзесьці нават вінаваціць сябе за тое, што яна робіць».

Аднагрупнік Аліны Касьянчык з БДЭУ мяркуе, што яна проста карыстаецца сытуацыяй, каб хутка збудаваць сабе кар'еру:

«Зыходзячы з майго досьведу стасаваньня зь ёй, яна шукае нагоды каб выслужыцца. Яна знайшла для сябе шлях і вельмі актыўна па ім ідзе. Яна даволі мэтанакіраваная. Калі прыняць, што для яе нармальны такі маральна-этычны выбар, то ня бачу нічога дзіўнага ў яе імпэце».

Куратарам Аліны Касьянчык на разьмеркаваньні быў начальнік аддзелу грамадзкага абвінавачваньня Генпракуратуры Эльдар Сафараў, які звольніўся летась у кастрычніку. У камэнтары выданьню «Наша Ніва» абвінаваўца прызнаў, што яго сыход зьвязаны з падзеямі лета і восені. Аліна ўсьлед за ім не пайшла, і, паводле яе былых аднагрупнікаў з унівэрсытэту, яна ня бачыць праблемы ў тым, што яна робіць.

«Аліна не баялася праяўляць альтэрнатыўную думку ва ўнівэрсытэце. Незалежна ад таго, бачыла яна альтэрнатыўныя думкі ці не, яна перадусім арыентавалася на сваю думку», — дадае ейны аднагрупнік з БДЭУ.

Аднаклясьніца Аліны зь Ліцэю БДУ прызнае, што ня можа зразумець матывацыю свае былой прыяцелькі:

«Я ня ведаю, што яе так пакрыўдзіла. Калі за гэтыя 4-5 гадоў, што яна вучылася ва ўнівэрсытэце, хтосьці кардынальна залез ёй у галаву і проста ўсё там памяняў. Я Аліну не пазнаю, і я дагэтуль увогуле ня веру, што гэта яна. Калі я яе сустрэну ў жыцьці, мне падаецца, у мяне здарыцца гістэрыка, што гэта тая самая Аліна Касьянчык, зь якой я вучылася два гады. Я б у жыцьці не паверыла, што яна будзе гэтым займацца. Я сачу за ўсімі артыкуламі, дзе пра яе пішуць, я ўвогуле не разумею, кім яна стала. У мяне проста няма словаў. Чаму яна цяпер на гэтым месцы? У мяне толькі шок і ўнутраная крыўда».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(79)