Общество
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

Штогод у сярэднім 100 беларускіх наркаманаў паміраюць ад перадазіроўкі

Сёньня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі. У Беларусі ўжываюць наркотыкі альбо лечацца ад іх каля 10 тысяч чалавек, зь іх паўтары тысячы — жанчыны.. Наколькі эфэктыўна лечаць гэтую хваробу?

Партрэт беларускага наркамана: 20 гадоў, беспрацоўны, сярэдняя адукацыя, без сям’і. Сярэдняя доза наркотыка каштуе 25-30 даляраў. З-за трывалага недахопу грошай наркаманы рана ці позна становяцца на злачынны шлях. Цяпер у калёніях болей за 1300 нарказалежных.

Гэтымі дадзенымі падзяліліся галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук і адмысловец у справах лячэньня ад наркаманіі Алег Айсберг. Таксама яны распавялі пра навінку ў лячэньні наркаманаў — праз мэтадон. Гэты экспэрымэнт хутка пачнецца ў Гомелі.

Айсберг: “Мэтад дапамогі ў тым, што пацыентам выдаюць раствор мэтадону для ўнутранага ўжываньня, што зьніжае ў іх патрэбу ўводзіць сабе наркотык празь вену. Гэта для тых, хто патрабаваў іншыя мэтады, але не дапамагло”.

Максімчук: “Але ўся соль ў тым, што мэтадон сам ёсьць наркотыкам”.

Лячэньне мэтадонам ўжываюць ва ўсёй Эўропе, ў Кітаі, Іране. Паварот да гэткай практыкі, паводле нарколягаў, выводзіць Беларусь на перадавыя пазыцыі ў змаганьні з наркатычнай залежнасьцю. Але ці хочуць самі наркаманы вылечыцца ад сваёй хваробы?

Максіму 23 гады. Зь іх наркотыкі ужываў 6 гадоў. Паводле Максіма, наркаманія ў Беларусі значна памаладзела.

“Цяпер у Беларусі зь 15-16 гадоў пачынаюць ужываць наркотыкі. Я сам пачынаў з 15-ці. Наркотыкі дастаць ня больш складана, чым набыць малако. Зайдзіце у любы начны клюб. Колькі яго не правярае міліцыя, усё роўна заўсёды ёсьць наркотыкі. Яшчэ на рынку моладзь купляе мак, паводле адмысловай тэхналёгіі яго апрацоўваюць і колюцца. Гераін можна купіць лёгка. “Траву” паляць. Ва ўсіх раёнах Менску ёсьць маладзёны 15-ці гадоў, якія без наркотыкаў не ўяўляюць выходных”.

Некалькі гадоў таму Максіму ўдалося адмовіцца ад наркотыкаў, і цяпер ён сам дапамагае наркаманам пазбавіцца залежнасьці: супрацоўнічае з грамадзкай арганізацыяй “Маці супроць наркотыкаў”. Самому Максіму вылечыцца дапамаглі ня мэдыкі ці міліцыя, а сустрэча зь веруючымі людзьмі, вера ў Бога:

“Вера дапамагла захаваць духоўны стрыжань. Мне зараз ня трэба хлусіць, ня трэба красьці. А наркотык ёсьць наступствам грахоўнага жыцьця”.

Паводле дадзеных міліцыі, летась у Беларусі было зарэгістравана 5 тысяч злачынстваў, зьвязаных зь незаконным абаротам наркотыкаў. У злачынцаў канфіскавана амаль 800 кіляграм наркотыкаў. Гэта значна больш за паказчыкі ранейшых гадоў. Але ў міліцыі кажуць, што пакуль для Беларусі куды больш небясьпечны сурагатны алькаголь, а ўжо потым наркотыкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)