Прыгажуня дня
Марына Загорская, фота Уладзiмiра Багданава

Што за станцыя такая?

Гожыя паненкі жылі ў маёнтку Княгінін пана Козел-Паклеўскага. Дзеля шчасця бачыцца з імі штодзень інжынер, які адказваў за пабудову стратэгічнай чыгункі на ўчастку ад Полацка да Маладзечна, наважыўся на службовы падлог.
— На карце часоў першай сусветнай вайны чыгуначная станцыя Крывічы знаходзіцца на ўнушальнай адлегласці ад аднайменнага населенага пункта. Між тым Балагое-Полацка-Сядлецкая чыгунка ўзводзілася па замове ваеннага ведамства, і адпаведныя службы кантралявалі амаль кожны метр яе пабудовы, — расказвае вілейскі жыхар Анатоль Рогач (па спецыяльнасці ён энергетык, а па прызванні — краязнаўца). — Ад мясцовых жыхароў я пачуў гісторыю пра закаханага інжынера, які павінен быў узвесці вакзал у буйным мястэчку Крывічы, але, сцяміўшы, што па бездарожжы адтуль за 10 кіламетраў да паненак у Княгінін не наездзішся, на свой страх і рызыку распачаў будаўніцтва станцыі побач з іх маёнткам. Толькі назву, якая праходзіла па дакументацыі, зацверджанай самім царом, змяніць не асмеліўся.
Гэты выверт, відаць, сышоў інжынеру з рук, бо звестак пра выкрыццё ягонага падману не захавалася. Блытаніна ж скончылася ў 1920-я, калі палякі перайменавалі станцыю ў Княгінін.
Размова пра Балагое-Полацка-Сядлецкую чыгунку ўпершыню зайшла ў лютым 1901 года, калі прадстаўнікі французскага генеральнага штаба недвухсэнсоўна заявілі пра гатоўнасць фінансава дапамагчы Расіі ў гэтай справе. Ужо ў верасні Мікалай II падпісаў указ аб будаўніцтве чыгункі. Яе адразу ж падзялілі на дзве часткі і пачалі будаваць з розных бакоў. Тая ветка, што праходзіла праз Княгінін, называлася Полацка-Сядлецкай і мела працягласць каля 600 км.
У пералік сакрэтных аб’ектаў чыгункі трапілі не толькі масты, пуцеправоды, станцыі, але і пункты харчавання, шпіталі, лазні, стайні і нават пуні з сенам.
Вакзалы ўзводзілі па тыпавым праекце, але заўсёды ўпрыгожвалі ці то драўляным дэкорам, ці то шпілямі, ці то мансардамі.
— Па ступені аснашчанасці і стратэгічнай значнасці станцыі падзяляліся на тры класы, — расказвае дырэктар Музея гісторыі Беларускай чыгункі Уладзімір Шоба. — Вакзал у Княгініне не меў дэпо, таму хутчэй адносіўся да трэцяга класа. Хоць ніякіх дакументаў, якія б гэта пацвердзілі, у Беларусі няма.
Затое дакладна вядома, хто ўзначальваў будаўніцтва Полацка-Сядлецкай часткі чыгункі. Гэта быў Уладзімір Цімафееў-Рысоўскі — бацька знакамітага вучонага-генетыка, які стаў прататыпам героя рамана Данііла Граніна “Зубр”.
— Падчас будаўніцтва буйных аб’ектаў звычайнай справай было, калі здараўся перарасход грашовых сродкаў. Уладзімір Цімафееў-Рысоўскі, наадварот, сэканоміў больш за 12 мільёнаў рублёў — гэта больш за 15% ад выдзеленых па каштарысе фінансаў! — расказвае гісторык Андрэй Кіштымаў. — Выпадак беспрэцэдэнтны, асабліва на фоне пануючага ў тыя часы абуральнага казнакрадства!
…Цяпер у будынку вакзала ў Княгініне месцяцца каса, зала чакання, кабінеты дзяжурнага і начальніка. Буфет даўно закрылі. Другі паверх, дзе раней быў інтэрнат для чыгуначнікаў, цяпер пустуе. Штодзень станцыю мінаюць толькі тры дызелі і тры пасажырскія цягнікі. Два з іх не спыняюцца. Да Польшчы, як было пры цары, па гэтай ветцы ўжо не даехаць. Апошні пункт прызначэння — Ваўкавыск.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)