Лица

Што за прыгажуня сядзела ў першым шэрагу на пасланні Лукашэнкі?

Падчас трансляцыі паслання Лукашэнкі ў кадр траплялі не толькі сілавікі, дэпутаты і чыноўнікі, але і маладая прыгажуня, якая размясцілася ў першых шэрагах. Наша Ніва пацікавілася асобай дзяўчыны.

Прыгажуню завуць Кацярына Лайбіс.

Яна родам з Гомеля (дарэчы, побач з ёю сядзеў якраз адзін сумна вядомы гамяльчук), але жыве і вучыцца ў Мінску ў педуніверсітэце імя Танка.

У дзяўчыны незвычайная спецыяльнасць: яна спецыяліст па інклюзіўнай адукацыі, то-бок працуе з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця.

«Яна са школы была актывісткай, валанцёрам. Скончыла школу з залатым медалём і цяпер сумяшчае вучобу ва ўніверсітэце з працай у школе. Кацярына працуе т'ютарам у адной з мінскіх школ, дапамагае дзеткам, — распавяла «Нашай Ніве» мама дзяўчыны. — Акрамя таго, Каця актыўны ўдзельнік БРСМ, і заўсёды сустракала Лукашэнку, калі ён прыязджаў у Гомельскую вобласць. Яна і спявае, і здымаецца як мадэль, і актывістка, і фіналістка конкурса прыгажосці «Міс Беларусь-2018» — таму яе паўсюль і запрашаюць.

Сёлета яна была ў Александрыі, напрыклад. Карацей, дзе на масавых мерапрыемствах Аляксандр Рыгоравіч — там і Каця. Вельмі ганаруся дачушкай маёй!».

«Наша Ніва» звязалася і з самой Кацярынай Лайбіс, але дзяўчына не захацела дзяліцца ўражаннямі ад выступу Лукашэнкі.

«Усё ўжо распавяла «Советской Белоруссіі», прабачце. Чытайце там, усё там эксклюзіўна»,— адказала яна.

Але ж у тэлеграм-канале Нехта з’явілася інфармацыя ад нібыта знаёмых Каці: што дзяўчына была ў адпачынку і не хацела прысутнічаць на пасланні, але яе абавязалі ўдзельнічаць. Інакш нібыта будуць праблемы на працы.

Лайбіс гэта абвяргае: «Я чытала, гэта правакацыя і няпраўда. Для мяне гэта заўсёды прыемная прапанова».

Галасаваць дзяўчына таксама збіраецца за Лукашэнку.

«Канечне, галасаваць буду за Аляксандра Рыгоравіча. Бо за ім стабільнасць», — адказала Кацярына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(115)