Комментарии
Віктар Марціновіч, budzma.org

Што я ненавіджу ў менскіх кафэ

Так, я памятаю, што яшчэ дванаццаць гадоў назад на ўсім прамежку праспэкта ад Незалежнасьці да Кастрычніцкай было 4 кавярні (самай атмасфэрнай зьяўлялася, відавочна, «Валерыя» aka «Філінз»). Так, я разумею, што калі кафэшная культура ў горадзе паўстае за такі кароткі прамежак часу, хібы і недапрацовачкі непазьбежныя.

Але, ведаеце, ня трэба быць Габермасам, каб разумець простую сувязь паміж гарадзкой публічнасьцю і тым, дзе і як людзі бавяць вольны час за кавай. Таму прашу ўспрымаць гэты тэкст як енчаньне чалавека, які «зажраўся», «перасядзеў» у віленскіх кандытэрыях ды буланжэрыях. Спадзяюся, падсумаваньне ўсіх слабых месцаў менскіх кавярняў дапаможа ўладальнікам хутчэй ад іх пазбавіцца.

Вось сьпіс рэчаў, якія выводзяць у шал ва ўстановах харчаваньня сталіцы.

— Калі ў «элітных» (па цэньніку) рэстаранах сталы знаходзяцца ў сярэдзіне залі і ўвесь час нехта ходзіць паўз цябе, як на вакзале.

— Калі месцы ў інтэр’еры арганізаваныя адным блёкам, так, што сьпінка твайго крэсла (фатэлі?) зьяўляецца адначасова сьпінкай крэсла таго, хто сядзіць ззаду. Ці платнячком падпірае яго, так што твой кожны рух аддаецца і адчуваецца іншым чалавекам. Калі «напарнік» трапляе спакойны – добра. Але калі ззаду сядае зухаваты, зьнерваваны хлапчук, лепей проста плаціць і ісьці прэч, пакуль не пабіліся.

— Калі на донцы стакана з сокам ужо дапіўшы яго, бачыш сьляды напою, які нехта спажываў да цябе (часьцей за ўсё – ссохлую рэшту малака).

— Калі на ўскрайку прынесенай табе талерцы – тлустыя сьляды ад пальцаў: рукі повара ў алеі, ён паставіў талерку на дэск для афіцыянта, той проста перадаў яе табе, не зважаючы на тое, што талерка павінна быць прынамсі чыстай.

— Калі ў залі невыносна пахне кухняй. Людцы, вы патрацілі $70 тысяч на «эўрарэмонт», дык пачасаліся б набыць прамысловыя выцяжкі, што цалкам выдаляюць усе пахі з памяшканьняў. Пасьля асобных менскіх кавярняў, у тым ліку тых, што месьцяцца ў самым цэнтры, на К. Маркса, вопратка яшчэ некалькі дзён пахне згарэлай лазаньней. Асабліва цікава нюхаць гэты фэномэн у месцах, уладальнікамі якіх зьяўляюцца літоўцы – паспрабавалі б такое вырабіць у Вільні, паглядзелі б, што пра вас загаварылі б праз тыдзень.

— Калі ў рэстарацыі ў мэню ёсьць сушы, ты іх замаўляеш, іх табе прыносяць. Ты чакаеш прыбораў, зьяўляецца дзевачка, акая вінавата паведамляе, што «няма палачак, скончыліся» і замест кладзе нож і відэлец (рэальны выпадак, пры неабходнасьці магу назваць месца). Цікава, дарэчы, чаму відэлец, а не лыжка. Лыжкай жа таксама можна – ўзяў рол, зачарпнуў «падліўкі», праглынуў, падчапіў трохі васабі: у вёсцы елі б так.

Наогул, уся менская сушы-культура – асобная размова. Ад музыкі ў інтэр’ерах, да кітайскіх ліхтарыкаў і вясельных пажаданьняў, набытых на «Жданах», як аздабленьне для японскай рэстарацыі. Кітай, Японія – гэта ж побач, чо? Калі знаходзіш крабавую палачку замест крэвэткі ў макі, нават ужо не зьдзіўляесься. Для людзей што тунец, што курыная кілбаса – адна і тая ж Японія. Чырвоны імбір звычайна выглядае зьліплым камяком, чорны соўс прыносяць ўжо ў талерцы і г. д. – любы японалюб ведае. На гэтым тле радуюць асобныя кампаніі, якія дагэтуль трымаюць узровень, працуючы па дастаўцы, без памяшканьняў (мо, калі б яны зрабілі памяшканьне, я б іх тут не хваліў).

— Калі заля абсалютна пустая, але цябе прапануюць сесьці за барную стойку. Бо ты адзін, а раптам набяжыць натоўп есьці, піць і рваць баяны, а ты тут адзін цэлы столік заняў!

— Калі ты сядаеш за столік без таблічкі Reserved і табе паведамляюць, што ён зарэзэрваваны. Калі ён зарэзэрваваны, чаму не паклалі таблічкі?

— Калі ў пятніцу з трох часоў дня на ўсіх століках таблічкі Reserved пры тым, што час рэзэрвацыі звычайна пачынаецца зь 19-19.30. Мне падабаецца, як гэта робяць у кафэ «Амата» на Маркса: побач з абвесткай «Reserved” кладуць час, зь якога столік прыдзецца вызваліць. Тое ж самае голасам паведамляе адміністратар у Newscafe. Такая практыка падаецца прыязнай і зразумелай.

— Калі ты замовіў каву, а дзяўчынка-афіцыянт тупа і механістычна па чацьвёртаму разу прапануе табе «а дэсэрцік»? Каб хацеў дэсэрцік, я б замовіў дэсэрцік. Але ж калі прыйшоў пачытаць кніжку за кубачкам капучына, навошта табе той дэсэрцік?

— Калі ў прыбіральні няма гарачай вады. Вось можаце называць снобам, але для мяне гэта прынцыповы індыкатар адносінаў да кліента: шмат якія менскія кавярні месьцяцца не ў жылых дамах, а ў адміністратыўным фондзе. У такія будынкі часьцяком не падведзена гарачая вада, але ніхто не замінае ўладальнікам патраціць $ 50 на індывідуальны бойлер. Калі бойлеру няма – спрабуеш вымыць рукі з мылам, а холад прадзірае ажно да касьцей. Такая ж самая сумніўная эканомія – калі ў прыбіральні няма папяровых сурвэтак, каб выцерці рукі пасьля таго, як вымыў іх і прыходзіцца абтрахацца, як сабака пасьля дажджу. У сэнсе душэўнасьці клопату пра камфорт мыцьця рук не магу не згадаць «Ангельскую бабулю» – вось дзе дасканаласьць!

— Калі, прымаючы замову, афіцыянт не занатоўвае, і ты думаеш: во памяць у хлопца! Але ў выніку прыносяць зусім не тое, што ты прасіў.

— Калі замест аліўкавага масла ў салат наліта алея. Адчуваеш хутка ня толькі па смаку, але і па колеру – першае зеленаватае, другое ж прыкметна жоўтае.

— Калі, гатуючы кітайскую, віетнамскую, індыйскую ці тайскую кухню повар-беларус шчодра дадае солі. Соль амаль не выкарыстоўваецца на Ўсходзе, калі не верыце – пачытайце, як дасягаецца салёны смак знакамітага японскага соевага соўсу.

— Дагэтуль сустракаецца слова «экспрэссо» ў мэню. Адзін буйны банк зараз з годнасьцю рэклямуе аднайменныя крэдыты.

— Калі, атрымаўшы грошы па рахунку, не прыносяць рэшты. Прага «чаевых» – рэч зразумелая, але б хто калі навучыў беларускіх афіцыянтаў сусьветнай практыцы: ты разьлічваеш кліента, прыносіш яму рэшту, нават калі яна вельмі невялікая, пакідаеш тэчку на стале і толькі ў гэты момант кліент кладзе ўзнагароду. І ніяк інакш! «Прытрымліваючы» рэшту, ты можаш падмануць сам сабе, бо, хто ведае – раптам кліенту ўсё так спадабалася, што ён рыхтуе для цябе $ 50 узнагароды, а ты «зажаў» $ 4 і радуесься!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)