Што вядома пра затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азоту»

Шэсьць затрыманых работнікаў «Гродна Азоту» застаюцца пад вартай у СІЗА КДБ. Да некаторых здолеў трапіць адвакат, ім перадалі перадачы, піша Радыё Свабода.

Затрыманьні азотаўцаў ішлі з 19 па 23 верасьня. На 24 верасьня вядома, што пад вартай засталіся шэсьць былых і дзейных работнікаў «Гродна Азоту»:

  1. Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3»;
  2. Андрэй Пагярыла, былы сьлесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3»;
  3. Уладзімер Жураўка, былы апэратар ДПУ цэху «Аміяк-3»;
  4. Андрэй Башан, работнік цэху «Аміяк-3»;
  5. Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
  6. Вадзім Яфіменка, супрацоўнік «Хімвалакна».

Як паведаміла крыніца з «Гродна Азоту», усіх перавялі ў СІЗА КДБ. Цяпер заключаюць дамовы з адвакатамі, нехта пагадзіўся на дзяржаўнага абаронцу. Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошваньні. Сваякі паехалі ў Менск, каб перадаць затрыманым перадачы.

Сяргей Шэлест

Наколькі вядома, абвінавачаньняў яшчэ не прад’яўлялі. Прычына затрыманьня азотаўцаў невядомая.

Сяргей Шэлест, Андрэй Пагярыла, Аляксей Сідар

Чацьвёра з затрыманых працавалі ў «самым пратэставым» цэху прадпрыемства «Аміяк-3». Менавіта там найбольш работнікаў летась у кастрычніку адмовіліся заступаць на зьмену, каб вымусіць кіраўніцтва паступова спыніць вытворчасьць. Аднак гэтага не атрымалася.

Траіх звольнілі летась у лістападзе: Шэлеста, Пагярылу і Жураўку. Першыя двое спрабавалі аднавіцца на працы праз суд разам яшчэ з 11 калегамі, але прайгралі.

Пра Шэлеста і Пагярылу гарадзенцы пачулі, калі тыя год таму павесілі бел-чырвона-белы сьцяг на тэлевізійную вежу ў Горадні. За гэта адседзелі па 10 содняў.

Двое затрыманых, Цераневіч і Яфіменка, працавалі на заводзе «Хімвалакно», які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту», але займаецца іншай вытворчасьцю.

Яшчэ чатырох работнікаў «Азоту» выпусьцілі пасьля затрыманьня. Гэта Рыгор і Арцём Рубаны, Дзьмітры Ільюшчанка, Аляксей Сідар. Яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Адначасна з азотаўцамі затрымалі работнікаў БМЗ Аляксандра Гашнікава, Дзьмітрыя Елісеева і Сьвятлану Зыль (былая работніца), супрацоўнікаў Беларускай чыгункі Ганну Аблаб і Сяргея Дзюбу, работніка МТЗ Дзьмітрыя Колбіка. Амаль усе яны таксама ў «амэрыканцы», за выключэньнем Елісеева — ён у СІЗА Гомля, і Колбіка — ён на «Валадарцы».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1 (оценок:6)