Скандалы

Што вядома пра затрыманага з выбухоўкай берасьцейскага актывіста

Паплечнікі па пратэстах супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем перакананыя, што патроны і выбухоўку ў машыну Мазько падкінулі. Падрабязнасці ад Радыё Свабода.

Майсей Мазько, фота Радыё Свабода

Навіна пра затрыманьне аднаго з ініцыятараў мясцовага рэфэрэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем Майсея Мазько зьявілася ўвечары 2 красавіка. Машыну, у якой ехаў Мазько, спыніў патруль ДАІ. Майсею патлумачылі, што неабходна праверыць нумары рухавіка і кузава, а таксама агледзець салён.

Неўзабаве пасьля гэтага каля пасажырскага сядзеньня даішнікі знайшлі скрутак памерам 5 на 10 сантымэтраў. А ў ім — прадметы, падобныя да паляўнічых патронаў і выбухоўкі.

Зброю ў руках апошні раз трымаў у 1975 годзе

— Я быў на месцы, калі ўсё гэта адбывалася, — расказвае Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк. — Адразу прыехаў, калі даведаўся пра затрыманьне. Майсей расказаў мне, што супрацоўнікі ДАІ адразу запыталі ў яго, ці мае ён забароненыя рэчы ў аўтамабілі. Гэта само па сабе дзіўна.

Потым знайшлі гэты пакунак. Мазько кажа, што ня мае да яго дачыненьня. Расказаў, што зброю апошні раз трымаў у 1975 годзе на Кубе. Ён былы марак, трапіў на Кубу на караблі. Мясцовыя далі патрымаць аўтамат Калашнікава. Ніякай зброі ў Майсея ніколі не было, ён ня быў паляўнічым.

Фота spring96.org

Аўтамабіль, у якім знаходзіўся Майсей Мазько ў момант затрыманьня, яму не належыць. Гэта службовы транспарт, якім карыстаецца ня толькі Мазько (ён працуе заўгасам у праваслаўным манастыры).

Па словах берасьцейскіх актывістаў, за некалькі дзён да затрыманьня Майсей Мазько заўважыў, што за яго перамяшчэньнямі сочаць невядомыя.

— Мы не надалі гэтаму належнай увагі, шмат падзей было ў апошнія дні, — расказвае Раман Кісьляк. — Майсей расказаў, што заўважыў сачэньне. Аднак ніхто ня думаў, у што гэта можа выліцца.

Майсей — актыўны ўдзельнік пратэстаў ад самага пачатку. Яго подпіс стаіць пад большасьцю зваротаў наконт будаўніцтва акумулятарнага заводу. Ён ад самага пачатку прымае актыўны ўдзел ва ўсім, яшчэ пачынаючы са студзеня мінулага году.

Майсей разам з жонкай жыве ў Тэльмах, гэта зусім побач з будаўнічай пляцоўкай. У яго двое дарослых дзяцей, якія маюць свае ўласныя сем’і. Яны таксама пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця.

«У апошнія дні адчувалася трывожнасьць»

Раніцай 3 красавіка ў доме Майсея Мазько ў Тэльмах адбыўся вобшук. Падчас яго ніякіх забароненых прадметаў і рэчываў сьледчыя не знайшлі.

Пад Берасьцем Майсей Мазько жыве з 80-х гадоў. Нарадзіўся ён у Янаўскім раёне, а неўзабаве пасьля завяршэньня сваёй марской кар’еры перабраўся ў абласны цэнтар, дзе доўгі час працаваў будаўніком. Апошнія 15 гадоў — эканом Сьвята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра.

— Бацька ня мае ніякай зброі, гэта ня той тып чалавека, — сказаў Свабодзе Дзяніс, сын Майсея Мазько. — Ён ніколі ня меў справы са зброяй. Гэта ведаюць усе яго знаёмыя, яго сябры, абсалютна ўсе. Аўтамабіль службовы.

На думку Дзяніса Мазько, падзеі 2 красавіка наўпрост зьвязаныя з грамадзкай актыўнасьцю бацькі і яго ўдзелам у кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

— Ведаеце, апошнімі днямі адчувалася нейкая трывожнасьць, — кажа Дзяніс Мазько. — Не адзін чалавек згадваў, што ёсьць сачэньне. Потым, скажам так, часта заўважалі патрульную машыну міліцэйскую, на дадатак да звычайнага паста ДАІ. Быў пах сытуацыі, так скажам.

Удзел у кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу стаў для Майсея Мазько першай грамадзкай актыўнасьцю. Ён ня быў раней зьвязаны зь недзяржаўнымі арганізацыямі ці апазыцыйнымі палітычнымі партыямі. Родныя пакуль ня маюць кантакту з затрыманым. Раніцай 3 красавіка ў Майсея Мазько зьявіўся адвакат.

— У бацькі ёсьць адвакат, ён ужо працуе, — кажа Дзяніс. — Мы пакуль не адчуваем іншага ціску, сачэньня за сабой. Верагодна, ёсьць праслухоўваньне тэлефонаў. Іншага пакуль не заўважылі нічога.

Па стане на 3 красавіка ў дачыненьні да Майсея Мазько заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу. Мазько зарыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Праводзяцца працэсуальна-сьледчыя дзеяньні. Артыкул, па якім падазраюць Майсея Мазько, прадугледжвае пакараньне ад двух гадоў папраўчых прац да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(12)