Што вядома пра сям’ю і бацькоў новага міністра абароны
Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня прызначыў генерал-маёра Віктара Хрэніна міністрам абароны. Да гэтага Хрэнін быў камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, штаб якога знаходзіцца ў Гродне.
Віктар Хрэнін. Фота grodnonews.by
Калі караценька прайсціся па біяграфіі Віктара Хрэніна, то нарадзіўся ён у 1971 годзе ў Навагрудку Гродзенскай вобласці. У 1988 годзе скончыў Усурыйскае сувораўскае вучылішча, у 1992 — Омскае вышэйшае агульнавайсковое каманднае вучылішча імя Фрунзэ. У 2005 — Вайсковую акадэмію Беларусі.
Службу праходзіў на самых розных пасадах. У 2014 годзе стаў намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандвання, у 2015 — стаў камандуючым.
«Наша Ніва» знайшла некаторыя цікавыя звесткі пра асабістае жыццё і сям’ю новага міністра абароны.
Бацькі Віктара Хрэніна жывуць у Гродне. Пераехалі са сваёй прасторнай трохпакаёвай кватэры на вуліцы Янкі Купалы ў сціплейшую, каб у большай магла жыць дачка з сям’ёй.
Генадзь Іванавіч Хрэнін — бацька міністра — таксама ў мінулым вайсковец, палкоўнік запасу. Ён сам родам з Пензенскай вобласці Расіі, але з двух гадоў жыве ў Беларусі. Ягоны бацька — Іван — таксама ў мінулым вайсковец, старшы лейтэнант.
— Бацьку ў 1946 годзе адправілі ў запас па стане здароўя, то ён і вырашыў перабрацца ў Навагрудак. Там ужо да гэтага служыў ягоны брат. І сёстры ўсе пераехалі. Так атрымалася, што ўсе Хрэніны знайшлі сябе ў Навагрудку, — кажа Генадзь Іванавіч.
Мы спыталіся, кім ён сёння сябе лічыць: рускім ці беларусам? «Ну якім рускім? Я тут жыву з двух гадоў. Канечне, беларус», — кажа спадар Генадзь.
Віктар Хрэнін, ягоны дзед Васіль Барысаў і бацька Генадзь Хрэнін
Бабуля Віктара Хрэніна, Варвара Міхайлаўна Барысава, разам з мужам таксама жывуць у Гродне. Жанчыне ўжо 92 гады, столькі ж яе мужу Васілю Антонавічу Барысаву — ветэрану Другой сусветнай.
Варвара Міхайлаўна не чула яшчэ, што ўнук стаў міністрам.
— Божа ж мой, гэта што, трэба ехаць у Мінск жыць? Ён жа будзе ад мяне хаваць, бо я буду плакаць. Ён да нас прыязджае часта: можа, вам што купіць, што дапамагчы, адрамантаваў дзверы нам. «Бабуля, дзядуля, вы задаволеныя?» Мамачкі мае святыя, святы Божа, святая Тройца, памілуй яго. І радасць за яго, і хваляванне — усё разам.
Дзед міністра родам з Жукаўкі Бранскай вобласці Расіі, у Беларусі апынуўся пасля вайны.
— Я медсястрой была, а ён у шпіталь Навагрудскага раёна трапіў. Рука ў яго ўся перабітая была, боўталася. Я паглядзела, дзе ўжо добры чалавек, пяшчотны. Сказаў, што не паеду назад — хачу, каб ты была маёй жонкай, — расказвае бабуля Віктара Хрэніна пра знаёмства з мужам.
Потым Васіль Антонавіч скончыў харчовы інстытут у Маскве, але жыць вярнуўся ў Беларусь да жонкі.
Васілю Барысаву 92 гады, ён ветэран Другой сусветнай. Фота grodnonews.by
Варвара Міхайлаўна кажа, што была супраць таго, каб яе дачка Раіса выходзіла замуж за Віктара Хрэніна.
— Яна ў мяне вышэйшую адукацыю атрымала — эканаміст, разумнічка. Я хацела ёй пару больш годную, нешта лепшае. Хацела, каб адукацыя ў яго была не горшай за даччыну. І маці Хрэніна была супраць, але ён не адстаў. Сказаў, «не». Калі адчуваў, што я наступлю ім на мазоль, то забраў Раісу і паехаў на Поўнач.
Сама Варвара Міхайлаўна родам з мястэчка Турэц Карэліцкага раёна.
— Я Віцю казала: нашто табе быць Хрэніным? Бярэ маё прозвішча — яно найлепшае ў свеце. Ён засмяяўся на гэта: бабуля, нам нельга так рабіць, я застануся Хрэніным. А маё прозвішча Бразоўская, мы са шляхты.
Калі бацька міністра абраў шлях вайскоўца, то яго панасіла па Савецкім Саюзе. «Віця на Прыморскім краі ў школу хадзіў, а ўжо на Чукотцы восем класаў заканчваў».
Генадзь Іванавіч Хрэнін праслужыў 14,5 года на Далёкім Усходзе Расіі, з іх 3,5 года ў вайсковым гарадку «Анадыр-1» на Чукотцы. На гэтай базе захоўвалася ядзерная зброя.
— Нікуды там за плот не выйдзеш, нікуды іх не выпускалі. А выпусціш, толькі сонца свеціць, а праз паўгадзіны такая пурга, што нічога не бачна, — успамінае мужчына, яму 75 гадоў.
Злева направа: Віктар Хрэнін, Васіль Барысаў і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў на Кургане Славы. Фота veteranygrodno.grsu.by
— Тады быў такі час. Цяпер ужо далей за Мінск не пашлюць служыць, — смяецца Генадзь Хрэнін. — Віця ж усё жыццё са мной па вайсковых часцях. Бачыў усё, што адбываецца на службе. Так і сам захацеў стаць вайскоўцам. Я кажу: будзеш добра вучыцца — станеш. Ён восем класаў скончыў без троек, і сам паляцеў з Чукоткі паступаць ва Усурыйск. Там па-іншаму ніяк, толькі самалётам, другога транспарту няма, — расказвае бацька міністра.
Пытаемся, ці цяжка было служыць на Чукотцы. «Ну чаму адразу цяжка? Іншым разам халаднавата, а так нармальна», — зноў смяецца спадар Генадзь.
Варвара Міхайлаўна кажа, што вельмі хвалявалася за дачку, калі тая паехала на Поўнач. «Яна мне пісала ў лістах, што аднойчы ледзьве вылезла са снегу, моцна плакала, амаль што загінула там у снезе».
Генадзь Хрэнін прызнаецца, што заўсёды марыў вярнуцца ў Беларусь. «Я з Чукоткі пісаў у Маскву лісты, камандванню. Пісаў, цытую: «Мяжа мараў — горад Гродна». Я тады не думаў, што нехта нашы лісты ў Маскве чытае».
У Беларусь ён вярнуўся ў 1987, яшчэ да развалу СССР. Сам будучы міністр на Радзіму вярнуўся адразу пасля Омскага вучылішча, у 1992 годзе.
Што тычыцца Генадзя Хрэніна, то ён прызнаецца, што ніколі не хацеў памяняць прозвішча. «Нават жонка з Барысавых стала Хрэнінай», — гаворыць ёй.
Жонка міністра Наталля Хрэніна працуе доктарам, яна загадчыца фізіятэрапеўтычнага аддзялення ў 1134 Вайсковым медыцынскім клінічным цэнтры.
У пары ёсць адна дачка Марына. У 2015 годзе яна скончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цяпер працуе ў адным з гродзенскіх банкаў. Замужам, дзяцей пакуль не мае.Таксама ў міністра ёсць малодшая сястра Кацярына. У іх дзесяць гадоў розніцы з братам. Яна скончыла тэхнікум бізнэсу і права ў Гродне, працуе ў «Беларусбанку». Там жа працуе і яе муж Віктар Васілевіч, ён начальнік аддзела па працы з персаналам.
Читайте еще
Избранное