Общество

Што вядома пра судьдзю, якая пакарала журналістак «Белсату» 2 гадамі зьняволеньня

Раней Натальля Бугук адзначылася прысудамі ў іншых палітычных справах. Ніводнага апраўдальнага выраку яна ня вынесла, піша Белсат.

Судзьдзя Натальля Бугук. Фота: Вадзім Заміроўскі, БелаПАН

Паводле праваабаронцаў, Натальля Бугук з 9 жніўня яна пакарала звыш 50 чалавек: 610 днямі арышту і штрафамі на агульную суму больш за 10 000 рублёў (375 базавых велічыняў). У Бугук перадапошняя, чацьвёртая, кваліфікацыйная кляса судзьдзі, якую ёй прысвоіў Лукашэнка ў траўні 2019-га.

15 дзён арышту для гіда за экскурсію па Менску

Аксану Манкевіч затрымалі 31 студзеня ў Менску падчас экскурсіі ў гістарычным цэнтры. Разам зь ёй узялі і ўдзельнікаў шпацыру па горадзе. 1 лютага Наталля Бугук праз скайп асудзіла экскурсаводку на 15 дзён пазбаўлення волі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Жанчына сябе вінаватай не прызнала.

15 дзён арышту для лекара

1 лютага 15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі атрымаў эндаваскулярны хірург 10-й ГКБ Сяргей Броўка. Мэдыка затрымалі 29 студзеня. Прэс-служба МУС паведамляла, што 31-гадовы мужчына – адміністратар тэлеграм-чатаў Фрунзэнскага раёну («Жудро-суседзі») і Менскага раёну («Тарасава»).

Ведамства назвала яго арганізатарам раённых маршаў. Міліцыя апублікавала відэа ператрусу ў кватэры доктара: знайшлі бел-чырвона-белыя сцягі і нацыянальную сімволіку. Сяргей Броўка расказаў, што пасля выбараў пачаў браць удзел у мітынгах і раённых маршах.

15 сутак для дачкі эканаміста Вадзіма Іосуба

Натальлю Іосуб затрымалі ў нядзелю 31 студзеня. 1 лютага судзьдзя Натальля Бугук пакарала маладую дзяўчыну 15-дзённым арыштам. Эканаміст Вадзім Іосуб расказаў «Белсату», што папраўдзе ягоная дачка ня брала ўдзелу ў акцыях.

Разам з сваймі сябрамі яна была ў Палацы мастацтваў. І калі моладзь выйшла з музэю ды пераходзіла дарогу, спыніўся бус, зь якога выскачылі невядомыя і схапілі іх.

Арышт музыкаў

Натальля Бугук была адной з трох судзьдзяў, якая прысудзіла арышт музыкам. 11 лістапада саліст гурту «НагУаль» Леанід Паўлёнак, а таксама Андрусь Такінданг і яшчэ два ўдзельнікі гурта «Рэха» Ігар Асідчанка і Канстанцін Лісецкі атрымалі ад яе і ейных каляжанак з цэху Юліі Блізнюк і Алы Скуратовіч па 15 сутак.

Музыкаў затрымалі 7 лістапада пасля дваровага канцэрту ў Каменнай Горцы ў Менску. Іх прызналі вінаватымі ў «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых акцыяў» ды кінулі за краты толькі за тое, што яны гралі для людзей. Андрэй Такінданг расказваў, што ў турме іх зневажалі і абражалі.

3 гады хіміі для інжынэра-праграміста

Сцяпана Чыкілёва, якога 15 лістапада збіў мікрааўтобус з АМАПам, прызналі вінаватым у зламысным хуліганстве. Праграміста вінавацілі ў тым, што ён нібыта пашкодзіў аўтамабіль сілавікоў, «кідаючы камяні». Відэа затрымання паказвае, што бус збіў 34-гадовага IT-спэцыяліста, а потым з аўта выскачылі людзі ў чорным і зацягнулі туды мужчыну. Пры гэтым сілавікі жорстка пабілі Сцяпана, ён трапіў у шпіталь.

– Накінулі мне куртку на галаву, каб нічога ня бачыў. Зацягнулі ў аўтобус. Супрацоўнік націснуў каленам на грудзі так, што цяжка было дыхаць. Потым наносілі ўдары па заднім баку шыі, тыкалі шокерам у спіну. Гэта было без прычыны – у той момант я стаяў на каленях, – расказаў Сьцяпан у судзе.

Натальля Бугук ня стала слухаць ягоных паказаньняў і прызнала Сцяпана Чыкілёва вінаватым, прысудзіўшы 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(161)