Што вядома пра чалавека, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці

35-гадовы мінчук Павел Банькоўскі падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Яго адвезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр, у яго больш за 50% апёкаў.

Фота з Укантакце

Што гэта за чалавек? Cацыяльныя сеткі Паўла абнаўляліся нячаста, на старонцы «Укантакце» некалькі рэпостаў з «Нашай Нівы» і «Радыё Свабода» за 2015 год. Некаторыя каменты пісаў па-руску, некаторыя па-беларуску.

Шмат здымкаў з сям'ёй — з жонкай, дзецьмі. На моры, у лесе, на шашлыках…

«Наша Ніва» пагаварыла з Кацярынай Банькоўскай. Як аказалася, былой жонкай.

— Я не разумею, што адбываецца, зараз паеду ў бальніцу. Але там мне сказалі, што дакументаў пры ім не было, — кажа жанчына.

Яна яшчэ трохі спадзяецца, што гэта памылка. Але калі спаліў сябе сапраўды яе былы муж, то што магло быць прычынай?

Сябры мінчука, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці: Быў у «Зубры», меў рыцарскі псеўданім Лютувер

— Апошнім часам у яго быў цяжкі перыяд. Мы ў разводзе са жніўня — не па палітычных прычынах. Усё гэта яшчэ магло здарыцца таму, што ён перажываў, што сям’ю падводзіць. Бо п’е і не можа справіцца з гэтым. Але чаму ён пайшоў на плошчу — я не разумею ўвогуле.

Павел працаваў кіроўцам. Апошнім часам, па словах былой жонкі, жыў то ў сяброў, то ў сваёй маці, то яшчэ недзе.

— З мамай Паўла я гаварыла — яна таксама нічога не ведае, — кажа жанчына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(6)