Што трэба ведаць пра затрыманых уладамі блогераў

За кратамі ўжо шэсьць беларускіх блогераў. Большасьць зь іх абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў, піша Радыё Свабода.

Зьлева направа: Ігар Лосік, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Андрэеў, Сяргей Пятрухін, Уладзімер Няронскі

Пасьля 29 траўня, калі арыштавалі Сяргея Ціханоўскага, за кратамі апынуліся яшчэ пяць беларускіх блогераў. Гэта Ўладзімер Цыгановіч, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Ігар Лосік, Уладзімер Няронскі і Аляксандар Андрэеў. Амаль усе яны абвінавачваюцца паводле крымінальных артыкулаў і, імаверна, прабудуць за кратамі працяглы тэрмін.

Паўмільённая аўдыторыя

Сяргей Ціханоўскі

Найбольшая аўдыторыя ў Сяргея Ціханоўскага. Ягоны блог «Страна для жизни» на YouTube не абнаўляецца ўжо месяц. Апошні ролік быў зьняты акурат на выбарчым пікеце ў Горадні. Там разам зь Ціханоўскім за краты трапілі яшчэ 9 чалавек зь ягонай каманды. У тым ліку апэратары.

На 29 чэрвеня канал Ціханоўскага Страна для жизни мае 242 тысячы падпісчыкаў. За тры дні да затрыманьня ў інтэрвію Свабодзе Сяргей Ціханоўскі расказваў, што яго аўдыторыя павялічвалася на 3-4 тысячы падпісчыкаў за дзень. Пры гэтым некаторыя відэа блогера набіралі праглядаў удвая больш за колькасьць падпісчыкаў.

Тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» не спыніў дзейнасьць, нягледзячы на арышт свайго адміністратара Ігара Лосіка. На ім 172 тысячы падпісчыкаў.

Канал мае «люстэркі» ў іншых сацсетках, якія таксама спраўна абнаўляюцца. Аўдыторыя ў «Твітары», напрыклад, больш за 174 тысячы чалавек.

Блог Народный репортёр на YouTube вядуць Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Абодва атрымалі вядомасьць дзякуючы ўдзелу ў берасьцейскім «акумулятарным» пратэсьце, але тэма іх ролікаў гэтым не абмяжоўваецца. Колькасьць падпісчыкаў — 51 тысяча чалавек. Асобныя відэа набіралі і 100, і 150 тысяч праглядаў. Пасьля арышту Кабанава і Пятрухіна канал перастаў абнаўляцца.

Канал MozgON Уладзімера Цыгановіча мае звыш 76 тысяч падпісчыкаў. Не абнаўляецца ўжо два тыдні, з моманту затрыманьня аўтара. Колькасьць праглядаў ролікаў вагаецца ад 20 да 200 тысяч. У асноўным яны прысьвечаны выбарам і дзеяньням праваахоўнікаў.

Тэлеграм-канал «Орша для жизни», якім займаецца арыштаваны 28 чэрвеня Аляксандар Андрэеў, мае крыху больш за 600 падпісчыкаў.

Арыштавалі таксама аўтара канала на YouTube Слуцк для жизни Ўладзімера Няронскага. Няронскага затрымалі яшчэ 6 траўня, цяпер ён у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Вядома, што яго абвінавачваюць адразу паводле некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Праваабаронцы мяркуюць, што яго справа зьвязаная з той, у якой праходзяць іншыя паплечнікі Сяргея Ціханоўскага. За каналам Няронскага сочаць 13 тысяч чалавек.

Агулам у арыштаваных блогераў больш за 500 тысяч падпісчыкаў. Для параўнаньня: афіцыйны канал БТ на YouTube АТН: навіны Беларусі і сьвету мае 118 тысяч падпісчыкаў. Удвая менш, чым у Сяргея Ціханоўскага.

Да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Трымаюць у СІЗА на Валадарскага і ІЧУ на Акрэсьціна

Большасьць з затрыманых блогераў абвінавачваюць альбо падазраюць паводле часткі 1 артыкулу 342 КК Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У першай частцы прапісана, што адказнасьць чакае тых, што займаўся «арганізацыяй групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаны зь яўным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэньне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях пры адсутнасьці прыкмет больш цяжкага злачынства».

Згодна з тым жа артыкулам, за злачынствы, прадугледжаныя ў ім, асобу можа чакаць штраф альбо арышт і абмежаваньне волі тэрмінам да трох гадоў. У асабліва цяжкіх выпадках — пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Амаль усіх арыштаваных блогераў утрымліваюць у Менску. Ціханоўскі, Кабанаў, Пятрухін і Цыгановіч знаходзяцца ў СІЗА № 1 на Валадарцы. Ігар Лосік — у ЦІП на завулку Акрэсьціна. Уладзімера Няронскага са Слуцку таксама перавезьлі ў Менск, але родныя пакуль ня ведаюць, куды дакладна. Пра сьледчыя дзеяньні з удзелам арыштаваных блогераў афіцыйна нічога невядома. Іх адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.9 (оценок:42)