Политика

Што такое рэзэрвовы фонд Лукашэнкі і навошта ён патрэбен

Карэспандэнт Радыё Свабода Алесь Пілецкі – пра грошы прэзiдэнта. Тлумачыць, адкуль у прэзыдэнцкім фондзе мільёны і якія яшчэ фонды зьвязаны з пасадай кіраўніка краіны.

26 ліпеня на Нацыянальным прававым партале была апублікаваная новая рэдакцыя закону «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Шэраг сайтаў празь некалькі дзён пасьля гэтага выйшлі з гучнымі загалоўкамі пра тое, што цяпер аўтары твораў 25% свайго прыбытку павінны аддаваць у фонд прэзыдэнта. Гэтую навіну абверглі ўжо празь некалькі дзён.

Насамрэч пералічваць сродкі павінны вытворцы носьбітаў інфармацыі альбо тыя, хто іх імпартуе ў Беларусь. Зьбіраць грошы будзе Беларускае таварыства аўтараў, і яны сапраўды трапяць у прэзыдэнцкі фонд. Свабода нагадвае, што гэта за інстытуцыя.

Папраўдзе прэзыдэнцкіх фондаў у Беларусі некалькі

Пад словамі «прэзыдэнцкі фонд» у Беларусі часта разумеюць так званы «Рэзэрвовы фонд прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Менавіта пад такой назвай ён фігуруе ў законе «Аб гадавым бюджэце».

Акрамя гэтага, існуюць асобныя так званыя спэцыяльныя фонды прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, Спэцыяльны фонд прэзыдэнта для сацыяльнай падтрымкі адоранай моладзі і студэнтаў, альбо Спэцыяльны фонд прэзыдэнта для падтрымкі культуры і мастацтва. Менавіта гэты фонд налета пачне зьбіраць грошы з вытворцаў і імпартэраў носьбітаў інфармацыі.

Аднак асноўным можна лічыць усё ж Рэзэрвовы фонд прэзыдэнта Беларусі. Ён адзіны, чый дакладны памер штогод прапісваецца ў бюджэце краіны.

Куды ідуць сродкі з прэзыдэнцкіх фондаў?

Афіцыйна яны выкарыстоўваюцца на падтрымку таленавітай моладзі (у тым ліку навукоўцаў і спартоўцаў, праз прэзыдэнцкія стыпэндыі) і на іншыя не прадугледжаныя бюджэтам выдаткі.

Напрыклад, у 2017 годзе з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва прафінансавалі рэстаўрацыю Калоскай царквы ў Горадні. Усяго тады на аднаўленьне помнікаў гісторыі і культуры выдзелілі амаль 370 тысяч рублёў; акрамя Каложы, грошы пайшлі на кансэрвацыю замка ў Крэве і захаваньне фрэсак у Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку.

Год таму ўжо з Рэзэрвовага фонду кіраўніка краіны выдзелілі 77 мільёнаў рублёў на падрыхтоўку інфраструктуры для правядзеньня Эўрагульняў. Акрамя добраўпарадкаваньня спартовых аб’ектаў, гэтыя грошы пайшлі на рамонт менскіх студэнцкіх інтэрнатаў, дзе падчас спаборніцтваў расьсялялі атлетаў.

Таксама за кошт сродкаў прэзыдэнцкага фонду фінансавалі будаўніцтва інфраструктуры для Астравецкай АЭС, падвышэньне заробкаў бюджэтнікам, будаўніцтва дзіцячых садкоў і аздараўленьне сырыйскіх дзяцей у беларускіх лягерах.

Сродкамі з рэзэрвовага фонду прэзыдэнта распараджаецца асабіста кіраўнік краіны, запыт на гэтыя грошы можа таксама падаваць Савет Міністраў.

Ці ёсьць у Беларусі яшчэ фонды, акрамя прэзыдэнцкіх?

Вядома. Самы вялікі — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Туды ваш працадаўца штомесяц адлічвае прыкладна 33% ад атрыманага вамі на рукі заробку. Са сродкаў гэтага фонду беларусам плацяць пэнсіі, стыпэндыі, выплаты на пэрыяд дэкрэтнага водпуску, а таксама «пахавальныя» грошы ды іншыя гарантаваныя Канстытуцыяй сацыяльныя выплаты.

Акрамя Фонду сацабароны, ёсьць і драбнейшыя. Напрыклад, фонд фінансаваньня выдаткаў, зьвязаных са стыхійнымі бедзтвамі, аварыямі і катастрофамі.

Колькі грошай у прэзыдэнцкім фондзе?

Афіцыйна на пачатак 2019 году ў Рэзэрвовым фондзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь было крыху менш за 210 мільёнаў рублёў. Такая лічба пазначана ў дзяржаўным бюджэце. Гэта істотна менш, чым год таму. У 2018 годзе памер рэзэрвовага фонду прэзыдэнта дасягнуў 1,2 мільярда рублёў. Прыкладна столькі ж грошай, колькі цяпер, у прэзыдэнцкім фондзе было ў перадвыбарчым 2009 годзе. Тады яго памер, згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, складаў 115 мільёнаў даляраў.

Пры гэтым не заўсёды «прэзыдэнцкія» грошы расходуюцца цалкам. Напрыклад, у 2017 годзе з закладзеных у бюджэт 126 мільёнаў рублёў змаглі патраціць толькі 67.

Навошта нам асобны фонд прэзыдэнта, калі ён і так напаўняецца зь бюджэту?

— Гэта найперш палітыка, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. — Каб нейкая канкрэтная фінансавая дапамога асацыявалася зь імем прэзыдэнта. У нас людзі перакананыя, што ім пэнсіі плаціць асабіста Лукашэнка. Няма ніякіх эканамічных падставаў трымаць сродкі ў асобным фондзе. Гэта такая прыватная кішэня палітыка, ня больш за тое. У ідэале такіх фондаў увогуле не павінна быць. І фонд прэзыдэнта — гэта толькі вяршыня айсбэрга. У кожнага кіраўніка вобласьці і раёну ёсьць свой інавацыйны фонд, які ён таксама выкарыстоўвае для сваіх патрэбаў.

На думку Раманчука, існаваньне ў Беларусі фондаў рознага ўзроўню стварае добрую глебу для карупцыі і разнастайных злоўжываньняў. Сачыць за тым, як разьмяркоўваюцца сродкі з фондаў, вельмі складана.

— Мы можам толькі здагадвацца, як выдаткоўваюцца адтуль грошы. А таксама — наколькі эфэктыўна яны выдаткоўваюцца. Гэта закрытая інфармацыя, яе можна атрымаць толькі тады, калі зьвесткі зьяўляюцца на сайце прэзыдэнта.

Па словах экспэрта, падобная сыстэма выкарыстаньня фондаў, створаных за кошт дзяржаўнага бюджэту, існуе ў шэрагу постсавецкіх краін. У тым ліку ў Расеі і ва Ўкраіне. А вось для краін заходняга сьвету гэта зусім не характэрна. Выкарыстаньне бюджэтных сродкаў там, як правіла, цалкам празрыстае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)