Общество

Што такое «прэс-хата», пра якую перад спробай самагубства казаў Сьцяпан Латыпаў

«Прэс-хатай» у сьледчых ізалятарах палохаюць тых, хто не супрацоўнічае са сьледзтвам ці адмаўляецца даваць прызнальныя паказаньні, — кажа Радыё Свабода праваабаронца і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны. Ён правёў у зьняволеньні 6,5 года.

Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны на волі, 19 лютага 2021 году. Фота Courtesy

У такіх камэрах, кажа ён, спэцыяльна навучаныя супрацоўнікі спэцслужбаў і сілавых структур чыняць зьдзекі і катаваньні. Такая камэра, паводле яго, ёсьць у кожным СІЗА. Гэта памяшканьне памерам блізкім да 4Х6 мэтраў. Яно цалкам гукаізаляванае, з гукапаглынальным пакрыцьцём сьцен, з падвойнымі ўваходнымі дзьвярыма.

«Прэс-хаты» часам замяняюць звычайнымі камэрамі, дзе ўключаюць гучную музыку, каб не чуваць было катаваных.

На думку Жамчужнага, існаваньне «прэс-хат» юрыдычна абгрунтаванае дакумэнтамі для службовага карыстаньня, і яны маюць сакрэтны статус. Ён кажа, што такія памяшканьні забароненыя міжнародным заканадаўствам.

Жамчужны дадае, што пагрозу «прэс-хатай», як і любую пагрозу, чалавек у зьняволеньні ўспрымае надзвычай абвострана. Стан такога чалавека, кажа Жамчужны, залежыць ад таго, наколькі ён устойлівы да пагрозаў, мае моцную волю.

Па ягоных словах, у некаторых толькі адна згадка пра «прэс-хату» выклікае паніку і страх, але некаторыя зьняволеныя вытрымліваюць выпрабаваньні «прэс-хатай».

Міхаіл Жамчужны адзначае, што зьняволеныя, каб ня трапіць у «прэс-хату», часам наносяць сабе цялесныя пашкоджаньні, каб пайшла кроў. Калі зьяўляецца адкрытая рана, то нявольніка мусяць шпіталізаваць, і ніякіх катаваньняў у такім выпадку ня будзе.

— Такія законы ў няволі, — кажа Жамчужны.

— Я часта быў сьведкам таго, як асуджаныя ці абвінавачаныя ўскрываліся проста на прагоне (у калідоры) перад дзьвярыма «прэс-хаты», — кажа ён. — Гэта распаўсюджаная зьява, і гэта адна з формаў абароны нявольніка ад беззаконьня з боку сілавых структураў.

Политзаключенный Степан Латыпов попытался в суде перерезать себе горло. Его увезли без сознания