Политика

Што сказаў пра будучыню Беларусі украінскі міністр журналістам не пад запіс

Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка лічыць, што Беларусь чакаюць цяжкія часы.

— Пару гадоў таму я размаўляў зь некалькімі беларускімі журналістамі, і калі не пад запіс сказаў ім, што, калі яны хочуць застацца незалежнымі, іх чакае з Расеяй тая ж вайна, тыя ж цяжкасьці і тыя ж пакуты, што маем мы, яны мне не паверылі, — сказаў Вадзім Прыстайка чэскаму выданьню Respekt (пераклад – Радыё Свабода). —Цяпер мо менш сумняваюцца.

Журналіст перапытаў украінскага міністра, калі такое можа адбыцца. Прыстайка адказаў, што перадусім хацеў бы памыляцца ў такім прагнозе.

— Беларусы спакойныя і трывучыя, — разважаў міністар. — Але і мы былі спакойнымі і трывучымі людзьмі — трываеш да моманту, пакуль цябе не пачнуць забіваць. Тады таксама пачынаеш забіваць. Хоць другі мацнейшы, што табе застаецца?

Прыстайка адзначыў: і Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што беларускім салдатам давядзецца ваяваць. Украінскі міністар назваў два варыянты дзеяньняў у выпадку нападу Расеі:

— З дапамогай замежных партнэраў будзьце разумнымі і спакойнымі — і прайграйце. Або пачніце змагацца проста зараз.